Мясьніковіч: Аграрны комплекс — у пэсымізьме

Прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч заклапочаны вынікамі працы аграпрамысловага комплексу краіны.
Як паведамляе прэсавая служба ўраду, на паседжаньні прэзыдыюму Савету міністраў, прысьвечаным разьвіцьцю малочнай галіны і стану жывёлагадоўлі, Мясьніковіч канстатаваў: «Вынікі дрэнныя ўва ўсіх. І што больш за ўсё непакоіць — гэта пэсымізм, нават скоранасьць, якая пачынае зьяўляцца на вёсцы. Гэтага быць не павінна». Па словах прэм’ера, такія настроі сёньня назіраюцца нават у гаспадарках, якія працуюць нядрэнна.

На думку Мясьніковіча, аграрна-прамысловаму комплексу Беларусі неабходна сканцэнтравацца на разьвіцьці малочнай вытворчасьці: «Галіну трэба захоўваць, разьвіваць і ўсяляк падтрымліваць».

Колішні першы намесьнік Менскага аблвыканкаму Аляксандар Ярашук, які курыраваў сельскую гаспадарку, так камэнтуе заявы спадара Мясьніковіча:

Аляксандар Ярашук

«Справа ў тым, што апошнімі гадамі істотна зьменшыліся памеры ўліваньняў з боку дзяржавы. Гэта калі мець на ўвазе канкрэтныя праблемы эканамічнага характару. Вядома, гэта адразу адбілася на стане сельскай гаспадаркі — там ніколі, дарэчы, ніякага аптымізму не было і не магло быць. Але паколькі гэта заўсёды было галоўным клопатам дзяржавы, то і кіраўнікі гаспадарак асабліва не заклапочваліся. Дакладней, яны былі, ёсьць і застаюцца абыякавымі да ўсяго таго, што адбываецца, таму што гэта ня іхняе.

Але цяпер, вядома, пэсымізму значна больш: уліваньняў няма, а кожны дзень трэба вырашаць, якім чынам набыць паліва, як падаіць кароў, як выплаціць заробкі. Таму ўсё лягічна набліжаецца да поўнай адсутнасьці ўсялякага выйсьця, бо ў сучасным выглядзе вёска абсалютна неканкурэнтаздольная. Калі там няма эканамічнай зацікаўленасьці, эканамічнага інтарэсу, то сельская гаспадарка ня можа быць прыбытковай. Застаецца толькі пагадзіцца са спадаром Мясьніковічам у тым, што апанаваў вёску пэсымізм, але ніхто, на вялікі жаль, не рызыкне зрабіць захадаў, якія павінны ажыцьцявіцца. Я маю на ўвазе доўгачаканае рэфармаваньне і прыход на вёску ўласьніка. Калі гэтага ня будзе, то са стану пэсымізму пры цяперашняй уладзе ніхто нікога нікуды ня выведзе».

Тым часам перад сельскай гаспадаркай паўстала яшчэ адна праблема: адзіны ў краіне вытворца калійных угнаеньняў «Беларуськалій» прыпыніў пастаўкі хлёркалію на ўнутраны рынак. Такі крок выкліканы тым, што прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу не разьлічваюцца за адгружаную прадукцыю. Як заявіў гендырэктар «Беларуськалія» Валеры Кірыенка, бальшыня запазычанасьцяў утварылася яшчэ мінулым годам. Таму цяпер прадукцыя адгружаецца выключна на экспарт.

Пры гэтым кіраўнік зазначыў, што фінансавае становішча прадпрыемства па-ранейшаму застаецца напружаным у зьвязку з падзеямі, якія мелі месца летась. Уладзіслаў Баўмгертнэр, экс-генэральны дырэктар кампаніі «Ўралкалій» і «Беларускай калійнай кампаніі», якая была адзіным трэйдэрам для прасоўваньня прадукцыі на зьнешнія рынкі, быў абвінавачаны ў нанясеньні матэрыяльнай шкоды беларускаму боку, пасьля чаго бізнэс зазнаў сур’ёзныя зьмены. Акрыяць ад наступстваў «Беларуськалій» ня можа дагэтуль.