Ужо сёньня, 24 лютага: вяртаньне алімпійцаў і сьвятарскі футбол

Падзеі дня ў Беларусі, сьвеце, у гісторыі.
ПАДЗЕІ ДНЯ:

На радзіму вяртаецца беларуская алімпійская дэлегацыя. Тыя, хто заваяваў мэдалі, і іх трэнэры будуць вяртацца прэзыдэнцкім самалётам, а ўсе астатнія – рэйсам Сочы-Менск.

У Берасьці ў офісе Аб'яднанай грамадзянскай партыі адбудзецца прэзэнтацыя кнігі лідэра партыі Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды». Пачатак а 12-й гадзіне. А дзьве гадзіны пазьней актывісты партыі плянуюць правесьці пікет на вуліцы Савецкай на знак салідарнасьці з расейскім тэлеканалам «Дождь», а таксама каб пратэставаць супраць адсутнасьці свабоды слова ў Беларусі.

У Лідзе на Гарадзеншчыне пачнецца чэмпіянат Эўропы па міні-футболе сярод сьвятароў. У ім возьмуць удзел каманды з 14 краін: Беларусі, Аўстрыі, Альбаніі, Босьніі і Герцагавіны, Вугоршчыны, Казахстану, Польшчы, Партугаліі, Румыніі, Славаччыны, Славеніі, Украіны, Харватыі і Чарнагорыі.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:

У 1582 Папа Рыгор ХІІІ выдаў булу аб пераходзе зь юліянскага календара на новы каляндар, які пазьней атрымаў назву грыгарыянскага. Паводле булы, новы каляндар уступіў у дзеяньне 4 кастрычніка 1582, пасьля чаго наступіў адразу дзень 15 кастрычніка 1582 (папа «падагнаў» юліянскі каляндар на 10 дзён уперад). Каляндарная рэформа Папы Рыгора ХІІІ задумвалася перш за ўсё дзеля сынхранізацыі юліянскага календара з сонечным – за 1600 гадоў існаваньня юліянскага календара дата веснавога раўнадзенства, якое адыгрывае важную ролю ў вызначэньні Велікоднага сьвята (пасхаліі), у часы Папы Рыгора ХІІІ перасунулася з 21 сакавіка на 11 сакавіка. Сёньняшняя розьніца паміж юліянскім календаром, якім карыстаюцца ў большасьці праваслаўных цэркваў на сьвеце, і грыгарыянскім календаром раўняецца ня 10, а 13 дзён (тры далейшыя дні дадаліся, бо паводле папскай булы гады 1700, 1800 і 1900 не былі высакоснымі, гэта значыць, яны былі карацейшыя на адзін дзень ад гадоў у юліянскім календары).

У 1935 у Гарадку Ўшацкага раёну нарадзіўся Рыгор Барадулін, адзін з самых чытаных беларускіх паэтаў.

У гэты дзень таксама нарадзіліся:

1786 – Вільгельм Грым, нямецкі казачнік, малодшы брат Якаба Грыма.

1807 – Генры Лангфэла, амэрыканскі паэт і перакладчык.

1955 – Стывэн Джобс, заснавальнік кампаніі «Apple Computer».

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

Дзень кожны на зямлі, як сьвята.
Разьмеркавана ўсё ў жыцьці.
Вадзе – цячы, журбе – расьці
І валунам маўчаць зацята.
А мы яшчэ жывыя цені
Наіўныя ў сваім трымценьні.

Рыгор Барадулін