Зінаіда Берагейка: «Нас атруцілі радыяцыяй»

Жыхарцы Клічава Зінаідзе Берагейцы дыягнаставалі рак тоўстага кішэчніка ў 69 гадоў. Анкалёгія змусіла яе ў такім паважным веку прайсьці апэрацыю ды хіміятэрапію. Пакуль яна лячылася, іншая хвароба забрала ў яе мужа. Зьмірыцца са стратаю і пасьляапэрацыйнымі пакутамі было ня проста, але яна іх перажыла. Зінаіда Берагейка верыць у Бога, людзкую спагадлівасьць, уласныя сілы, узаемадапамогу ды гаючую моц прыроды.

Восем гадоў таму, ідучы на абсьледаваньне ў паліклініку, Зінаіда Берагейка ведала, што зь яе здароўем ня ўсё ў парадку. Жанчыне аднак думалася, што прычына немачы ў хваробе сэрца. Склалася ж іначай. Тыя даўнія падзеі Зінаіда Іванаўна згадвае разважліва, па драбніцах.

«Балела дужа сэрца. Я лічыла, што на нагах перанесла інфаркт. А гэта быў недахоп гемаглябіну ў крыві. Ня ўзбагачалася сардэчная мышца як сьлед кіслародам і, таму былі болі. Думала, што гэта сэрца і „хапала“ ўсё — пакуль моцна не забалеў кішэчнік. Пайшла тады абсьледавалася. І гэта ўжо была злаякасная пухліна. Калі ўпаў гемаглябін ніжэй за 80, то ня варта ўжо ў ні ў каго пытаць... У мяне сьвякроў перахварэла. Я дасьведчанай была. Гэтак я паставіла сабе дыягназ, а потым пайшла да лекараў. Мне тады было 69, а цяпер пятага ліпеня будзе 78. А другога лютага ў мяне другі дзень народзінаў. У гэты дзень мне зрабілі апэрацыю. Жыву восем гадоў і слава Богу».

Апэрацыю анкапацыэнтка перанесла добра. Двое сутак ёй рабілі ўколы з абязбольваючымі прэпаратамі. На трэція — Зінаіда Іванаўна адмовілася ад іх, каб даведацца, як баліць рак пасьля апэрацыі.

«У мяне памерла сьвякроў ад анказахворваньня, дык мы тады дайшлі да морфію і калолі ёй ледзьве ня кожную гадзіну. І я думала, што абязбольваючыя — гэта наркотыкі, і што іх нельга ўжываць, хіба толькі тады, калі наагул няма як сьцярпець. А пасьляапэрацыйны боль можна стрываць. Самае страшнае было — гэта хіміятэрапія. Ляжыш гадзіны чатыры ці пяць пад кропельніцай. Могуц быць і ваніты, і дыярэя. Ратавалі адзін аднаго тады. Падтрымка людзкая заўжды цэніцца. „Пра цябе патурбаваўся нехта — такі ж самы хворы як і ты. У яго ёсьць сілы і ён дапамог“. Гэта вельмі важна!».



Зінаіда Іванаўна ўпэўненая, што бязь веры ў жыцьцё адолець страшную хваробу немагчыма. Ня варта, кажа яна, роспачна апускаць рукі ані старым, ані маладым, бо і адны, і другія прагнуць жыцьця. Жанчына прызнаецца, што шлях да выздараўленьня не абыходзіцца бяз стратаў.



«Мне ня дужа страшна было паміраць, бо значная частка жыцьця была пражытая. Але я вам хачу сказаць, жыць усе хочуць. У мяне ўнукі ёсьць. Хочацца іх дагледзіць. Пажаніць. Замуж аддаць. Таму і паставіла перад сабой задачу: „Трэба жыць, чытаць, лячыцца“. Я ж займалася зёлкамі. Дык вось „села“ на гэтыя зёлкі, у якіх была ўпэўнена — залаты вус, растаропша, палын... І ўсё гэта пайшло на карысьць і я жыву, дзякуй Богу. Быў у мяне добры сябра жыцьця — муж. Ён мо праз маю хваробу ды перажываньні і пайшоў заўчасна ў 64 гады. Ня стаў лячыцца сваечасова і вось вынік. Мая віна...».

Два сыны і муж цяжка перажывалі, пачуўшы ад Зінаіды Іванаўны дыягназ лекараў. Гэтая навіны агаломшыла. Сьмерць мужа для Зінаіды Іванаўны стала найвялікшым выпрабаваньнем падчас хваробы.



Дапамаглі ёй справіцца з горам дзеці ды блізкія. Спыніўшы на момант аповед, жанчына ўдумліва зірнула на фотку мужа і працягвае далей. Сьмерць, паўтарыла Зінаіда Іванаўна, не палохала, але ж ведаеце, што найболей палохае анкапацыэнтаў, запытала яна зьнянацку.

Вось падышла я адной бярозцы. Абняла яе, пастаяла. Потым схадзіла да дубочка. Папрасіла ў яго сіл. І сьпіной да яго і абняўшыся з ім пастаяла. Пахадзіла. І вось гэтак кожны дзень
«Баяцца наступстваў і скону. Скон дужа страшны — дужа балючы. Нават і наркотыкі не заўжды дапамагаюць. Адчайвацца аднак ня трэба. У маім атачэньні чалавек пятнаццаць, слава Богу, перажылі і працягваюць жыць. Вядома ж на пачатку ні ў каго ўпэўненасьці не бывае. Але надзея павінна прысутнічаць заўжды. „Дапамагло людзям — дапаможа і мне“. Я надзеі ніколі не кідала. Малілася. Бога прасіла. Калі магла, наведвала храмы. Я лічу, што мне Гасподзь дапамог і выратаваў. Даў мне сілы. Вось цяпер жыву. У Бога трэба верыць і дапамога без сумневу будзе».

