Чым быў для беларускага селяніна маляваны дыван? Кім была для вяскоўцаў Случчыны мастачка Алена Кіш, якая тыя дываны малявала? Якая памяць засталася пра адну з самых трагічных фігур народнага мастацтва?
Мястэчка Грозава для беларускага нацыяналіста — найперш месца, дзе месьціўся штаб Слуцкага паўстаньня 1920-га году. На галоўнай плошчы нават крыж памяці паўстанцаў стаіць ужо два дзесяцігодзьдзі. Але ёсьць у Грозаве яшчэ адно месца, куды варта завітаць кожнаму беларусу. На местачковых могілках, каля самага ўваходу, на сябе абавязкова зьверне ўвагу адно надмагільле. Ня крыж, не абэліск, ня стэля.
А лодка. Зробленая з бэтону лодка. Па форме такая, бы эскіз намалявала дзіцячая рука. І расфарбаваная ў жоўты і сіні колеры. Па боку гэтага карабліка ідзе няхітры арнамэнт. А на карме можна прачытаць два словы. «Алена Кіш». Больш нічога. Ні датаў нараджэньня і сьмерці, ні паведамленьняў пра род заняткаў нябожчыцы. Падказка ў самім надмагільлі.
Калі вы забыліся імя гэтай мастачкі, дык можаце пагаварыць у Грозаве зь любой старой жанчынай. І хто такая Алена Кіш, вам тут раскажуць ахвотна. Як, напрыклад, Ганна Антонаўна Гадзецкая. Полька, чый дзед пераехаў у Беларусь з-пад Кракава напрыканцы мінулага стагодзьдзя. Каб працаваць садоўнікам у багатага шляхціча. Былая настаўніца роднай мовы напрыканцы 40-х гадоў жыла ў суседняй вёсцы Яўсеевічы, дзе ўпершыню ўбачыла Алену Кіш.
— Падчас вайны яны былі бежанцамі. Прыехалі сюды, у Грозаў. І вельмі бедна жылі. Усе тады бедна жылі. А яны чамусьці асабліва бедна. Гаспадаркі не трымалі ніякай. Агароды не садзілі, ня сеялі. І была вось гэтая... «каўрыха» яе называлі. Яна хадзіла па сёлах. Давалі прасьціны. Капаў не было. Простыя прасьціны. І яна на гэтых прасьцінах малявала свае дываны.
Яе імя стала шырока вядомае напрыканцы 70-х, калі мастачкі ўжо не было на сьвеце 30 гадоў. Наноў адкрыў яе мастак Уладзімір Басалыга, чыё дзяцінства праходзіла на Случчыне. Мастаку пашчасьціла сабраць па вёсках, а па сутнасьці выратаваць, 13 дываноў. Якія цяпер захоўваюцца ў Заслаўскім музэі.
— Яе ўспрымалі як бядачку, якая зарабляе на хлеб. А што яна мастачка вялікая, гэта народ не прыняў. Але яе творы прымалі з радасьцю. Хваліліся адзін аднаму. Яна не вымагала. Колькі хто дасьць. Яна і да нас заходзіла. Што мне запомнілася? Што вельмі бедна была апранутая. Паліто ў латках. На нагах нейкія галёшы. Страшнейшая карціна. Хустка нейкая парваная. Яна высокая ростам. Зь людзьмі гаварыла культурна. Яны былі дочкамі папа.
Галоўныя сюжэты мастачкі Алены Кіш — гэта рай і ліст да каханага. Цікава разглядаць той рай, які ўяўляла жабрачка ў самыя страшныя і галодныя гады Беларусі. У тым раі няма ні баляваньня, ні забаваў. Яе рай — ціхі сад з кветкамі, па якім гуляюць прыдуманыя ёю львы, а на райскіх бярозах сядзяць чырвоныя райскія птушкі. І абавязкова ў райскай сажалцы плавае лодка.
— Малявала яна луг, азярцо, кветкі, нешта падобнае да льва, маладыя сядзяць над рэчкай, дзеўка і хлопец. Гэта ў мяне зь дзяцінства. І ў нас быў дома.
— А куды ён падзеўся, гэты дыван?
— Выкідалі. Ніхто не цаніў. Доўга ён вісеў. Яна малявала фарбамі. Сама рабіла.
Жыхарка вёскі Папоўцы Зінаіда Дубовік памятае, што той рай нараджаўся на іхных вачах.
— Адкуль яны прыехалі, Бог іх ведае. Але як батракі былі. Бедныя, абарваныя хадзілі. Алена тая была разумная, харошая. Прыйдзе, папытае, каму нарысаваць. І ўжо рысуе там гэтыя каўры. Панаходзім, дзеці, туды, многа дзяцей. І панаджваем, і глядзім.
— А яна з гэтага жыла...
— Ну, плацілі за гэтыя дываны. Але ж неяк паказвалі ў тэлевізары гэтыя дываны.
— Людзі ахвотна?..
— Ну як ахвотна? У каго няма якой анучы на сьцяне, дык ахвотна. Хай рысуе. І панаджваюць, і папнуць, усяк.
— Яна якога была нораву?
— Харошая жанчынка, не брахала. Да нас добра ставілася. Раскладзе і рысуе дываны. Ужо даўно гэта прайшло. Глядзелі дзеці. Вялікія кветкі.
