Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.
ПАДЗЕІ ДНЯ
У крэатыўнай прасторы «ЦЭХ» (пр. Незалежнасьці, 58, корп. 6) адбудзецца прэзэнтацыя беларускай вэрсіі новай кнігі Сьвятланы Алексіевіч «Час Second-Hand. Канец чырвонага чалавека» з удзелам аўтаркі. Арганізатары: ГА «Саюз беларускіх пісьменьнікаў», Кнігарня «ЛогвінаЎ» і крэатыўная прастора «ЦЭХ». Кніга выйшла ў выдавецтве «Логвінаў» у сэрыі «Кнігарня пісьменьніка». Пачатак імпрэзы а 18.00.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1386 – вялікі князь літоўскі Ягайла ажаніўся зь Ядвігай, спадкаеміцай польскага каралеўскага трону.
У гэты дзень нарадзіліся:
1893 – Максім Гарэцкі, беларускі пісьменьнік і навуковец.
1922 – Міхаіл Савіцкі, народны мастак Беларусі, жывапісец, пэдагог.
1946 – Надзея Артымовіч, беларуская паэтка зь Беласточчыны.
1954 – Джон Траволта, амэрыканскі актор, рэжысэр.
У гэты дзень памерлі:
1546 – Марцін Лютэр, нямецкі рэфарматар царквы.
1564 – Мікелянджэлё, італьянскі скульптар, жывапісец, архітэктар, паэт, прадстаўнік мастацтва эпохі Адраджэньня.
1979 – Юрка Гаўрук, беларускі перакладчык, крытык, паэт і рэжысэр.
1995 – Заір Азгур, беларускі скульптар, народны мастак Беларусі.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:
Пытаньне: быць альбо ня быць? Што лепей,
Што разумней: альбо цярпець удары,
Каменьні, стрэлы яраснага лёсу,
Альбо узброіцца на мора крыўд
I зьнішчыць іх змаганьнем. Сьмерць і сон —
Адно і тое ж; і сказаць, што сном
Канчаюцца туга, і боль, і крыўды,
I тысячы пакут, што чалавеку
Дала прырода ў дар, – такі канец
Сустрэў бы з радасьцю. Сьмерць – сон, заснуць,
Заснуць і марыць. Так. Але пытаньне:
Якія мары поўняць сон сьмяротны,
Калі пакінеш гэты шумны сьвет? –
Вось што трымае нас, вось дзе прычына
Таго, што гора гэтак даўгавечна.
Бо хто цярпеў бы злыя зьдзекі часу,
Прымус тыранаў і зьнявагу гордых,
Самотны стогн разьбітага каханьня,
Марудны суд, чыноўнікаў нахабнасьць,
Пляўкі на галаву заслузе скромнай,
Каб мог нас вызваліць ад усяго
Удар кінжалам? Хто б валок ярмо,
Пацеў бы, ныючы ў нудзе жыцьцёвай?
Але мы ўсё ж баімся паміраць;
Таемны край, адкуль няма звароту,
Пужае нас, і воля наша слабне,
I мірымся мы з нашаю нядоляй:
Хто ведае, што нас чакае там?
Уільям Шэксьпір, маналёг Гамлета (пераклад Юркі Гаўрука)