Маці біятляніста Новікава: Ня ўсе ж такія, як Б’ёрндален

Сяргей Новікаў

Пасьля «разгрузачнага» дня на Алімпіядзе ў Сочы аднаўляюць выступы беларускія спартоўцы.
На пачатку праграмы — лыжны забег клясычным стылем у жанчын, а ўвечары — індывідуальная гонка ў біятляністаў. Заўзятыя аптымісты перадусім чакаюць паўтарэньня подзьвігу ад Сяргея Новікава, які чатыры гады таму ў канадзкім Ванкувэры ўчыніў сэнсацыю, узьняўшыся на другую прыступку п’едэсталу.

Сяргей Новікаў стартуе ў сваёй улюбёнай дысцыпліне — індывідуальнай гонцы на 20 кілямэтраў, якая на папярэдніх гульнях зрабіла яго вядомым на ўвесь сьвет. Тады на фінішы беларус паказаў аднолькавы час з «каралём біятлёну» Оле Эйнарам Б’ёрндаленам з Нарвэгіі, і арганізатарам нічога не заставалася, як уручыць два срэбныя мэдалі.

Ці здолее 35-гадовы ўраджэнец Чавусаў ператварыць сэнсацыю ў заканамернасьць? Прынамсі ягоны нарвэскі калега, які адсьвяткаваў 40-гадовы юбілей, давёў, што ўзрост рэкордам не перашкода. Зрэшты, родныя Новікава ня надта спадзяюцца на цуд. Ірына Іванаўна, маці Сяргея, кажа, што разам з астатнімі сваякамі перажываць будуць, але завышаных мэтаў ня ставяць:

«Заўзець, вядома, будзем, але, на жаль, нічога ў яго не атрымліваецца. Так, на мінулай Алімпіядзе таксама не асабліва спадзяваліся, толькі там крыху ўмовы былі іншыя. А тут — высакагор’е, жах, якія горы ды павароты. Бачылі ж, як ён упаў? Не-не, нічога не прагназуем. Хоць будзем і нэрвавацца, і перажываць за яго. Як ужо атрымаецца — паглядзім, але хвалявацца, зразумела, будзем, гэта ж наш сын...»

Карэспандэнт: «Сяргей абвясьціў, што для яго гэта апошні сэзон, са спортам будзе разьвітвацца. Як успрынялі такое рашэньне?»

«Мы пра гэта ўжо ведалі, ён нам сказаў. Лічыць, што ўжо застары — бачыце, як цяпер маладыя бегаюць, 25-гадовыя? Хай маладая зьмена ім ідзе. Але пакуль нічога ня ведаю — запросяць яго куды трэнэрам ці якім асыстэнтам, ці нешта іншае будзе шукаць? Пакуль без паняцьця, як і што складзецца».

Карэспандэнт: «Б’ёрндален, зь якім Сяргей падзяліў другое месца ў Ванкувэры, даказаў, што ўзрост — умоўнасьць...»

«Так, гэта ўнікальны спартовец. Але ж ня ўсе такія — як Б’ёрндален, Свэндсан, іншыя нарвэжцы, якія моцна загартаваныя і фізычна, і псыхалягічна, і адпачатку маюць схільнасьць да біятлёну. А ў нас, паглядзіце, ужо ў лютым сьнег растае, вясна сапраўдная на двары. Прынамсі, у Чавусах сьнегу амаль няма, толькі сям-там яшчэ крыху ляжыць»

Зь іншых прадстаўнікоў Беларусі на трасу выйдуць Уладзімер Чапелін, Яўген Абраменка і Аляксандар Дарожка. Дагэтуль ніхто зь іх не адзначаўся на міжнародных спаборніцтвах. Але раптам хтосьці «стрэліць», як некалі Новікаў?

Зрэшты, галоўны ацэншчык спартовых подзьвігаў, прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Аляксандар Лукашэнка па плячы ўжо не паляпае нават у выпадку трыюмфу — пасьля тыдня інструктажу алімпійцаў вярнуўся ў Менск. Адметна, што іншыя першыя асобы разьехаліся адразу пасьля цырымоніі адкрыцьця: нават гаспадар, прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, адляцеў у Маскву яшчэ два дні таму. Дый сын Мікалай ужо другі тыдзень школьныя заняткі прапускае.

Праўда, цалкам верагодна, што ў выпадку мэдалёвага скачка фрыстайлістаў-акрабатаў ці дублю біятляністкі Дар’і Домрачавай, якая заяўленая ў дзьвюх гонках і дзьвюх эстафэтах, Лукашэнка зноў наладзіць бурную вечарынку, як падаюць афіцыйныя тэлеканалы, у сваім сочынскім «доме». Ці будзе падстава ў Лукашэнкі вярнуцца ў алімпійскую вёску? Экс-міністар спорту і турызму Аляксандар Грыгараў мяркуе, што ад Домрачавай можна чакаць узнагароды ўжо бліжэйшым часам:

Аляксандар Грыгараў

«У прынцыпе, як мінімум аднаго мэдаля ад яе ўсё ж чакаюць. Вы ж ведаеце, што нагамі па дыстанцыі яна ідзе вельмі добра, таму, прыкладам, у тым жа мас-старце шанцы высокія. Вядома, пры ўмове, што яна нармальна адстраляецца — пройдзе хоць бы з адным промахам. Бо калі аналізаваць ход нагамі і стральбу, то, думаю, пры такім раскладзе ўсё будзе на яе карысьць, на п’едэстал яна трапіць. Паглядзіце, як бяжыць тая ж Тура Бэргер. Нарвэжка бяжыць, як мужчына. А Даша Домрачава па дыстанцыі рухаецца як самы дарагі „Мэрсэдэс“: плаўна, надзейна, упэўнена, з добрай тэхнікай і г.д. Таму і сьцяг ёй у рукі».

«Сьцяг у рукі» Домрачава атрымае ў любым выпадку. Аляксандар Лукашэнка на «паці» ў яе гонар моўчкі выслухаў апраўданьні спартоўкі, чаму тая адмовілася несьці дзяржаўнае палотнішча падчас адкрыцьця Алімпіяды, урэшце адрэзаўшы: панясеш на закрыцьці.