«Харошая жанчынка, не брахала». «Калі няма анучы на сьцяне». Гэта жывыя водгукі стаўленьня да мастачкі з боку тагачаснай публікі. Ці магла мастачка ад такіх панаджваньняў зрабіць сабе сьмерць? Слова Ганьне Гадзецкай.
— Што людзі казалі пра яе сьмерць?
— Шкадавалі. Бо няшчасны гэты выпадак, бедненькая. Там рэчачка працякала, кладка была. І праз гэтую кладку трэба было ісьці і несьці наламанае гальлё. І яна, бедненькая, цягнула дровы праз гэтую кладку. Яна зусім была хворая, мусіць, і галодная. Зьняможаная. З кладкі звалілася, і ўсё. Захлябнулася. Шкадавалі людзі. Цяпер даведаліся, што знакамітасьць сусьветная, дык увогуле... Такі чалавек тут быў...
Адзіная сваячка Алены Кіш, жонка яе пляменьніка, Ганна Дзядзюшка размаўляла са мною празь дзьверы, прыняўшы вашага пакорнага слугу за цыгана.
— Яна была як апошні чалавек. Хадзіла, жабравала. Гаварылі ў нас пра гэта, што ўтапілася. А як яно насамрэч, я ня знаю. Тут былі людзі, якія дываны куплялі. А я дык нічога ня брала. Толькі пляменьніка забрала. На могілках мы і магілку прыбіраем. Я і сама прыбіраю магілку яе. Мы тады бегалі глядзець, як яна ўтапілася. Калі мы прыбеглі, то яе ўжо не было. Яе ўжо дасталі.
— Месца глыбокае ці не?
— Яно такое... Мы казалі «калдабан». Хадзілі туды купацца. Але ж, вядома, стары чалавек. Шкадавалі, вядома.
Адзін зь сюжэтаў яе карцін — «Дзева на водах». Маладзіца ў чырвонай сукенцы стаіць па калена ў вадзе на сажалцы і любуецца на лебедзяў. Там, дзе мастачка адышла ў лепшы сьвет, у 49-м годзе таксама вады было па калена. Працягвае пані Гадзецкая.
— Можа, яна і наўмысна ўпала, хто яго ведае. Праз сто гадоў успомнілі, што такі чалавек быў у вёсцы. Каўрыха. Мы, дзеці, бегалі за ёй. Кармілі.
— Яе палотны выкідалі ад старасьці?
— Ад старасьці. І ў нас вісеў ён доўга. Спачатку ў залі вісеў. На пачэсным месцы. Над ложкам. Доўга вісеў. Дыван. А пасьля купілі лепшае. А той перавесілі на кухню. Фарба палопалася. І выкінулі. Можа, спалілі. Ніхто не бярог. Ніхто ня тое што не цаніў, ён не патрэбен быў нікому. І людзі не захавалі. Нават і кавалка. Калі б тое ведалі! Пра што гаворка...
Але некаторыя яе палотны ўсё ж ацалелі. Ва ўраджэнкі вёскі Авіны Зоі Пуставалавай не паднялася рука выкінуць на сьметнік той «Рай». Два дыванкі напрыканцы 30-х гадоў набыў яе бацька Самуіл, які працаваў аграномам.
— Ён езьдзіў паўсюль і знайшоў гэтую жанчыну ў Квасынічах. Пад Слуцкам. І там ён зь ёй сустрэўся. І вось ён прыехаў і кажа маме: «Ты ведаеш, там ёсьць такая мастачка! Такія прыгожыя малюе львы, кветкі». Дык ён прасіў у мамы палатно. Мама сама ткала, сама прала. Шкада ёй было. Выпрасіў. Але як прывёз, дык гэта ж такая краса! Фарбы яркія, яркія. Дзе хлопец зь дзеўкай, дык той у сенцах вісеў. Дык ён менш выгараў.
— Гэтыя маляваныя дыванкі, яны былі модныя тады?
— У сяле ні ў кога не было. Усё сяло прыйшло глядзець.
— Гэтыя маляванкі пазьней людзі пачалі выкідаць.
— Мы не выкідалі. Вы што! Яны ў нас віселі на сьцяне як шэдэўр. Гэта зараз дываноў гэтых... А тады гэта рэдкасьць была. Дзіва. Усё сяло прыйшло. Такой красы ніхто ня бачыў у сяле. Прыйшлі, як на выставу.
Сёньня імя Алены Кіш стаіць у энцыкляпэдыях па народным мастацтве ў адным шэрагу з Анры Русо і Ніко Пірасмані. А маляваныя дыванкі ізноў уваходзяць у моду. Я іх часта сустракаю ў інтэлігенцкіх кватэрах. Ёсьць дыванок і ў мяне ў хаце. І нішто так не стварае атмасфэру беларускай утульнасьці, як гэтыя быццам бы няхітрыя маляванкі.
Напрыканцы дадам, што надмагільле Алены Кіш зрабіў скульптар Уладзімір Ламейка. А дапамагаў яму ў гэтым былы старшыня сельсавету Валянцін Абрамовіч. І крыж памяці слуцкіх паўстанцаў стаіць да нашых дзён таксама дзякуючы яму.