Юрка Рапецкі: Ці не знайшоўся б іншы спадар Бушлякоў?

Ілюстрацыйнае фота

Радыё Свабода публікуе анкеты, у якіх нашы чытачы распавядаюць, як прыйшлі да беларускай мовы, і што яна значыць у іх жыцьці. Дасылайце вашы адказы: svaboda@rferl.org.
Анкета «Жывая мова»

1. Чаму і як вы пачалі гаварыць па-беларуску?
2. Дзе і як вы карыстаецеся мовай?
3. Як мова дапамагла вам ў працы, жыцьцёвых сытуацыях?
4. Якія цяжкасьці стварыла?
5. Што б вы параілі «Свабодзе»?




1. Нарадзіўся ў беларускамоўнай сям'і, якая перасялілася пасьля вайны ў Канаду. З бацькамі размаўляў па-беларуску.

2. Мая жонка канадыйка, таму размаўляем паміж сабою толькі па-ангельску. Але я нясу служэньне духоўнага характару. Бываю ў кантакце з пратэстанцкімі групамі ў Беларусі. Рыхтую хрысьціянскія беларускія казаньні, іх зачытваю і іх кладу на кампакт-дыскі ды высылаю Беларускай рэдакцыі Транс Сусьветнага Радыя ў Берасьці, таксама розным знаёмым у Беларусі, у тым ліку і Сяргею Абламейку, супрацоўніку Вашай радыёстанцыі. Да таго ж, час ад часу сустракаюся зь сябрамі Згуртаваньня Беларусаў Канады ў Тароньце, дзе карыстаемся беларускай мовай. 21 ліпеня я выступаў зь беларускімі казаньнямі ў расейска-моўнай суполцы (раніцай) і ўкраінска-моўнай суполцы (вечарам) Пяцідзясятнікаў у Портландзе, Орэган. Пачуў добрыя водгукі ад некаторых і казалі мне, што ў першы раз пачулі казаньні на беларускай мове. Таксама баптысцкі саюз і Эрнст Сабіла дапамаглі мне выдаць у Беларусі некалькі духоўных кніжак на беларускай мове.

3. З тае прычыны, што я ўжо гадамі рыхтую рэлігійныя казаньні, іх зачытваю і распаўсюджваю, знаньне беларускай мовы шмат памагло мне ў працы.

4. Ніякіх.

5. Працягваць сваю справу як і дагэтуль, але ці не знайшоўся б іншы, які мог бы працягваць чытаць лекцыі пра тое, як правільна выказвацца па-беларуску падобна да таго, як гэта рабіў спадар Бушлякоў? Ня будучы ў кантакце з моваю штодня, для мяне перадачы з такім зьместам дапамагалі б удасканальвацца ў мове.