Сяргей Астраўцоў пра жорны і закулісы ХХ стагодзьдзя

Эўракамісія вырашыла не адзначаць сотыя ўгодкі пачатку І Сусьветнай вайны.
Што ж, шампанскае наліваюць, калі вайну закончылі, не наадварот. Сапраўды: яе выбух стаў першай вельмі значнай, катастрафічнай падзеяй ХХ стагодзьдзя. Хаця былі і вынікі больш аптымістычныя, прынамсі на першы погляд. Разваліліся старыя эўрапейскія імпэрыі, дзьве зь якіх «кашу заварылі», і паўсталі новыя незалежныя дзяржавы. Гісторык зь Нямеччыны Дан Дынэр (Dan Diner) напісаў мэмуарную кнігу пра ХХ век — «Зразумець стагодзьдзе». Ён стараецца разабрацца ў гадзіньнікавым мэханізьме часу: як рухаліся стрэлкі, ад чаго залежалі?




«Жніво» кулямётаў


Дан Дынэр лічыць: вайну зрабілі небывалай гекатомбай зусім не атрутныя газы і не шрапнэль. Восемдзесят адсоткаў забітых, а гэта мільёны жаўнераў, — «жніво» аўтаматычнай зброі, дакладней — кулямёта. Пакуль яго не ўзялі на ўзбраеньне, шанцы двух супрацьлеглых стралкоў былі прыблізна аднолькавыя. Цікава, што кулямёт выкарыстоўваўся раней, але толькі ў калёніях — супраць хваляваньняў заняволеных тубыльцаў — і быў зброяй элітарнай, імі ўмелі карыстацца толькі афіцэры, напрыклад, брытанскія. З пачаткам вайны ўсё зьмянілася. Гісторык піша: «Адносна аўтаматычнай зброі ўсе станавіліся роўнымі: кожны быў у стане абслугоўваць машыны для забіцьця — рабочы, селянін, мешчанін або шляхціц».

Да слова: зямляк Дана Дынэра, вядомы пісьменьнік Гюнтэр Грас атрымаў Нобэлеўскую прэмію менавіта за кнігу «Маё стагодзьдзе» (кожнаму году прысьвечаная навэлка). Успамінаецца ў ёй і пра фасген, і пра вельмі ўдасканаленыя міны, шаравыя, бутэлечныя, снарады з узрывальнікам запаволенага дзеяньня. А што да неверагодных памераў нямецкай гарматы, пра яе пабудову Грас паведамляе загадзя — пад 1910 годам: «І адлілі яны такую храновіну, якою ўсе папросту ганарыліся, таму што такой гаргары яшчэ сьвет ня бачыў». Па вэрсіі пісьменьніка, «тоўстай Бэртай» яе назвалі, зважаючы на кабеціну, якая жыла ў заводзкім пасёлку.

Польшча адрадзілася


Нам цікава, што піша Дан Дынэр «пра нашыя ваколіцы». Польшча ішла шляхам стварэньня дзяржавы на этнічнай падставе, адначасова зь вяртаньнем даўнейшых гістарычных абшараў, што называецца «ірыдэнтай». У выніку толькі менш за дзьве трэці насельніцтва было польскім, зазначае гісторык. На мірных перамовах у Парыжы ў 1919-м у канстытуцыі такіх краінаў уключылі палажэньне аб ахове правоў нацыянальных меншасьцяў. Але Польшча зь іншымі краінамі «адчувалі гэта як абмежаваньне зь цяжкасьцю здабытай сувэрэннасьці».

Заходнія дзяржавы не абвясьцілі жалезна, што будуць бараніць меншасьці. Тым самым яны «хутчэй запачаткоўвалі працэс паступовай асыміляцыі меншасьці ў дамінуючым дзяржаўным народзе. Ахова правоў меншасьці мела гэтаму працэсу пасьлядоўнага прыпадабненьня дапамагаць, а не ўскладняць яго», зазначае Дынэр. Дваццаць міжваенных гадоў былі часам канфліктаў, «якія вырасьлі з напружаньня паміж намінальнымі нацыямі і нацыянальнымі меншасьцямі». Першыя імкнуліся вызваліцца ад абавязку ахоўваць правы меншасьці, другія спрабавалі гэтага не дапусьціць.

Санітарны кардон у «Міжэўропе»


Дан Дынэр піша толькі ўскосна аб тым, чаму ня ўзьнікла такая дзяржава як БНР. Адной падставы самавызначэньня на Парыскай мірнай канфэрэнцыі лічылі недастатковай, бралася пад увагу таксама «эканамічная жыцьцяздольнасьць новай дзяржавы». Але ў рэшце рэшт мусілі спыняцца на зьдзейсьненых фактах — калі пэўны ўрад мае ўладу над пэўнай тэрыторыяй і магчымасьць яе абараніць, значыць, тэрыторыя мае права на існаваньне. Гісторык зазначае: «Тэрытарыяльныя рэгуляцыі ў „Міжэўропе“ — паміж Нямеччынай і Расеяй — мелі на мэце запабегчы зьяднаньню інсьпіраваных Саветамі рэвалюцыйных тэндэнцый зь нямецкай прагай рэваншу і рэвізіі». У выніку дзяржавы-пераможцы стварылі «санітарны кардон» з Польшчы і Румыніі, якія француская прэса ўвесну 1919-га назвала «Тэрмапіламі заходняй цывілізацыі».

