Бойкі, выбухі, страляніна. Забурэньні ў цэнтры Кіева

Падзеі ў Кіеве, 18 лютага 2014

Пад будынкам парлямэнту ў супрацьстаяньні міліцыі і мітынгоўцаў у ход пайшлі пэтарды і дубінкі. Трыбуна ў самой Вярхоўнай Радзе заблякаваная.

САЧЫЦЕ ЗА ПАДЗЕЯМІ Ў ЖЫВЫМ БЛОГУ



У раёне Вярхоўнай Рады мітынгоўцы прарвалі міліцэйскі кардон. Пра гэта перадае Інтэрфакс-Украіна.

На скрыжаваньні каля Вярхоўнай Рады некалькі ўдзельнікаў мітынгу забраліся ў аўтамабілі, якія былі перашкодай на іх шляху, і выціснулі адтуль байцоў унутраных войскаў.



На дадзены момант мітынгоўцы пераадолелі аўтамабілі і прарвалі ачапленьне вайскоўцаў унутраных войскаў. З боку ўнутраных войскаў каля Вярхоўнай Рады падцягнуўся «Беркут». Чуваць выбухі пэтардаў, у ход пайшлі дубінкі.

Бой у парку ля будынку Вярхоўнай Рады




Мітынгоўцы завялі аўтамабіль, які перакрываў праезд вуліцы Грушэўскага, і ад’ехалі, вызваліўшы праезную частку. На праезнай часткі застаюцца яшчэ 2 аўтамабілі.

Мітынгоўцы паступова праходзяць за агароджу і спрабуюць разблякаваць вуліцу Грушэўскага.

На вуліцы Шаўкавічнай у Кіеве сілавікі пачалі ўжываць сьвятлошумавыя гранаты, яны маюць пры сабе стрэльбы. Ёсьць параненыя.

Тым часам парлямэнцкая апазыцыя ў Вярхоўнай Радзе блякуе трыбуну, патрабуючы ўключыць у парадак дня пытаньне аб аднаўленьні дзеяньня Канстытуцыі 2004 году.

Забурэньні ў Кіеве. 18 лютага 2014



Пацярпеў фотакарэспандэнт агенцтва Reuters


Падчас сутыкненьняў паміж мітынгоўцамі і міліцыянтамі ў Кіеве пацярпеў фотакарэспандэнт агенцтва Reuters.

Як перадае УНІАН, паводле папярэдніх дадзеных, у грудзі яму трапіла святлошумавая граната, якая разарвала вопратку.

Пацярпелага адвялі да аўтамабіля хуткай мэдыцынскай дапамогі.

Раней пад Радай дзьве жанчыны атрымалі раненьні гумовымі кулямі.

Мітынгоўцы каля Вярхоўнай Рады каля 2 тысяч. Яны кідаюць камяні ў бок праваахоўнікаў, у адказ міліцыянты страляюць святлошумавымі гранатамі. Супраць мітынгоўцаў быў выкарыстаны сьлезацечны газ.

Мітынгоўцы рушылі ў наступ на калёну міліцыі. У адказ міліцыя пачала страляць.

Падчас сутычак быў запалены грузавы аўтамабіль, які перакрывае рух па вуліцы Шаўкавічнай у бок Вярхоўнай Рады Ўкраіны.

Аўтамабіль палае побач з жылым домам. Вуліца Шаўкавічная зацягнута чорным дымам.