Мітрапаліт Павал: «Абвяргаць айца Андрэя Кураева ня буду»

Your browser doesn’t support HTML5

Патрыяршы экзарх усяе Беларусі, мітрапаліт Менскі і Слуцкі Павал, які стаў пераемнікам уладыкі Філарэта і быў прызначаны на гэтую пасаду менш за месяц таму, даў эксклюзіўнае інтэрвію Радыё Свабода.
Уладыка Павал адказаў на розныя пытаньні Свабоды: і пра стаўленьне да беларускага грамадзянства, і пра «блакітнае лобі» ў праваслаўнай царкве, і чаму на пасаду кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы прызначаны расеец, і пра стасункі зь іншымі канфэсіямі.

Прапануем вашай увазе фрагмэнты інтэрвію.

Пра савецкую ідэалёгію


Нядаўна прызначаны мітрапаліт Менскі і Слуцкі Павал у 1970-х адслужыў у войску, потым працаваў сьлесарам, і ўжо потым сьвядома абраў свой шлях: паступіў у Маскоўскую духоўную сэмінарыю, потым — у духоўную акадэмію. У свой час ягоная сям’я пацярпела ад савецкай улады. На пытаньне, як уладыка ставіцца да савецкай ідэалёгіі, шматлікіх помнікаў Леніну ды іншай савецкай спадчыны, якой у Беларусі яшчэ шмат, адказаў так:\

«З часам людзі разумеюць, што была гэтая ідэалёгія, але яна не туды прывяла. Яна нанесла такую калясальную шкоду велічэзнай колькасьці людзей. Хто гэта ўсьведамляе, разумее — слава Богу. Для кагосьці гэта застаецца ідэалёгіяй. Я ў такім выпадку кажу: сябры мае, ня трэба рэзаць па жывым. Але сьмяяцца і зьдзекавацца з такіх людзей няправільна. Мы не сьмяемся з той ідэалёгіі ці з помнікаў, якія для многіх сапраўды былі сымбалямі ў іхнім жыцьці. Прыйдзе час — і тыя людзі дасьпеюць. Але ламаць, заклікаць людзей да нейкіх пераваротаў — гэта няправільна. Гэта ня шлях хрысьціянскі, ня шлях эвангельскі».

Пра «блакітнае лобі»


Пару тыдняў таму інтэрнэт ускалыхнулі выказваньні расейскага царкоўнага дзеяча Андрэя Кураева пра «блакітнае лобі» ў праваслаўнай царкве і, у прыватнасьці, абвінавачаньні на адрас гомельскага эпіскапа Стэфана.

«Я абвяргаць ні лобі, ні айца Андрэя Кураева ня буду. Я проста скажу, што ў Менскую эпархію не паступалі скаргі ні на ўладыку Стэфана, ні на каго іншага. Хачу заявіць цалкам афіцыйна: калі скаргі будуць паступаць, мы абавязкова будзем іх разглядаць і прымаць адпаведнае рашэньне».

Прычым скаргі, на ўладыку Стэфана ці на любога іншага сьвятара, будуць разглядацца ў адпаведнасьці з кананічнымі правіламі, запэўніў мітрапаліт Менскі і Слуцкі Павал:

«Будзе разбор адпаведнымі царкоўнымі органамі, камісіяй, судом. Павінна быць ня менш за двое сьведак. Я ўжо ў гэтыя дні спрабаваў высьветліць, ці праўда гэта. Але нават вуснага сьведчаньня ніхто ня даў. Вось прайшло два тыдні — няма ніводнай скаргі і ніводнага сьведчаньня».

А вось аднаполыя шлюбы царква не ўхваляе. І абурае ўладыку Паўла ня толькі тое, што ёсьць такі грэх, а тое, як гэта ўсё ўкараняецца, навязваецца:
Заходні сьвет і Эўропа так навязваюць гэтае блуднае, распуснае сужыцьцё

«Заходні сьвет і Эўропа так навязваюць гэтае блуднае, распуснае сужыцьцё. Вы паглядзіце, які ціск аказваецца на краіны, якія спрабуюць аб’яднацца з Эўразьвязам! Прызнаць сужыцьцё паміж мужчынамі законным шлюбам, прызнаць сужыцьцё паміж жанчынамі законным шлюбам! Гэта багаборніцтва самае сапраўднае! Сам Гасподзь казаў: гэта мярзоцьце перад Богам. Такое сужыцьцё супрацьнатуральна. Гэта проста нонсэнс. Канечне, царква ня можа пра гэта маўчаць».

Пра іншыя канфэсіі


Што да ўзаемадзеяньня і супрацоўніцтва зь іншымі канфэсіямі, якіх у Беларусі шмат, мітрапаліт Павал сказаў, што прытрымліваецца народнай мудрасьці: лепш дрэнны мір, чым добрая вайна:

«Навошта ваяваць, калі можна сябраваць? Так што будзем сябраваць. Але асабіста я буду сябраваць з тымі канфэсіямі, якія свае справы і свае дзеяньні будуць скіроўваць на стваральныя справы. Калі канфэсіі будуць працаваць на развал, зь імі я супрацоўнічаць ня буду. Я буду супрацоўнічаць, сябраваць, рабіць усё магчымае дзеля стваральных спраў».
Першая частка інтэрвію зь мітрапалітам Паўлам:

«Патрыярх накіраваў мяне сюды не для таго, каб я тут дроў наламаў...»