Маці забітага ў Кіеве беларуса: «Ён казаў, што хутка прыедзе дадому»

Ніна Жызьнеўская

Сямейная драма цягнулася з 2005 году і скончылася трагічна, піша Баранавіцкі навінавы партал Intex-press.

Бацькі Міхаіла Жызьнеўскага жывуць у Гомелі. Абодва пэнсіянэры. Ніне Васільеўне ня так даўно паставілі кардыёстымулятар. Яна ня стрымлівае сьлёз:

— Вярніце мне цела! Дайце пахаваць майго сына на роднай зямлі!

Апошні раз Міхаіл Жызьнеўскі ступаў на родную зямлю ў 2005 годзе. Ніна Васільеўна кажа, што тады Міхаіла вывезьлі з краіны, здарылася нейкая блытаная гісторыя:

— Мішу скралі, калі яму было 17 гадоў. Яго знаёмы, Андрэй, быў павінен шмат грошай нейкім людзям. Ня ведаю, што ён там Мішу наплёў, але яны выехалі зь Беларусі. Я езьдзіла на мытню, пыталася: «Ну няўжо вы ня бачылі, што гэта непаўнагодняе дзіцё?» А мне адказвалі, быццам ён спаў у той момант і ніхто не зьвярнуў увагі, — працягвае маці.

Потым тыя людзі да яе прыяжджалі, запэўнілі, што менавіта яе сын нічога не павінен, iм бы толькі кантакты Андрэя знайсьці.

— Ды зь імі маці таго знаёмага цалкам разьлічылася — мой сын ні пры чым! — ня можа ўтрымацца Ніна Васільеўна.

Шукаць свайго сына бацькі пачалі адразу, дапамог інтэрнэт. Пасьля расстаньня сям'я ўзьядналася год таму — сустрэцца з сынам у Кіеў прыехалі бацькі. Вяртацца дадому ён не жадаў, тлумачачы гэта і тым, што яго шукаюць спэцслужбы. Але, са слоў маці, шукалі яго толькі з-за яе заявы аб зьнікненьні — гэта яму пацьвердзілі і самі праваахоўнікі ў тэлефоннай размове.

Усё ж Міхаіл вырашыў пабыць на другой радзіме яшчэ крыху і вярнуцца дадому гэтай вясной.

— Ён казаў, што неўзабаве прыедзе ў Беларусь. Хутка павінны былі сустрэцца. У гэтым годзе, — кажа забітая горам Ніна Васільеўна.

Пляны ня зьдзейсьніліся — падчас масавых акцый у Кіеве 25-гадовага сына забілі стрэлам у сэрца. Жудасную навіну бацькам паведамілі супрацоўнікі ўкраінскага МУС.

— Бацька, пачуўшы пра страту сына, сышоў з дому — блукае недзе адзін, курыць, — кажа маці Міхаіла. — Украінцы хоць нумар тэлефона пакінулі, а нашы міліцыянэры тэлефанавалі са схаваных нумароў, прасілі прыехаць да іх — апазнаць па фотаздымках. Я ўжо не паехала, паехала дачка — адна яна засталася.

А сябры паехалі ў Кіеў апазнаваць цела.

Аб сваім стаўленьні да ўдзелу сына ў рэвалюцыйных падзеях на поўдні кажа так:

— Не пра мяне ён думаў, а пра Ўкраіну. Навошта я яго нараджала, пакутавала ўсе гэтыя гады? Гэта ня выказаць! Мы думалі, што будзе нас каму на старасьці дагледзець, але вось як атрымалася.