Аднак «цуду над Віслай» магло б і ня быць, і Варшава была б занятая Чырвонай арміяй. Дан Дынэр піша, што Сталін не хацеў даваць у дапамогу Тухачэўскаму Першую конную армію, якая магла б вырашыць лёс вайны з палякамі. У гэтым былі асабістыя матывы, але пераважыла іншае: ён лічыў важнейшым, задачай нумар адзін — перамагчы генэрала Урангеля, захапіць Крым, каб цалкам апанаваць расейскія тэрыторыі, ня мець у тыле ня зьнішчанага ворага.


Басфор і Дарданэлы


На Парыскую канфэрэнцыю Нямеччыну і савецкую Расею не запрашалі, і яны «неахвотна пагадзіліся з існаваньнем польскай дзяржавы», заўважае нямецкі гісторык. Англія імкнулася ўсяляк адцягнуць вайну, Чэмбэрлен баяўся Гітлера. Пасьля таго, як у Мюнхэне ў 1938 Англія і Францыя здалі яму Чэхаславаччыну, Сталін стаў пабойвацца, каб англічане не схаўрусавалі зь немцамі, піша Дан Дынэр. Таму сам быў ня супраць гэта зрабіць.

У адказ Францыя прапанавала Англіі напачатку 1940-га пачаць баявыя дзеяньні ў раёне Чорнага мора і на Каўказе. Мэты: зьменшыць баявы імпэт Гітлера на Захадзе і перашкодзіць іхняму супрацоўніцтва са Сталінам. З аэрадромаў у Іраку саюзьнікі мелі зьнішчыць нафтавышкі Баку. Але неўзабаве Францыя, як вокам зьмежыць, упала да ног Гітлера. Нямецкі гісторык піша, што Сталін быў уражаны такой хуткай яе паразай. У яго ўзьнікла задума пабудаваць над Басфорам і Дарданэламі савецкія авія- і марскія базы. Але ягоны бэрлінскі хаўрусьнік яе не падтрымаў.

Немцы пасьля вайны маўчалі


«У Нямеччыне пасьля вайны не ўспаміналі пакутаў насельніцтва, прынамсі публічна, падкрэсьлівае аўтар кнігі. Не гаварылася пра ахвяры высяленьняў і паветранай вайны. Не аплаквалі палеглых». Для такога маўчаньня было нямала прычынаў. Гісторык працягвае: «Адна мае несумненна асаблівае значэньне: супольная інтуіцыя, што цяжар злачынстваў, зьдзейсьненых немцамі ў імя Нямеччыны, вельмі прыгнятальны і прымушае маўчаць».

Гісторык называе «цэнтральнай падзеяй стагодзьдзя» злачынствы супраць чалавечнасьці, якія зьдзейсьнілі два рэжымы — Гітлера і Сталіна. Ён удакладняе, што першы зьнішчаў іншых, другі — сваіх. Праўда, беларусу хочацца прачытаць таксама пра вялікія ахвяры свайго народу ў апошнюю вайну, але аўтар ня кажа аб іншых, ён засяроджаны выключна на Галакосьце.


А потым была халодная вайна


Што было потым? Пачалася халодная вайна. Яна ўзьнікла над Басфорам і Дарданэламі, зазначае Дан Дынэр. Узьнікала пагроза, што Грэцыя і Турцыя апынуцца пад савецкім уплывам. У жніўні 1946-га на паўднёвым Каўказе было сабрана дваццаць пяць савецкіх дывізій. Турцыя баялася інтэрвэнцыі і трымала супраць іх шэсьцьсот тысяч салдат, што руйнавала яе бюджэт. Англія больш не магла ўкладаць грошы ў гэтую сваю традыцыйную сфэру ўплываў, яе чакала рэзкае скарачэньне каляніяльнай імпэрыі. У наступным годзе яна зьвярнулася да ЗША з просьбай пераняць яе ролю. Штаты сталі сусьветнай супэрдзяржавай. Каб працягнуць спаборніцтва дзьвюх каштоўнасьцяў — заходняй «свабоды» і савецкай «роўнасьці».

Сваю кнігу нямецкі гісторык нечакана канчае на 1957 годзе, на пачатках аб’яднаньня Эўропы. Лёгіка ясная: гэты працэс працягваецца і сёньня, вызначае геапалітычную сытуацыю на кантынэнце, на якім, уласна кажучы, і знаходзілася дагэтуль уся сусьветная «кухня». Што да савецкага лягеру, яго ня стала, калі яшчэ ХХ стагодзьдзе не закончылася, не хапіла імпэту.


Што зь беларускім цягніком?


Васіль Быкаў яшчэ ў савецкі час у адной сваёй аповесьці вуснамі пэрсанажа сказаў, што беларусы спазьніліся на свой цягнік. Аднак потым ён раптам нечакана вярнуўся на пэрон у 1991-м. Што было далей — нядрэнна вядома, але за кулісамі заўсёды застаецца яшчэ нямала невядомага. Цікавай выглядала б спроба напісаць мэмуары пра ХХ стагодзьдзе вачыма беларуса, уяўнага пасажыра гэтага цягніка: з вакна вагона заўсёды болей убачыш, чымсьці стоячы на пэроне.