Беларусь усьлед за Расеяй забараніла ўкраінскае сала

Беларусь сьледам за Расеяй увяла часовыя абмежаваньні на ўвоз прадукцыі сьвінагадоўлі і жывых сьвіней з Украіны на сваю тэрыторыю.
Такое рашэньне прыняў дэпартамэнт вэтэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі.

Таксама касуюцца ўсе раней выдадзеныя дазволы на ўвоз гэтых тавараў на тэрыторыю Беларусі з Украіны, перадае Інтэрфакс.

У дакумэнце тлумачыцца, што Дзяржаўная вэтэрынарная і фітасанітарная службы Ўкраіны ў адпаведнасьці зь лістом ад 2 лютага 2014 году «прыпыніла сэртыфікацыю жывых сьвіней і прадукцыі сьвінагадоўлі ў Расею, а Беларусь знаходзіцца ў адзінай мытнай прасторы зь ёй».

Згодна з інфармацыяй расейскага ведамства, прыпыненьне сэртыфікацыі закранула ўсе ўкраінскія кампаніі-вытворцы прадуктаў сьвінагадоўлі. Раней плянавалася спыніць увоз толькі з тэрыторыяў Луганскай, Харкаўскай і Данецкай абласьцей. Прычынай назвалі выяўленьне афрыканскай чумы сьвіней у Луганскай вобласьці.