Майдан пашыраецца на рэгіёны Ўкраіны (МАПА)

У якіх рэгіёнах штурмуюць дзяржаўныя ўстановы.
У некалькіх абласных цэнтрах Украіны людзі захапілі альбо блякавалі будынкі органаў улады, шмат дзе адбыліся сутычкі з праваахоўнікамі.

У Чарнаўцах паводле стану на 11 гадзін пятніцы адбываўся штурм будынку дзяржадміністрацыі, выламаныя бакавыя дзьверы. Прыблізна 500 чалавек дамагаюцца адстаўкі старшыні адміністрацыі Міхаіла Папіева.

У Чаркасах дэманстранты ўчора ўвечары захапілі частку будынку, у якім знаходзяцца абласная дзяржадміністрацыя і абласная рада. Мітынгоўцы ламалі і выкідалі мэблю і абсталяваньне, размалёўвалі сьцены сваімі лёзунгамі. Аднак міліцыі ўдалося адбіць будынак. Затрымана 58 чалавек. А па факце блякаваньня будынку і масавых беспарадкаў пракуратура гораду Чаркасы распачала крымінальную справу.

У Цярнопалі мітынгоўцы падчас сутыкненьняў зь міліцыяй таксама захапілі будынак дзяржадміністрацыі і абласной рады. Тут актывісты заклікалі нічога ня нішчыць. Мясцовы штаб нацыянальнага супраціву заявіў, што «бярэ на сябе кіраўніцтва». Міліцыя распачала крымінальную справу па факце захопу дзяржаўных ці грамадзкіх будынкаў.

У Роўна будынак дзяржадміністрацыі таксама захапілі дэманстранты. Яны заявілі, што самі будуць адказваць за захаваньне будынку і маёмасьці, але ня маюць намеру вызваляць дзяржаўную ўстанову. Распачатая крымінальная справа.

Барыкады каля Абласной адміністрацыі ў Роўне



У Львове мітынгоўцы першымі ва Ўкраіне захапілі будынак дзяржадміністрацыі і абласной рады і прымусілі старшыню адміністрацыі Алега Сала напісаць заяву пра адстаўку, якую ён пазьней абверг, заявіўшы, што зрабіў гэта пад прымусам. Па факце спробы захопу дзяржаўнага будынку распачатая крымінальная справа.

Барыкады ў Львове



У Хмяльніцкім пратэстоўцы таксама захапілі будынак абласной дзяржаўнай адміністрацыі і забарыкадавалі ўезд на яе тэрыторыю.

У аблогу будынак абласной дзяржадміністрацыі ўзялі ў Івана-Франкоўску, але там спробы людзей прайсьці ўсярэдзіну спынілі праваахоўнікі.

З 1 сьнежня ў Кіеве захопленая гарадзкая адміністрацыя на Храшчаціку, там цяпер адзін са штабоў Эўрарэвалюцыі.