Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.
ПАДЗЕІ ДНЯ
Пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч прэзэнтуе сваю кнігу «Час сэканд-хэнд» на стэндзе «Белкнігі» на ХХІ Менскай міжнароднай выставе-кірмашы (вул. Я. Купалы, 27). Пачатак а 12.00.
У галерэі «Ў» у Менску – круглы стол на тэму «Дыгітальны выклік: будучыня гуманітарных навукаў». Абмеркаваньне адбываецца ў рамках выставачна-адукацыйнага праекту «Artes Liberales-2014». Пачатак а 18.00.
У Сочы – другі дзень ХХІІ зімовых Алімпійскіх гульняў.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1865 – падчас пасяджэньня навуковага таварыства ў Бэрне (Швэйцарыя), Грэгар Мэндэль выступіў з дакладам, у якім сфармуляваў законы Мэндэля – прынцыпы перадачы спадчынных рысаў ад бацькоўскіх арганізмаў да іх нашчадкаў.
1904 – атакай японскага флёту на расейскую эскадру распачалася Расейска-японская вайна.
У гэты дзень нарадзіліся:
1828 – Жуль Вэрн, францускі пісьменьнік-фантаст.
1834 – Дзьмітры Мендзялееў, расейскі хімік.
1914 – Валянцін Таўлай, беларускі паэт і літаратуразнаўца.
1921 – Іван Мележ, беларускі празаік.
1928 – Вячаслаў Ціханаў, савецкі і расейскі актор, вядомы, сярод іншага, ролямі Андрэя Балконскага ў кінаадаптацыі «Вайны і міру» ды Штырліца ў «Сямнаццаці імгненьнях вясны».
1929 – Леанід Лыч, беларускі гісторык.
У гэты дзень памерлі:
1587 – Марыя Сцюарт, каралева Шатляндыі.
1725 – Пётр I, расейскі імпэратар.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:
Пакуль, сястрычка, падрасьцеш
І шлях пратопчаш свой жыцьцёвы, –
На памяць вывуч гэты верш,
Які складаю шчырым словам.
Не зразумееш мо мяне –
Пішу табе яго навыраст,
Я знаю: гэты дзень міне,
Зь якога верш сягоньня вырас.
Магчыма, толькі ён адзін
І астанецца жыць на памяць,
Як рэха дальняе гадзін,
Што сэрца мне гнятуць і раняць.
Тады, сястрычка, ўспамяні
Усіх, хто з бою не вярнуўся,
Каб намі высьненыя дні
Зноў паплылі над Беларусьсю.
Валянцін Таўлай, «Малой сястрычцы» (1943)