Кажучы пра Боскую дапамогу ды зёлкі Зінаіда Іванаўна не прамінула згадаць і тую ж гаючую моц роднага ёй клічаўскага лесу. Пакуль муж быў жывы, вазіў яе туды.



«Вось падышла я адной бярозцы. Абняла яе, пастаяла. Потым схадзіла да дубочка. Папрасіла ў яго сіл. І сьпіной да яго і абняўшыся з ім пастаяла. Пахадзіла. І вось гэтак кожны дзень. Калі мае суседзі, сябры чакалі, што будуць наведвацца да мяне, што я такая хворая. А я ім сказала: „Ніякая я ня хворая. Вось, калі мяне зусім „складзе“ — тады і будзеце хадзіць“. Трэба самім змагацца за жыцьцё. І не разьлічваць, што мы такія ўжо хворыя, што варта танцаваць каля нас. Трэба падымацца і ісьці».

Зінаіда Іванаўна са скрухай адзначае, што стаўленьне да анкапацыэнтаў не заўжды спагадлівае. Людзі староняцца хворых. Стараюцца пазьбягаць ўзаемінаў з імі. Жанчына прыслужвае ў Сьвята-Прэабражэнскай праваслаўнай царкве і згадвае адзін з выпадкаў:

«Мне і самой гаварылі: „Вы мне не налівайце асьвечанай вады, бо вы хворая — мне нальюць іншыя“. Я тады ціхенька ў бок адышла. Тады я сказала бацюшку, што ня варта грашыць перад Богам: „Ня стаўце мяне на гэтае паслушэнства, бо людзі сумняваюцца. Навошта, каб людзі грашылі“. Я не асуджаю нікога. Людзі проста ня ведаюць, каго яны староняцца. Яны думаюць, што сёньня жыву і больш нічога не хачу ведаць. А трэба ўсё ж унікаць ува ўсё гэта і быць больш прасунутым і прагрэсіўным у гэтым пытаньні. У кожнага здаровага чалавека гэтыя клеткі ёсьць у арганізьме — гэта даказана навукоўцамі. Яны актывізуюцца тады, калі адбываецца нейкае моцнае узрушэньне і вось тады яны пачынаюць браць верх над здаровымі клеткамі...».



Зінаіда Іванаўна ўпэўненая, што хваробу ня трэба ўтойваць, а пагатоў, ад сваякоў. Пра яе варта гаварыць і не саромецца гэтага. Наагул, кажа кабета, спагадлівых людзей болей і яны дапамогуць у крытычных сытуацыях. Лекі для анкапацыэнтаў дарагія, бывае, што іх і не купіць. Зінаіда Іванаўна згадвае, калі ёй рабілі хіміятэрапію, то не маглі знайсьці ў продажы адзін патрэбны ёй мэдычны прэпарат. Яго ўрэшце купілі, але ў Расеі. Жанчына кажа пра гэты выпадак як пра будзённасьць:

«Шмат хворых самі дастаюць, купляюць. А што? У бюджэце няма столькі грошай на хворых. Я толькі адзін раз купляла, але многія купляюць, бо не заўжды ёсьць патрэбныя кампанэнты. Таму ня трэба хаваць. Родзічы і блізкія сябра ў „дошку разьбіваюцца“, але рады дапамагчы. А гэта дарагога вартае».

Рост анказахворваньняў Зінаіда Іванаўна тлумачыць узьдзеяньнем радыяцыі ад Чарнобыля:

Мяне ўзялі ў наш клюб для анкапацыэнтаў „Дапамажы сабе сам“ — як прыклад, што ня трэба адчайвацца і не панікаваць, а трэба ўпэўнена лячыцца і самаму сабе дапамагаць
«Нас атруцілі радыяцыяй. Я ж працаўнік лясной гаспадаркі. Усе лесьнікі, якія тады працавалі ў лесе, ужо ўсе памерлі. Мо й я ўхапіла сваю частку, калі езьдзіла на рэвізію ў лес. І тыднямі там знаходзіліся. Людзі сталага веку неяк яшчэ ратуюцца, а вось моладзь „сыпіцца“. Вось што жахліва. Іхныя арганізмы не натрэніраваныя. Іхныя арганізмы — вельмі чуйныя. І колькі гэтых жанчын без грудзей і без усякага ўсяго. У мяне проста заходзіцца душа».



Зінаіда Берагейка разам з мужам выгадавала дваіх сыноў. Цяпер у яе чацьвёра ўнукаў і праўнук. Яна дзякуе дактарам, якія ўратавалі яе і дапамаглі дажыць, як кажа, да тытулу бабулі. Зінаіда Іванаўна ходзіць да царквы і перакананая, што вера ў Бога — паратунак для хворага і здаровага чалавека. А яшчэ яна дапамагае тым, хто перажыў анкалёгію, ці знаходзіцца на шляху выздараўленьня. Анкапацыэнты, кажа Зінаіда Берагейка, ствараюць свае суполкі, каб разам уратавацца ад хваробы:

«Мяне ўзялі ў нашу групу для анкапацыэнтаў „Дапамажы сабе сам“ — як прыклад, што ня трэба адчайвацца і не панікаваць, а трэба ўпэўнена лячыцца і самаму сабе дапамагаць. Я і зарадку раблю і фізкультурай займаюся. Вось гэта ўмацоўвае сілы. У анкапацыэнтаў адзіная мэта — уратавацца, працягнуць жыцьцё і перамагчы гэтую хваробу...»