Экспэрт: Гіпэрмаркетаў трэба болей і розных

Ці праўда, што беларускія гіпэрмаркеты належаць пераважна расейскім мільярдэрам, і чаму кошты ў беларускіх гіпэрмаркетах вышэйшыя за кошты ў падобных сетках у Эўропе?
Аляксандар Лукашэнка на нарадзе па праблемах гандлю заявіў пра небясьпеку трапіць у кабалу да гіпэрмаркетаў, з-за якіх «паміраюць» дробныя крамы гэтак званай «крокавай дасяжнасьці». «Я ўжо папярэджваў губэрнатараў і асабліва мэра Менску: за кожны гіпэр-, супэрмаркет адкажаш галавой, асабліва калі будуць зьнішчаныя крамы крокавай дасяжнасьці», — сказаў Аляксандар Лукашэнка і загадаў «захоўваць прапорцыю». Але дакладных лічбаў гэтай прапорцыі не назваў.

А ці яна магчымая? Увядзеньнем прапорцыяў на айчынныя ці замежныя крамы беларуская дзяржава пакуль не займалася, але спробы гэтак рэгуляваць суадносіны айчынных і замежных тавараў на паліцах беларускіх крамаў рабіліся ня раз. Прадпрыемствам гандлю ўжо рэкамэндавана прадаваць ня менш як 80% беларускіх тавараў, але гэта мала каму ўдаецца. Паводле міністра гандлю Валянціна Чаканава, у 2013 годзе доля беларускіх тавараў у розьнічнай сетцы скарацілася ў параўнаньні з папярэднім годам з 71% да 65%. У гіпэрмаркетах, паводле экспэртаў, доля беларускіх тавараў яшчэ ніжэйшая. «Наш асартымэнт ніяк не залежыць ад месца вырабу тавару, а найперш ад яго якасьці і выдаткаў на дастаўку», — патлумачыла супрацоўніца гіпэрмаркету «Гіпа» ў менскай Серабранцы. Дарэчы, ці праўда, што гэтая папулярная гандлёвая сетка таксама належыць расейскаму капіталу?

Паводле зьвестак у інтэрнэце, заснавальнік сеткі крамаў «Гіпа» — замежнае прадпрыемства «БелВілесдэн», якое зарэгістраванае ў Вялікабрытаніі. Але экспэрты папярэджваюць: замежны капітал бывае і «айчынным», вывезеным калісьці адкуль заўгодна. Генэральны дырэктар «БелВілесдэн» Алег Бараноўскі займае 26-ты радок у сьпісе самых уплывовых бізнэсмэнаў Беларусі. А пачынала фірма з выгаднага ў Беларусі гандлю рыбай і рыбапрадуктамі. Паводле экспэртаў, гэтым займаліся і іншыя айчынныя алігархі.

Пад сумнеў ставяць экспэрты прыналежнасьць да расейскага капіталу другой вядомай сеткі — гіпэрмаркетаў ProStore. Паводле зьвестак Marketing.by, у 2011 годзе расейская кампанія «Сёмы кантынэнт» прадала кантрольны пакет акцыянэрнага таварыства «Прастормаркет» кампаніі набліжанага да Лукашэнкі беларускага алігарха Юрыя Чыжа «Трайпл», зь якой у 2006 годзе пачынала сумесны гандлёвы бізнэс у Беларусі. Да гэтай зьдзелкі «Сёмы кантынэнт» плянаваў адкрыць у Беларусі 100–120 «міні-ПраСтораў», але спыніў праект, а потым і ўвогуле сышоў зь Беларусі.

Чаму буйному замежнаму бізнэсу нявыгадна разьвіваць у Беларусі дробны гандаль? Незалежны эканаміст Сяргей Балыкін мяркуе, што асноўная прычына — у вялікіх выдатках на бюракратычныя працэдуры.

Сяргей Балыкін

«У нас недахоп гандлёвых плошчаў. Атрымаць нейкую невялікую краму ў арэнду ці пабудаваць яе гэтак жа цяжка, як пабудаваць гіпэрмаркет. Атрымліваецца выбар: ці адкрываем гіпэрмаркет, ці 10 невялікіх крамаў той жа плошчы. У першым выпадку нам трэба адзін дазвол на гандаль, адно ўзгадненьне таварнага асартымэнту і гэтак далей. А калі на 10 крамаў, то такіх папераў трэба 10 камплектаў».

А як быць з цэнамі? Чаму ў беларускіх гіпэрмаркетах яны вышэйшыя, чым на такія самыя тавары ў гіпэрмаркетах Польшчы ці Літвы? Высокія цэны ў беларускіх гіпэрмаркетах, мяркуе экспэрт, — вынік адсутнасьці канкурэнцыі і карумпаваных сувязяў з уладай. Паводле Сяргея Балыкіна, каб цэны ў беларускіх гіпэрмаркетах заўважна зьнізіліся, беларускі рынак трэба не закрываць, а наадварот — адкрываць для сусьветна вядомых гандлёвых сетак.
Наадварот, трэба дапусьціць сюды як мага больш замежнікаў

«Наадварот, трэба дапусьціць сюды як мага больш замежнікаў. А якія яны будуць — амэрыканцы, расейцы, літоўцы ці французы — гэта не галоўнае. Галоўнае, каб тут працавалі вялікія сеткі, якія працуюць празрыста. І даць ім магчымасьць працаваць тут менавіта празрыста, з самымі невялікімі абмежаваньнямі ці ўвогуле без абмежаваньняў. Не кантраляваць іхнія цэны, ня ціснуць нейкімі мытнымі працэдурамі. Толькі тады сюды пойдуць тавары з усяго сьвету і яны будуць танныя».

Нядаўна сусьветна вядомая гандлёвая сетка Groupe Auchan St з Францыі заявіла пра намер адкрыць у Менску свой першы гіпэрмаркет «Ашан» — пакуль невялікі, усяго на 5–7 тысяч квадратных мэтраў гандлёвых плошчаў. Супрацоўніца міністэрства гандлю, зь якой карэспандэнт Свабоды абмяркоўваў праблемы разьвіцьця гіпэрмаркетаў у Беларусі, ня надта верыць, што заяўленыя пляны рэалізуюцца.

Вялізны гандлёвы цэнтар на паўночнай мяжы сталіцы


«„Ашан“ ужо 10 гадоў кажа, што будзе адкрываць у нас гіпэрмаркет», — заўважыла суразмоўніца. З тым, што ў менскіх гіпэрмаркетах кошты вышэйшыя за сярэднеэўрапейскія, прадстаўніца Мінгандлю не пагадзілася:

«Я, праўда, у гіпэрмаркетах не бываю, бо іх у цэнтры няма. Але што да цэнаў, то ёсьць дыскаўнтныя гіпэрмаркеты, дзе цэны ніжэйшыя, а ёсьць бізнэс-клясу, як „Карона“ — там вышэйшыя. Гэта натуральна. Нехта выкарыстоўвае дыскаўнтную форму продажу, дзе ніжэйшыя кошты, але ніжэйшы і ўзровень абслугоўваньня. Той жа „Эўраопт“, які актыўна працуе з дыскаўнтамі. А нехта, як „Карона“ ці ProStore, — у іх вышэйшая кляса. Але збольшага на тавары першай неабходнасьці ва ўсіх кошты аднолькавыя».