Фэйсбук як калектыўны псыхатэрапэўт

«Напішаш пра гэта ў Фэйсбуку?» — чарговым разам зьедліва пытаецца мой сын, калі адбываецца нешта прыкольна-прыкметнае альбо я прыдумляю чарговы жарцік ці дзялюся нейкім успамінам.

Калі ўжо нават уласны сыночак дражніцца, дык сёньня, у дзень 10-годзьдзя заснаваньня Фэйсбуку, варта задумацца, якое месца займае гэтая сацыяльная сетка ў нашым жыцьці.

Даволі доўгі час я ўспрымаў Фэйсбук выключна як нейкае спэцыфічнае СМІ, сайт-агрэгатар навінаў, асабістых і грамадзкіх. Я зарэгістраваўся ў ім яшчэ ў 2009 годзе, але нічога не пісаў і не прымаў удзелу ў дыскусіях. Не пісаўшы ніколі ў «Жывым журнале», я з іроніяй (у лепшым выпадку) назіраў за «фэйсбучнымі актывістамі» (як я іх называў) — жаданьне падзяліцца з усімі сваёй карыснай думкай было для мяне адначасова забаўным і незразумелым.

Зь якіх прычынаў восеньню 2012 году я сьвядома вырашыў стаць тым самым «фэйсбучным актывістам» — няхай застанецца таямніцай. Але з тае пары гэтая сацыяльная сетка трывала ўвайшла ў маё жыцьцё, і я сапраўды лаўлю сябе на думцы, што калі прыдумляю ў галаве нейкія нататкі і замалёўкі, то часам думаю — «трэба напісаць пра гэта ў Фэйсбуку». Дарэчы, як мінімум тры мае пасты ў Фэйсбуку ператварыліся ў блогі на Свабодзе, іншыя мае допісы перадрукоўвалі «Наша Ніва» ды «Архэ».

Для мяне Фэйсбук — гэткі старасьвецкі «дзёньнік пісьменьніка» ў сучасных умовах. З той толькі розьніцай, што раней пісьменьнікі спадзяваліся на публікацыю дзёньнікаў пасьля сьмерці, а цяпер ты бачыш лайкі і камэнты праз сэкунды пасьля выстаўленьня сваіх нататак.

Я па-ранейшаму штодня адхіляю невядомых мне людзей, якія просяцца ў фрэнды — але даўно ўжо не прытрымліваюся правіла, што ў фрэндах павінны быць толькі асабіста знаёмыя людзі. Я па-ранейшаму пішу пра тое, што лічу «грамадзка важным», але нярэдка шкрабаю і пра прыватнае — паводле прынцыпу «ўсё, што заслугоўвае вашай увагі, можа зьявіцца на старонках майго фэйсбука».

Іншымі словамі, я ўспрымаю Фэйсбук як нейкае ідэальнае ўласнае СМІ, у якім ты сам сабе журналіст, рэдактар і прадусар. І як рэдактар ты мусіш вывучаць настроі чытачоў, іхнія жанравыя і тэматычныя густы. Бывае, напішу што-небудзь, бачу, няма рэакцыі — выкіну. Зь іншага боку, не спадабаўся нейкі чалавек — выдаліў (у Фэйсбуку ўвесь час праходзяць «чысткі» ад «няправільных» фрэндаў). Сам сабе начальнік і гаспадар — прыемна!

Апошні раз у Фэйсбуку мяне павіншавалі з днём нараджэньня звыш 120 чалавек — і каля 20 чалавек у «рэале».

Карацей, Фэйсбук — гэта ідэальны сьвет, які ты сам ствараеш і ў які радасна заскокваеш са сьвету рэальнага.

Трэба толькі не забываць вяртацца.