Турчынаў: Перамяшчэньні расейскіх войскаў у Крыме будуць агрэсіяй

Выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Ўкраіны, старшыня ўкраінскай Вярхоўнай Рады Аляксандар Турчынаў заявіў, што перасоўваньне вайскоўцаў Чарнаморскага флёту Расеі па-за межамі, вызначанымі пагадненьнем, будзе расцэньвацца Ўкраінай як «ваенная агрэсія».
Пра гэта Турчынаў заявіў на пасяджэньні Вярхоўнай Рады Ўкраіны.

«Я зьвяртаюся да вайсковых кіраўнікоў расейскага Чарнаморскага флёту, які базуецца на тэрыторыі Ўкраіны, з патрабаваньнем — усе вайскоўцы павінны знаходзіцца ў межах тэрыторыі, якія вызначаныя падпісаным пагадненьнем. Любыя перамяшчэньні вайскоўцаў, тым больш са зброяй, за межамі тэрыторыі будуць ацэнены намі як ваенная агрэсія».

Ён адзначыў, што Ўкраіна зьвяртаецца да расейскага кіраўніцтва з напамінам, што Расейская Фэдэрацыя зьяўляецца гарантам тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны.

Турчынаў даручыў сілавым структурам прыняць усе неабходныя меры ў Крыме. Ён заклікаў усіх грамадзян захоўваць спакой, а патрыётаў — абараняць будынкі органаў улады па ўсёй краіне.

У ноч на 27 лютага каля паўсотні добра ўзброеных чалавек захапілі будынкі Вярхоўнай Рады і Кабінэта міністраў Аўтаномнай рэспублікі Крым. Цяпер адміністрацыйныя будынкі блякуе міліцыя, у цэнтры Сімфэропаля не езьдзіць грамадзкі транспарт, школьнікі атрымалі незаплянаваны выхадны, не працуюць дзяржустановы.

Перамовы прэм’ер — міністра Крыма з нападнікамі завяршыліся безвынікова.