Уладзімер Целяпун: Зь Бяляцкім няёмка было размаўляць на іншай мове

Ўладзімер Целяпун

Радыё Свабода публікуе анкеты, у якіх нашы чытачы распавядаюць, як прыйшлі да беларускай мовы, і што яна значыць у іх жыцьці. Дасылайце вашы адказы: svaboda@rferl.org.
Анкета «Жывая мова»

1. Чаму і як вы пачалі гаварыць па-беларуску?
2. Дзе і як вы карыстаецеся мовай?
3. Як мова дапамагла вам ў працы, жыцьцёвых сытуацыях?
4. Якія цяжкасьці стварыла?
5. Што б вы параілі «Свабодзе»?



1. З 1963 па 1973 год навучаўся ў школе №5 г. Мазыра. З 5-й клясы нам выкладалі толькі беларускую літаратуру. Беларускай мовы два наборы навучэнцаў 1963-64 гадоў чамусьці не вывучалі. Як пратэст я запаўняў свой дзёньнік толькі па-беларуску. У войску (1974) ня змог перакласьці песьню з рэпэртуару «Песьняроў» па просьбе хлопцаў з Сібіры… 1989 год – стаў сябрам ГА БНФ «Адраджэньне». З 2000 году ў Вясьне… Зь Бяляцкім неяк і няёмка было размаўляць беларусу на іншай мове…

2. У большай ступені ў дзяржаўных установах, у грамадзкіх месцах. Пры прыёме грамадзян па абароне іх парушаных правоў – гляджу па абставінах.

3. Як сказаў наш зямляк Сяргей Дубавец – быць беларусам на Беларусі, размаўляць на сваёй мове, гэта цяжкая праца… Калі размаўляеш па-беларуску – ты ўжо грамадзка-актыўны грамадзянін…

4. Прайшоўшы шлях ад рабочага да начальніка тэхнічнага аддзела, за 5 год да пэнсіі, у 2010 годзе са мной быў спынены працоўны кантракт без тлумачэньня прычынаў… Аднак сьцьвярджаць, што гэтыя цяжкасьці стварыла мова – не зусім дакладна…

5. Дзякуй, што вы ёсьць! Мы дойдзем і да Вольнай Беларусі і да сапраўднай Свабоды!