Януковіч мае сысьці — Крэймэр

Прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч страціў легітымнасьць і павінен сысьці ў адстаўку. Пра гэта заявіў прэзыдэнт праваабарончай арганізацыі Freedom House з ЗША Дэвід Крэймэр у інтэрвію Радыё Свабода.

Паводле яго слоў, легітымныя дэмакратычныя лідэры не аддаюць загадаў атрадам спэцпрызначэньня нападаць на дэманстрантаў, якія хочуць адкрытай улады.

Зараз, сказаў Крэймер, жыцьцёва важна, каб Злучаныя Штаты Амэрыкі і Эўрапейскі зьвяз наклалі на вінаватых візавыя і фінансавыя санкцыі, каб паскорыць істотныя палітычныя зьмены ва Ўкраіне:

«На гэта яны павінны былі пайсьці ўжо даўно».

У заяве з асуджэньнем эскаляцыі сьмяротнага гвалту ў Кіеве асабліва зьвернутая ўвага, што ў працяглым супрацьстаяньні паміж дэманстрантамі, якія выступаюць за дэмакратыю, і ўладай асабліва шмат ахвяр склалі журналісты ва ўмовах, калі супрацоўнікі сродкаў інфармацыі становяцца ахвярамі мэтанакіраваных дзеяньняў сілавікоў.