Херман ван Рампей: Будучыня Украіны ў Эўрапейскім Зьвязе

Рампей, Пуцін, Барозу на Мюнхенскай канфэрэнцыі

«Усе нашы думкі з Украінай», — заявіў старшыня Эўрапейскага Зьвязу Херман ван Рампей у суботу на канфэрэнцыі па пытаньнях бясьпекі ў Мюнхене.
Прапанова аб больш цесным супрацоўніцтве Эўразьвязу і Украіны па-ранейшаму актуальная. «Прапанова застаецца ў сіле. Мы ведаем, што час працуе на нас. Будучыня Украіны — ў Эўрапейскім Зьвязе», — заявіў ён.

Рампей адзначыў, што падчас праведзенага раней у Брусэлі адкрытага абмену думкамі з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным ён і старшыня Эўрапейскай камісіі Жазэ Мануэл Барозу далі расейскаму лідэру адказ на пытаньне, «чаму мы заклапочаныя уплывам Расеі на працэс ўсталяваньня больш шчыльніх эканамічных сувязяў з Эўразьвязам».

«Мы таксама падкрэьслілі, што выбар зьяўляецца неад’емным правам ўсіх незалежных краінаў, уключаючы Малдову і Грузію», — сказаў Рампей.

Спадар Рампей нагадаў , што запрашэньне Ўкраіны да супрацоўніцтва было зроблена на пэўных умовах. Пры гэтым гаворка не ідзе пра тое, каб гэтая краіна псавала адносіны «са сваім вялікім суседам , зь якім яе аб’ядноўвае агульная гісторыя», — падкрэсьліў палітык.