Юлія Ізмайлава: Чаму я, руская, за беларускі нацыяналізм? Гэта як каханьне

Радыё Свабода публікуе анкеты, у якіх нашы чытачы распавядаюць, як прыйшлі да беларускай мовы, і што яна значыць у іх жыцьці. Дасылайце вашы адказы: svaboda@rferl.org.
Анкета «Жывая мова»

1. Чаму і як вы пачалі гаварыць па-беларуску?
2. Дзе і як вы карыстаецеся мовай?
3. Як мова дапамагла вам ў працы, жыцьцёвых сытуацыях?
4. Якія цяжкасьці стварыла?
5. Што б вы параілі «Свабодзе»?



Мабыць, вам будзе цікавая мая гісторыя :) Выбачайце за памылкі. Гугл транслэйтам не карыстаюся прынцыпова :)

1. Я пачала гаварыць па-беларуску даволі нечакана. Наогул, я руская, і у мяне няма беларускіх каранёў, як бы не хацелася. Я нават не жыву ў Беларусі. Але я настолькі люблю мову і беларускую культуру, што не размаўляць нельга было. Я шмат вандрую па Беларусі, калі ёсьць магчымасьць, і ўпершыню, калі я купіла свой першы падручнік беларускай мовы, я зразумела, якая яна мілагучная, і дзівілася, як жа на ёй амаль не размаўляюць? Вырашыла рабіць усё, што магчыма, для распаўсюджаньня мовы. Пакуль што проста навучылася сама крыху размаўляць :)

Размаўляю я яшчэ ня вельмі добра, але галоўнае было пачаць. І гэта мне ўдалося, калі я пазнаёмілася зь беларусамі і пачала размаўляць у інтэрнэце. Дагэтуль магла толькі чытаць. Жывая мова заўсёды лепей, і вучыць яна хутчэй за ўсіх настаўнікаў.

2. Я жыву ў Маскве, і размаўляць тут амаль няма з кім. Але, дзякуючы Кацярыне Кібальчыч, у нас таксама ёсьць «Мова ці кава», і гэта мне таксама вельмі дапамагло пачаць размаўляць. Больш за ўсіх я карыстаюся мовай «ўкантакце», бо падпісана на шмат беларускіх старонак і маю беларускіх сяброў, зь якімі размаўляю. Але я мару аднойчы прыехаць да Беларусі і пачуць мову ня толькі на вакзале, калі абвяшчаюць цягнікі...

3. Мова дапамагла мне знайсьці новых сяброў у Беларусі, і я вельмі рада, бо беларусы зусім іншыя, чым рускія. Мяне калісьці ўразіла гасьціннасьць беларусаў, бо ў нас такога проста няма! А беларусы могуць запрасіць цябе ў госьці, нават калі цябе ніколі ня бачылі! Гэта вельмі ўражае. Зь беларусамі значна лягчэй мець зносіны, чым з рускімі.

Калі беларусы даведваюцца, што я руская, яны вельмі дзівяцца, што я размаўляю, і вельмі горача да мяне ставяцца :) Але я не хачу карыстацца сваёй любоўю да Беларусі для камплімэнтаў... Бо калі ў мяне пытаюць: «Ну чаму ты любіш Беларусь, чаму ты за беларускі нацыяналізм, калі ты руская?» – я не магу адказаць. Гэта як каханьне, якое нікому нельга патлумачыць. Я мяркую, што мова і культура Беларусі мяне вельмі ўзбагаціла, і гэта так цікава, так цудоўна. Зараз чытаю Караткевіча і ён толькі ўмацняе маё пачуцьцё да Беларусі.

4. Цяжкасьці былі толькі ў тым, што мае рускія сябры казалі мне, што яны не разумеюць болей маю старонку «ўкантакце», бо там шмат пастоў на мове, але што зробіш :) Мае бацькі таксама ня вельмі разумеюць, навошта мне гэта захапленьне Беларусьсю. Вельмі непрыемна мне бачыць рускі нацыяналізм, які бачыць Беларусь як частку Расеі. Яшчэ я ненавіджу рускі нацыяналізм, і веру, што Беларусь пазбавіцца калісьці ад рускага ўплыву... Ну вось цяпер вы разумееце, бадай што, якія цяжкасьці стварыла мне мае захапленьне Беларусьсю :)

5. Вельмі люблю ваш сайт. Чытаю часьцей за ўсё ноччу, перад сном, і мне гэта падабаецца, такая добрая звычка, але адначасова сумная, бо дрэнных навін нашмат больш, чым добрых... Але я раю вам заставацца незалежным СМІ, і посьпехаў вам ў вашай працы!

Юлія Ізмайлава