Вянок памяці: Гаўрыла Вашчанка

Гаўрыла Вашчанка, фота Дзяніса Раманюка

14 лютага пасьля цяжкай і працяглай хваробы памёр народны мастак Беларусі Гаўрыла Вашчанка. Ён пакінуў гэты сьвет на 86-м годзе жыцьця.
Ён нарадзіўся на Гомельшчыне 20 чэрвеня 1928 году. Скончыўшы Львоўскі інстытут прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва, прыехаў у Менск, дзе адразу і на ўсё жыцьцё злучыў у сваім лёсе пэдагагічную, творчую і грамадзянскую іпастасі. Ягоныя вучні, карціны і ідэі разьехаліся па ўсім сьвеце. Але бальшыня твораў і выхаванцаў патрыятычнага мастака-пэдагога засталася ўсё ж тут. Прыгадвае мастак, дудар і дасьледчык беларускай культуры Тодар Кашкурэвіч:

Арлен Кашкурэвіч

«Ён быў тым сівым шызым арлом, пад крылом якога мы маглі разьвівацца. Менавіта манумэнтальнае аддзяленьне было тым аазісам, дзе дазваляліся свабоды, дзе студэнты маглі дазволіць сабе разьвівацца ў розных формах фармальна. І гэта менавіта дзякуючы яму, нашаму прафэсару і кіраўніку катэдры. Безумоўна, ён чалавек вельмі патрыятычных поглядаў, чалавек, каторы стварыў цэлую плынь мастакоў, якія былі выхаваныя ў патрыятычным падыходзе да культурнай спадчыны і сваёй рэалізацыі ў мастацтве».

Аўтар станковых і манумэнтальных твораў пра гераізм савецкага народа ў гады Айчыннай вайны, пасьляваеннае жыцьцё беларусаў, Вашчанка стаў вядомы па ўсёй тагачаснай краіне перш за ўсё глыбокім філязофскім зьместам, перададзеным ляканічнымі выяўленчымі сродкамі. Сапраўдную ж славу яму прынесьлі партрэты пісьменьнікаў, асьветнікаў, дзяржаўна-палітычных дзеячаў Беларусі — Янкі Купалы, Якуба Коласа, Эўфрасіньні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Канстанціна Астроскага, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага. Але асабісты творчы посьпех ён заўсёды ставіў пад сумнеў. Распавядае ягоны былы вучань, намесьнік старшыні Беларускага саюзу мастакоў Леанід Хобатаў:

«Столькі было ўражаньняў ад таго, што ён пытаўся ў вучня, як я стаўлюся да пытаньняў вельмі складаных па сваёй пастаноўцы. Гэта прафэсійныя пытаньні, дзе я мог вольна сказаць нейкія свае нават прапановы ці сумненьні наконт таго ці іншага твора. І вельмі для мяне было адказна зрабіць сваю заўвагу, наіўную, можа. І да апошняга дня заўсёды пытаўся: «Як ты, Леанід, адносісься да таго, што ў мяне атрымалася?»

Гаўрыла Вашчанка, фота Дзяніса Раманюка



Для пісьменьніка Віктара Карамазава на палотнах Вашчанкі было больш, чым можна ўбачыць. Ён напісаў пра майстра аповесьць і шмат навэлаў па ягоных творах.

Віктар Карамазаў

«Таямніца яго творчасьці і яго карцін была, як я потым думаў і вырашыў, у тым, што яны мне расказвалі болей, чым было на палатне. Дакладней, адчуваеш болей, чым ёсьць».

Мастацтвазнаўца Тацяна Гаранская так і не наважылася пісаць пра творчасьць Гаўрылы Вашчанкі пры жыцьці. Сёньня яна прамаўляе ненапісанае:

«Такія асобы на зямлі беларускай, як Вашчанка, як Кулік, як Янкоўскі, як Кашкурэвіч — гэта як Гімалаі беларускай культуры, беларускай гісторыі. І калі ты жывеш зь імі ў культурнай прасторы, цябе гэта трымае, табе гэта дае стымул працаваць і верыць, што Беларусь адновіцца».

Гаўрыла Вашчанка, фота Дзяніса Раманюка



Разьвітаньне з Гаўрылам Вашчанкам пройдзе 15 лютага ад 11 да 14 гадзіны ў Палацы мастацтва. Пахаваюць народнага мастака на Ўсходніх могілках Менску.


фота Дзяніса Раманюка