Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.
ПАДЗЕІ ДНЯ
У Беларускім тэатры «Лялька» ў Віцебску (вул. Пушкіна, 2) пакажуць спэктакль «Тук-тук! Хто там?», у якім маленькім гледачам прапануецца сустрэча з даўно вядомымі героямі казкі «Воўк і сямёра казьлянят». Пачатак аб 11.00.
Якім колерам аддавалі перавагу продкі сучасных беларусаў? Як і чаму менавіта гэтыя колеры зрабіліся «нашымі»? Як праяўляюцца ўзаемасувязі паміж колерам і нашай культурай, колерам і рэлігіяй, колерам і нашай мэнтальнасьцю? Як увогуле можна працаваць з колерам, называючы яго «нацыянальным маркерам»? Адказаць на гэтыя пытаньні паспрабуе ў віцебскім Цэнтры рамёстваў «Задзьвіньне» (вул. Чайкоўскага, 3) дызайнэр Міхал Анемпадыстаў. Пачатак а 18.00.
22 лютага – перадапошні дзень спаборніцтваў на алімпіядзе ў Сочы. Сярод іншага, будуць спаборнічаць хакеісты ў матчы за бронзавы мэдаль ды горныя лыжнікі ў мужчынскім слаламе.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1848 – у Парыжы пачалася рэвалюцыя, якая скінула манархію і ўстанавіла Другую францускую рэспубліку.
1948 – камуністы прыйшлі да ўлады ў Чэхаславаччыне.
1958 – Сырыя і Эгіпэт утварылі Аб’яднаную арабскую рэспубліку, якая праіснавала да 1961 году.
У гэты дзень нарадзіліся:
1732 – Джордж Вашынгтон, першы прэзыдэнт ЗША.
1788 – Артур Шапэнгаўэр, нямецкі філёзаф.
1883 – Станіслаў Булак-Балаховіч, беларускі вайсковы дзяяч.
1889 – Мікола Байкоў, беларускі мовазнаўца і пэдагог.
У гэты дзень памерлі:
1913 – Фэрдынанд дэ Сасюр, швэйцарскі лінгвіст.
1987 – Эндзі Ўорхал, амэрыканскі мастак, прадстаўнік поп-арту.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:
«Большасьць людзей замест таго, каб імкнуцца да дабра, прагне шчасьця, бляску і даўгавечнасьці; яны падобныя да тых дурных актораў, якія жадаюць заўсёды іграць вялікія, бліскучыя і высакародныя ролі, не разумеючы, што важна ня тое, што і колькі граць, а як іграць».
«Пакута – умова дзейнасьці генія. Вы мяркуеце, што Шэксьпір і Гётэ тварылі б ці Плятон філязофстваваў бы, а Кант крытыкаваў бы розум, калі б яны знайшлі задавальненьне і дастатак ў рэальным сьвеце, які іх акружае, і калі б ім было ў ім добра, і іх жаданьні выконваліся б?»
Артур Шапэнгаўэр