У Бабруйску пісалі Быкава з думкамі пра Ўкраіну

Вольга Піманава

20 лютага ў Бабруйску пачалі адзначаць Міжнародны дзень роднай мовы з напісаньня дыктоўкі. Пісалі ўрывак з апавяданьня Васіля Быкава «На чорных лядах».
Пасьля дыктоўкі яе ўдзельнікі хвілінай маўчаньня ўшанавалі памяць загіблых ва Украіне.

Як паведаміла карэспандэнту Свабоды арганізатарка Вольга Піманава, дыктоўку на сядзібе гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі пісалі два дзясяткі чалавек. Сярод іх была і бабуля палітвязьня Яўгена Васьковіча. Вольга Піманава адзначыла, што Тамара Ўладзімераўна ня першы раз піша дыктант.

Для дыктоўкі апавяданьне «На чорных лядах», паводле арганізатаркі, выбранае дзеля таго, што сёлета будзе адзначацца 90 гадоў ад нараджэньня Васіля Быкава. Неўзабаве і гадавіна БНР.

Бабруйцы пішуць дыктоўку


«Гэта тое, чаго нам беларусам сёньня не хапае. Героі твору пайшлі на сьмерць дзеля незалежнасьці і вольнасьці Беларусі. Яны хацелі быць грамадзянамі вольнай Беларусі і загінулі за гэта», кажа Вольга Піманава.

Пераможцы дыктоўкі


Шасьцёра ўдзельнікаў дыктоўкі напісалі яе лепш за ўсіх. Яны атрымалі граматы і падарункі. Пасьля ўзнагароджаньня адбылася віктарына па творчасьці Васіля Быкава.

Удзельнікі дыктоўкі сфатаграфаваліся з нацыянальнымі сьцягамі Ўкраіны і Беларусі


Здымкі Вольгі Піманавай.