Віктар Шаршун атрымаў мэдычныя дакумэнты аб зьбіцьці міліцыянтамі

Віктар Шаршун

52-гадовы мянчук, якога 8 лютага зьбілі міліцыянты за тое, што ён вывесіў на сваім бальконе на бульвары Шаўчэнкі бел-чырвона-белы сьцяг, мае мэдыцынскае сьведчаньне траўмаў, якія былі яму нанесеныя.
Згодна з пратаколам ён абвінавачваецца паводле арт. 23.4 (непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ёю службовых паўнамоцтваў) і 23.5 (абраза службовай асобы пры выкананьні ёю службовых паўнамоцтваў) КаАПП Рэспублікі Беларусь. У міліцыі яму сказалі чакаць позвы ў суд.

«Позву ў суд я пакуль не атрымаў. Толькі змог забраць даведку з гарадзкой станцыі хуткай мэдыцынскай дапамогі. Я патрабаваў яе ў дактароў яшчэ тады, калі хуткая дапамога прыязджала да мяне ў РУУС Цэнтральнага раёну, куды мяне пасьля зьбіцьця даставілі міліцыянты. Аднак змог атрымаць толькі цяпер, напісаўшы адпаведную заяву», — сказаў Віктар Шаршун.

У выпісцы з мэдычных дакумэнтаў сярод іншага адзначаецца, што падчас зьнешняга агляду 8 лютага зафіксаваныя шматлікія ссадзіны і вонкавыя пашкоджаньні скураных пакроваў. У якасьці дыягназу там адзначаецца магчымы закрыты пералом 8-9 рабрынаў зьлева.