Міліцыянты ва Ўкраінскім доме ў Кіеве пакінулі патроны і пустыя бутэлькі

На даху Ўкраінскага дому, захопленага мітынгоўцамі, знайшлі шмат пратаптаных у сьнезе сьцежак і загубленыя ў сьнезе баявыя патроны.
Апрача таго, міліцыянты, якія хаваліся ў будынку Ўкраінскага дому і пад ціскам дэманстрантаў пакінулі яго, сарвалі плёмбы са скрыняў, дзе захоўваліся экспанаты Музэя гісторыі Кіева.

Як паведамляе 5 канал, гэта выявілі дэманстранты, якія захапілі будынак.
Зараз дэманстранты, наводзяць у ім парадак, разграбаюць шкло.

Дэманстранты таксама захапілі прэзыдэнцкі штандар.

У будынку пасьля міліцыянтаў засталося шмат бутэлек ад гарэлкі і рэшткаў ежы, паказвае 5 канал.

Адзін з мітынгоўцаў абураецца тым, як тут бавілі час міліцыянты, і нагадвае, што на Майдане дзейнічае сухі закон.


Штурм будынку ажыцьцяўляўся амаль усю ноч. Дэманстранты вырашылі захапіць будынак, каб міліцыянты адсюль не змаглі ўдарыць у тыл барыкадам на вуліцы Грушэўскага.