У турме забаронена займацца ёгай?

Мікалай Дзядок

Цэнзура не прапусьціла некалькі лістоў ад жонкі і бацькі, адрасаваных палітвязьню Мікалаю Дзядку.
Да таго, вярнулася кніжная бандэроль, у якой былі кнігі і дапаможнікі па занятках ёгай, якія прасіў даслаць Мікола. Пра гэта распавяла ягоная жонка Валерыя Хоціна. А сама яна зь нецярпеньнем чакае 3 сакавіка, каб пачаць «зваротны адлік» —роўна год застанецца да сканчэньня тэрміну ў Мікалая Дзядка, які быў асуджаны на чатыры з паловай гады пазбаўленьня волі:

«3 сакавіка праз год Мікола павінен ужо выйсьці на волю. Мы не спадзяемся ўжо даўно на нейкае датэрміновае вызваленьне, і я проста ўзгадваю, як было ў першыя 3 месяцы, у першы год — гэта настолькі было цяжка. А зараз тэрмін усё менш і менш. Кожны дзень ты разумееш, што набліжаецца і набліжаецца гэта дата.

Зь іншых навінаў — напісаў, што пару лістоў не прапусьціла цэнзура, ён не атрымаў ад мяне і ад бацькі. Піша, што працягваецца ў яго праблема з зубамі. Піша, што адзін зуб нядаўна залячыў, але многа зубоў патрабуюць яшчэ лячэньня. Ну і два зуба ў яго ўжо вырвалі».

____________________________________________________--

Мікалай Дзядок асуджаны па ч.2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства) да 4,5 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Рашэньнем суду ад 5 сьнежня 2012 г. умовы адбыцьця пакараньня былі зьмененыя на больш жорсткія, палітвязень быў пераведзены са шклоўскай калёніі № 17 у турму № 4 Магілёва.