Шчамялёў: Ніякія высокія тэхналёгіі не заб’юць мастацтва

Леанід Шчамялёў

Патрыярх беларускага жывапісу, народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў адзначыў 91-шы дзень нараджэньня, падсумаваўшы тым самым юбілейны маратон, які цягам апошніх 365 дзён суправаджаўся выставамі і імпрэзамі ў гонар майстра.
У шэрагу апошніх завяршыла працу ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага пэрсанальная выстава Шчамялёва пад назвай «ХХ, ХХІ...». На ёй былі сабраныя невядомыя шырокай публіцы працы аўтара, якія датуюцца 1960–1970-мі гадамі мінулага стагодзьдзя і раней не ўваходзілі ў выставачныя экспазыцыі.

Нягледзячы на паважны ўзрост, Леанід Дзьмітрыевіч штодня наведвае сваю майстэрню, ствараючы ўсё новыя вобразы Беларусі і яе герояў. Але ці не губляе выяўленчае мастацтва сваю ролю ў ХХІ стагодзьдзі, адзначаным бурным ростам кампутарных тэхналёгіяў? Цяпер з дапамогай адмысловых праграмаў нават невук можа стварыць на маніторы карціну — без палатна і фарбаў. Ці застаецца месца для высокага мастацтва ў век ІТ-рэвалюцыі? Ці можа мастак забясьпечваць сваё існаваньне ў такіх умовах?

«Тэхналёгіі могуць быць найвялікшыя, вышэйшыя, чым у Эйнштэйна ці каго заўгодна. Але мастацтва існуе ўжо 3 тысячы гадоў — гэта толькі тое, якое бачнае. А дагэтуль яно існавала яшчэ 30 тысяч гадоў. Рэальнае мастацтва, якое адлюстроўвала гуманістычны дух у адносінах чалавека да чалавека. Справа ў тым, што мастацтва ня можа быць залежным ад нейкіх тэхналёгіяў. Маўляў, я разьвіты чалавек у фізыцы, у матэматыцы, зь ведамі пра ўсеплянэтарныя працэсы. Але ж і ён таксама глядзіць на пэйзаж, захапляецца прыгожа адлюстраваным позіркам. Меркаваньні наконт адміраньня мастацтва перабольшаныя пэўнай групай людзей: маўляў, тэхналёгіі разьвіваюцца, яны задушаць, выцясьняць архаічныя „промыслы“. Гэта, як кажуць, яшчэ бабка надвое варажыла. Мы ж глядзім 3 тысячы гадоў на галерэю фаюмскіх партрэтаў ці на нейкія іншыя творы — і захапляемся! І цяпер, у ХХІ стагодзьдзі, калі добры партрэт выкананы мастаком на высокім мастацкім узроўні, гэта таксама радуе і захапляе, ты глядзіш на яго з прыемнасьцю. Разьвіцьцё мастацтва — гэта не разьвіцьцё навукі. Гэта іншы, духоўны бок бачаньня: як чалавек разьвіваецца, як ён разумее высокае».
Разьвіцьцё мастацтва — гэта не разьвіцьцё навукі. Гэта іншы, духоўны бок бачаньня: як чалавек разьвіваецца, як ён разумее высокае

І ўсё ж, ці не асьцерагаюцца мастакі неакрэсьленай пэрспэктывы, гуртуючыся ў своеасаблівыя арцелі — ад той жа нацыянальна арыентаванай суполкі «Пагоня» да аб’яднаньня мастакоў-баталістаў, удзельнікі якога ўвекавечваюць вышэйшы генэралітэт?

«Ну, што насамрэч маюць пад сабой такія аб’яднаньні? Ёсьць францускі мастак, ёсьць ангельскі, ёсьць мастак беларускі ці расейскі. У кожнага зь іх уласнае меркаваньне, уласная пазыцыя, бо мастакі ня могуць быць аднолькавымі, нават калі пастарацца зрабіць гэта штучна. Таму сьцьвярджаць, што ты належыш да нейкай калектыўнай ідэі, якая выражае якісьці дух — мне здаецца, гэта ўсё надумана. У нас ёсьць Саюз масткоў, і кожны мае права выказваць свае думкі, свае чаканьні ў адносінах да беларускага народу, у адносінах да яго культуры, у адносінах да таго, як ты бачыш сьвет людзей на сёньняшні дзень, як ты яго бачыў учора ці пазаўчора. Усё гэта якраз адпавядае таму, што мастак павінен бачыць і адлюстроўваць. Але палітычная сэнтэнцыя не павінна ўплываць на жыцьцё мастака. Не павінна быць ім прынятая так, як лічаць тыя ці іншыя людзі».

