Эўразьвяз абмяркуе санкцыі і пагрозу падзелу Ўкраіны

Пытаньне стасаваньня санкцыяў да Ўкраіны будзе абмяркоўвацца 10 лютага на паседжаньні Рады Эўразьвязу па замежных справах. Пра гэта паведаміў намесьнік старшыні партыі «Бацькаўшчына» Рыгор Немыра па выніках сустрэчы зь міністрам замежных спраў Швэцыі Карлам Більтам, перадае Эспрэсо TV са спасылкай на агенцтва «Інтэрфакс-Украіна».

Як паведаміў Немыра, у рамках Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў яго разам з дачкой экс-прэм’ера Юліі Цімашэнкі Яўгеніяй адбыўся шэраг сустрэч. «Калі мы абмяркоўвалі пытаньне санкцыяў, Більт пацьвердзіў, што гэта — адзін з элемэнтаў палітыкі, якая будзе падрабязна абмеркаваная 10 лютага на паседжаньні Рады ЭЗ па пытаньнях замежных спраў пасьля візыту Эштан (візыт вярхоўнага прадстаўніка Кэтрын Эштан ва Ўкраіну заплянаваны на наступным тыдні).

Паводле Немыра, падчас мінулых сустрэч прадстаўнікі эўрапейскага боку выказвалі занепакоенасьць адносна магчымага ўвядзеньня надзвычайнага становішча ва Ўкраіне. Так, зьвяртаюць увагу на заяву арміі аб расьсьледаваньні супраць партыі «Бацькаўшчына» па падазрэньні ў падрыхтоўцы да захопу ўлады.

«Гэта новы элемэнт, які ўспрымаецца як аргумэнтацыя на карысьць увядзеньня надзвычайнага становішча», — растлумачыў ён бачаньне сытуацыі эўрапейскім бокам.

Акрамя таго, як сьцьвярджае ўкраінскі палітык, у размовах з прадстаўнікамі ЭЗ зьвярталася ўвага на тое, што не зроблена спробы расьсьледаваць факты гвалту супраць журналістаў, дэманстрантаў, палітыкаў.

«Таксама прадстаўнікі ЭЗ ўздымалі тэму фэдэралізацыі Украіны і магчымыя наступствы. Гэта расцэньваецца як пагроза вырашэньня крызісу праз падзел Украіны, прыкрываючыся тэмай фэдэралізацыі», — пераказаў Немыра бачаньне эўрапейскім бокам.

Нагадаем, што цяпер у Мюнхене праходзіць 50-ая канфэрэнцыя па бясьпецы, на якой сярод іншых разглядаецца пытаньне палітычнага крызісу ва Ўкраіне