У захопленым Эўрамайданам «Украінскім доме» пакажуць «Жыве Беларусь!»

Кадр зь фільму "Жыве Беларусь"

Паказ адбудзецца ў суботу, 8 лютага, у 21:00 на першым паверсе «Украінскага дому», захопленага пратэстоўцамі. Літаральна за дзьве сотні мэтраў — барыкады, дзе адбываліся сутычкі на вул.Грушэўскага
На старонцы Эўрамайдану ў фэйсбуку гаворыцца:

«Фільм заснаваны на рэальных падзеях, распавядае пра барацьбу беларускага народа супраць рэжыму Лукашэнкі і можа натхніць нашых байцоў на барыкадах на далейшы супраціў. Пасьля паказу заплянавана дыскусія з аўтарамі. Уваход вольны».

Паказ ладзіцца зь ініцыятывы Студэнцкай асамблеі.

Фільм «Жыве Беларусь!» зьняты ў 2012 годзе польскім рэжысэрам беларускага паходжаньня Кшыштафам Лукашэвічам паводле сцэнара, напісанага супольна з Францішкам Вячоркам. У фільме зьняліся беларускія акторы.



Фільм апавядае пра сучасную Беларусь. Маладога рок-музыку Мірона Захарку забіраюць у войска, а гурт трапляе ў чорныя сьпісы. У войску ён пачынае весьці дзёньнік у інтэрнэце, дзе апісвае дзедаўшчыну і ўмовы службы. Дзёньнік перарастае ў адкрытае супрацьстаяньне з рэжымам.

Фільм здымаўся ў лістападзе-сьнежні 2011 году ў Польшчы. Аднак Амбасада Беларусі ў Польшчы рэзка асудзіла фільм і заклікала не паказваць у кінатэатрах

Фільм часткова заснаваны на фактах біяграфіі Францішка Вячоркі.

Фільм быў паказаны на кінафэстывалях у Канах, Бэрліне, польскім Цешыне (Польшча), Леўвардэне (Нідэрлянды), Кіеве (Украіна), Быдгашчы (Польшча),Торуні (Польшча), Сэтубале (Партугалія), Чыкага (ЗША), Таронта (Канада), Празе (Чэхіі), Вільні (Літва) і інш. Фільм уганараваны гран-пры на кінафэстывалях у Вене (Аўстрыя), Варшаве (Польшча), Стамбуле (Турэччына), прызам глядацкіх сымпатыяў — у Гдыні (Польшча), за найлепшы сцэнар — у Брусэлі (Бэльгія), за найлепшую музыку — у Трускаўцы (Украіна).

Музыку да фільму напісаў Лявон Вольскі.

Актору Анатолю Кату за ўдзел у фільму скасавалі кантракт на дзяржаўнай кінастудыі.