Леанід Шчамялёў наракае, што мастакі апошнім часам самі грашаць залежнасьцю ад новых тэхналёгіяў, якія замяняюць чалавечыя зносіны бездухоўным «дыстанцыйным кантактаваньнем»:

«У нас няма гутарак мастака з мастаком, каб мы маглі шырэй адлюстроўваць і нацыянальныя пытаньні, і нацыянальны калярыт, і нацыянальнае бачаньне, і нацыянальны код, які належыць толькі беларусам. Мы забываемся, што Беларусь — яна розная. Ёсьць паўднёвая, а ёсьць паўночная, ёсьць Віцебшчына, а ёсьць Гомельшчына. Усюды рознае ўспрыняцьце колеру бачаньня, колеру гуку, колеру разуменьня. А ў нас многія хочуць, каб было толькі па-іхняму, без аніякай прывязкі да мясцовасьці. Тая ж „Пагоня“, дарэчы, гэтым таксама грашыць. Добра, хай будзе так. Але як тады разумець нацыянальнае пытаньне? Як яго адлюстраваць выяўленчай культурай? Ня проста пра сутнасьць жыцьця на зямлі, а як разумець гэтыя працэсы выяўленча?»

У майстэрні Леаніда Шчамялёва


Карэспандэнт: «Пагоня», прынамсі, мае выразна акрэсьленую пазыцыю»...

«Ну, „Пагоня“ трымаецца на Багдановічу, арыентуецца на дух паэта, на дух ягонай культуры. Хоць сам ён шмат у чым расейскі, жыў жа ў Расеі. Так, прыняў ад бацькі беларускую мову, традыцыі, пісаў геніяльна, як толькі мог, і пайшоў з жыцьця, скажам так, нецікава. Вось якія пэрыпэтыі. Дарэчы, тыя беларусы, якіх мы цяпер ня згадваем (ён жыў некаторы час у Зьмітрака Бядулі на кватэры), яны не зьвярталі на яго ніякай увагі: „Ды ён не беларус, ня наш...“ — вось як успрымалі. Тое, што ён быў вялікі паэт, нікому і ў галаву не прыходзіла. Гэта ўжо потым далі „ўваскрэснуць“, у 1970-х, а то і пазьней. Таму меркаваньне пра нацыю, пра культуру павінна быць у вышэйшай ступені карэктным, абдуманым, цікавым. Нельга так: мы перадусім „пагонцы“. Што такое „Пагоня“? У дадзеным кантэксьце — твор. А каб быць годным твору „Пагоня“, трэба быць найперш беларусам. І толькі потым — палітыкам, трыбунам і г.д.».

Ці рэальна ў цяперашніх умовах адрадзіць тое, што ў першую чаргу дае магчымасьць любому народу на самаідэнтыфікацыю — родную мову? Спадар Шчамялёў мяркуе, што, па вялікім рахунку, усё залежыць ад саміх беларусаў: хочуць яны людзьмі звацца альбо гатовыя і надалей задавольвацца цяперашнім статусам «безаблічных двуязычных»?
Чым больш будзе людзей, якія ведаюць беларускую мову, людзей, якія пачнуць выказваць па-беларуску свае думкі і спадзяваньні, паказваць дух нацыі празь беларускую культуру, праз моўны прынцып — усё вернецца

«Канечне, усяго дасягнуць можна, калі ёсьць такое жаданьне. Чым больш будзе людзей, якія ведаюць беларускую мову, людзей, якія пачнуць выказваць па-беларуску свае думкі і спадзяваньні, паказваць дух нацыі празь беларускую культуру, праз моўны прынцып — усё вернецца. Гэта надзвычай важна, усьведамленьне гэтага не перашкодзіла яшчэ ніводнай нацыі. Вось побач Украіна. Яна выражае свой дух, свае адносіны ў нацыянальным маштабе да роднай мовы, да культуры. Магчыма, дзесьці яны і пераборшчваюць, але гэта ўспрымаецца як належнае. А ў нас яшчэ салідная колькасьць людзей, у тым ліку на высокіх пасадах, якія не разумеюць беларускую культуру, ня вельмі аддаюць увагу разьвіцьцю ўласна беларускасьці ў краіне. Але, на шчасьце, ёсьць беларускія паэты, проста ўнікальныя творцы (я не называю нават прозьвішчы), якія сёньня жывуць і пішуць на беларускай мове так, што проста заслухаесься. Так што разважаць можна шмат, але гэта павінны быць суджэньне і погляд, народжаныя ў кантактах. Як вось вы прыйшлі да мяне, мы размаўляем, так трэба, каб гаварылі паміж сабой і іншыя».

Леанід Шчамялёў нарадзіўся 5 лютага 1923 году ў Віцебску. Народны мастак Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі. Працуе ў жанрах станковага жывапісу, творы вылучаюцца экспрэсіўнасьцю і плястычнай манерай выкананьня. Пасьля Другой усясьветнай вайны, якую прайшоў у кавалерыі, скончыў Менскую мастацкую вучэльню, Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Выкладаў спачатку ў сваёй жа вучэльні, а потым у Рэспубліканскай школе-інтэрнаце імя Ахрэмчыка, на архітэктурным факультэце Беларускага політэхнічнага інстытуту. Быў першым сакратаром праўленьня Саюзу мастакоў Беларусі, старшынём праўленьня Мастацкага фонду, кіраўніком Беларускага саюзу мастакоў. Творы Леаніда Шчамялёва знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музэі, Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва, фондах Саюзу мастакоў, у прыватных калекцыях па ўсім сьвеце.