Людзей у Кіеве застрэлілі правакатары, — лічыць прэм’ер

Мікалай Азараў

Прэм’ер Мікалай Азараў лічыць, што людзей на вуліцы Грушэўскага застрэлілі правакатары. Пра гэта ён сказаў у інтэрвію BBC.

«Трэба разьбірацца (хто застрэліў). Па-першае, я ўжо сказаў, што міліцыя ня мела агнястрэльнай зброі на вуліцы Грушэўскага, гэта значыць: яны не маглі ўжыць гэтую зброю», — сказаў чыноўнік.

«Па-другое, экспэртыза і ускрыцьцё гэтых людзей паказала, што стрэлы былі зроблены зьверху — гэта, падкрэсьліваю, папярэднія дадзеныя. Гэта значыць з даху будынкаў. Міліцыя не знаходзілася на дахах будынкаў , гэта элемэнтарна праверыць, таму што ўсе яны былі зьнізу», — працягнуў Азараў.

«І хто гэта быў? Хутчэй за ўсё, можна меркаваць, што гэта былі правакатары. Магчыма, зь ліку гэтых экстрэмісцкіх арганізацый, для якіх патрэбна была падстава для чарговага абвастрэньня сытуацыі», — дадаў ён.

Актывісты ў сераду прадэманстравалі патрон, які знайшлі на тэрыторыі, дзе стаіць кардон сілавікоў.

Your browser doesn’t support HTML5

Чым страляе ў пратэстоўцаў «Беркут»?



Як вядома, у Кіеве зь 19 студзеня працягваецца супрацьстаяньне паміж міліцыяй і дэманстрантамі, падставай для якога стала адмова ўлады выконваць патрабаваньні пратэстоўцаў адмяніць законы 16 студзеня, якія істотна абмяжоўваюць правы і свабоды грамадзянаў.

Ахвярамі сілавікоў ужо сталі 5 пратэстоўцаў, зь якіх чацьвёра, паводле актывістаў , загінулі ад агнястрэльнай зброі.

Таксама стала вядома, што ў Барыспальскім раёне, куды раней выкрадальнікі вывезьлі Ігара Луцэнка, выяўленыя два целы са сьлядамі катаваньняў — адно зь іх належыць Юрыю Вярбіцкаму.

ЖЫВАЯ ТРАНСЬЛЯЦЫЯ >>