Людзі на Майдане крычаць «Дзякуй, Беларусь!», — Някляеў

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў прыехаў у Кіеў, каб разьвітацца з загінулым беларусам Міхаілам Жызьнеўскім.
«Людзі ішлі і крычалі „Дзякуй, Беларусь!“. У мяне горла сьціснулася.... Гэта такая высокая і трагічная дзея... Людзі ідуць і плачуць.. І разам з тым велізарная вера і рашучасьць у вачах. Гэта 50-100 тысяч чалавек. Яны крычаць „Герой!“... Я проста прыехаў зь ім разьвітацца, сказаць яму „дзякуй“ — і больш нічога...»

Уладзімер Някляеў распавядае, што людзі, якія ўдзельнічаюць у памінальнай хадзе, увесь час акружаюць прысутных лідараў апазыцыі Арсэня Яцэнюка і Алега Цягнібока і просяць іх «не адступаць ад патрабаваньняў Майдана».

Паніхіда па забітым на Грушэўскага Міхаіле Жызьнеўскім адбылася ў Міхайлаўскім саборы ў Кіеве. Пасьля труну зь целам Міхаіла пранесьлі да Майдана, пагрузілі ў машыну і вязуць да першай барыкады на рагу Хрэшчаціка і Грушэўскага. Труну прынясуць на тое месца на вуліцы Грушэўскага, дзе Міхаіл быў забіты.

Міхаіл Жызьнеўскі быў забіты ў Кіеве 22 студзеня стрэлам ў сэрца.