СупэрЦупер і біятляністкі высокай вартасьці

Ала Цупер

Алімпійскія спаборніцтвы ў Сочы наблізіліся да свайго экватару. Беларускія функцыянэры, не аднойчы апёкшыся на прагнозах, упершыню не ставілі перад спартоўцамі задач-максымум, сьціпла спадзеючыся прынамсі на паўтарэньне выніку Ванкувэру-2010. Але яшчэ на палове дыстанцыі былі пераўзыдзеныя нават самыя сьмелыя чаканьні. Што адметна, пакуль перамогу Беларусі куюць выключна жанчыны.

Кульмінацыяй Алімпіяды-2014 стаў дзень Сьвятога Валянціна 14 лютага — адразу тры мэдалі, два зь якіх — вышэйшай вартасьці. Прычым, пакуль заўзятары прыходзілі ў сябе пасьля трыюмфу біятляністак Дар’і Домрачавай і Надзеі Скардзіны, зусім незаўважна чарговае золата для зборнай Беларусі прынесла фрыстайлістка Ала Цупер. Прынамсі праграмкі спаборніцтваў не давалі інфармацыі, што тры фінальныя спробы лыжныя акрабаты будуць выконваць цягам аднаго дня. Дый штатныя і самадзейныя прагназісты калі каму і аддавалі ўзнагароды, то фрыстайлістам-мужчынам.

Тым больш важкі посьпех 34-гадовай нараджэнкі ўкраінскага Роўна, які так годна падсумоўвае яе працяглую спартовую кар’еру. Дарэчы, у складзе каманды Беларусі Цупер прыехала ўжо на чацьвёртую па ліку зімовую Алімпіяду, а пачыналася ўсё ў далёкім 1998 годзе ў Нагана, калі яна дэбютавала за Ўкраіну і адразу заняла высокае пятае месца. Чатыры гады таму, пасьля алімпійскага Ванкувэру, Ала Цупер зьбіралася завершыць спартовую кар’еры, але ў 2012 нарадзіла дачку і вырашыла паспытаць шчасьця апошні раз. Як аказалася — мела рацыю на ўсе 100%.

У панядзелак 17-га лютага ў барацьбу за мэдалі ўступаюць чатыры беларускія мужчыны-фрыстайлісты, якія яшчэ ніводнага разу не вярталіся з белых гульняў без узнагародаў. А гэта значыць, Аляксей Грышын, Антон Кушнір, Дзьмітрый Дашчынскі і Дзяніс Восіпаў яшчэ могуць папоўніць мэдалёвую скарбонку зборнай.

Дзякуючы беспрэцэдэнтным па сваёй вартасьці мэдалёвым «ураджаі», Беларусь імкліва ўклінілася ў алімпійскую эліту, абыйшоўшы такіх грандаў, як Кітай, Расея, Францыя, Вялікая Брытанія, Швэцыя, Італія і г.д. Дагэтуль абсалютным рэкордам выступаў на зімовых Алімпіядах быў Ванкувэр узору 2010 году, адкуль быў прывезены поўны набор — золата, срэбра і бронза. На экватары Сочы-2014 плян ужо перавыкананы: чатыры ўзнагароды, прычым тры — вышэйшай вартасьці. Усяго на п’едэстал уздымаліся прадстаўнікі 26 краінаў.

15 лютага беларускі ўдзел у Сочы будзе прадстаўлены сьціпла: на трасе супэргіганта выступіць гарналыжніца Марыя Шканава, а ў спаборніцтвах па шорт-трэку жаночы забег на 1500 мэтраў, куды трапіла Вольга Талаева. Апроч таго, працягнуцца групавыя матчы па хакеі, турнір па кёрлінгу, эстафэта ў лыжных гонках, скачкі з трампліну і хуткасны бег на каньках.