Лагвінец: «Эўрапейскія санкцыі могуць ператварыць Януковіча ў новага Лукашэнку»

Алесь Лагвінец

Чаму голас эўрапейскіх палітыкаў ня мае вялікага ўплыву на падзеі ва Ўкраіне? Ці можна сказаць, што Эўразьвяз недастаткова актыўна рэагуе на драматычную ўкраінскую сытуацыю? Якія станоўчыя і нэгатыўныя бакі магчымага ўвядзеньня санкцый супраць афіцыйнага Кіева? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Алесь Лагвінец.
— Сярод аналітыкаў і палітыкаў нарастае незадаволенасьць той ня вельмі актыўнай роляй, якую адыгрывае Эўразьвяз падчас украінскіх падзеяў. Як сьцьвярджаюць многія, голасу эўрапейскіх палітыкаў не чуваць, іхняга ўплыву не адчуваецца. Чаму так адбываецца, і ці справядлівыя крытычныя выказваньні ў бок палітыкаў Эўразьвязу?

— Па-першае, я б не сказаў, што Эўразьвязу зусім не відаць. Нагадаю, што ўсё пачалося якраз пасьля адмовы ўладаў Украіны падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам.

Можна зразумець пэўныя перасьцярогі палітыкаў Эўразьвязу адносна актыўнасьці сваёй рыторыкі. Нельга выключаць расейскі аспэкт. Масква толькі чакае памылак з боку Эўразьвязу, каб падкрэсьліць прывабнасьць сваёй пазыцыі і яшчэ больш уцягнуць да сябе ўлады Ўкраіны.

Мне падаецца, што з боку Эўразьвязу ўсё ж гучалі канкрэтныя галасы адносна таго, што мусілі б рабіць улады Ўкраіны.

— Нядаўна прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі заявіў, што магчымасьць увядзеньня супраць афіцыйнага Кіева пэўных санкцыяў вісіць на валаску. Разам з тым ён нагадаў пра розныя бакі (станоўчы і нэгатыўны) ад увядзеньня санкцыяў. Пра якія санкцыі можа ісьці размова і наколькі пагроза іхняга ўвядзеньня можа ўплываць на паводзіны ўкраінскай улады?

— Праблема акурат у тым, што набор дзеяньняў Эўразьвязу вядомы, і ён ня моцна палохае ўлады Ўкраіны, якія фактычна захапілі ў палон уласны народ. Буйнамаштабныя санкцыі наўрад ці могуць быць прымененыя адразу, нарастаньне санкцыяў ня робіцца за адзін дзень. Пытаньне ў тым, ці візавыя абмежаваньні і замарожваньне рахункаў могуць істотна паўплываць на дзеяньні кіраўнікоў Украіны.

Ад некаторых заходніх аналітыкаў, якія шчыльна займаюцца Ўкраінай, я чуў перасьцярогу, што санкцыі могуць пераўтварыць Януковіча ў новага Лукашэнку. То бок настолькі адштурхнуць кіраўніцтва Ўкраіны, што немагчыма будзе далей зь ім размаўляць. А гутарка якраз ідзе пра тое, каб пашыраць магчымасьці ўплыву на ўкраінскае грамадзтва, а не звужаць іх.

Так ці іначай, у выпадку санкцыяў вельмі складана адасобіць народ ад канкрэтных асобаў з улады. Эўразьвяз ня можа не казаць пра магчымыя санкцыі, але набор дзеяньняў у яго даволі абмежаваны. Тым ня менш у найбліжэйшы час пэўныя крокі будуць прынятыя. Тут ЗША ідуць наперадзе, яны ўжо заявілі, што ўсе вінаватыя ў рэпрэсіях будуць падлягаць іхнім санкцыям. Тут велізарная палітычная дылема для кіраўнікоў Захаду, як зрабіць так, каб Украіна па-ранейшаму захавала сваю эўрапейскую пэрспэктыву, не была ізаляваная, але каб маральная ацэнка дзеяньняў уладаў была зробленая.