22 студзеня на вялікай сцэне Белдзяржфілярмоніі адбудзецца прэм’ера музычна-драматычнага спэктаклю «Вандроўнік». Аўтар і рэжысэр-пастаноўшчык Ларыса Сімаковіч свой новы твор прысьвяціла 70-годзьдзю выдатнага беларускага мастацтвазнаўцы і этнографа Міхася Раманюка (1944–1997). Наша карэспандэнтка пабывала на перадпрэм’ерным паказе.
Адчыняецца заслона, і перад гледачом асьвятляецца сцэна, падзеленая па дыяганалі на два трохкутнікі. Зьлева ад залі струменіць першыя акорды камэрны аркестар, а справа распачынае свае магічныя дзеі фальклёрны гурт. Паступова на авансцэне паўстае гераіня ў чорным з клясычнай балетнай плястыкай. І нарэшце ажывае маўклівая дагэтуль постаць Вандроўніка, якому ў пастаноўцы адведзеная роля драматычнага героя.
Цягам спэктакля рознажанравыя і рознастылёвыя сцэны напаўняюцца вобразамі і мэтафарамі, якія закліканыя раскрыць багатую і шматаблічную асобу Міхася Раманюка. На ягоную ролю запрошаны студэнт другога курсу Акадэміі мастацтваў Сяргей Лапаніцын. Тыя, хто памятае спадара Раманюка, адразу адзначылі вонкавае падабенства актора зь ім. Выканаўца апрануты ў паліто свайго рэальнага прататыпа, бярэ ў рукі ягоны фотаапарат, надзявае ягоны знакаміты саламяны капялюш.
«Твой саламяны капялюш — нібыта німб над дарогамі Беларусі», — кажа дзяўчына-птушка, ператвараючыся цягам дзеі то ў каханую Вандроўніка, то ў ягоную маці, то ў радзіму-зямлю (балерына Юля Сьліўкіна).
Аўтэнтычныя на сцэне і этнаграфічныя прадметы. Узятыя з майстэрні Міхася Раманюка, яны надаюць яшчэ большай праўдзівасьці сымбалям і сэнсам, якія ствараюць фольк-тэатар «Госьціца» і этнагурт «Горынь».
У цэнтры сцэны — кніжная кампазыцыя, зь якой вочы адразу ж выхопліваюць «Беларускі нацыянальны касьцюм» і «Беларускія народныя крыжы». «Калі твой народ зьнікне, калі твая нацыя памрэ, яе можна будзе адрадзіць па тваёй кнізе», — гучыць голас з-за сцэны, і гледачу хочацца дазнацца, калі ён прачытае новыя кнігі нястомнага Вандроўніка. Бо ж ягоная творчая спадчына налічвае звыш 100 000 адзінак унікальнага этнаграфічнага матэрыялу, сабранага ўласнымі рукамі, а падарожныя дзёньнікі складаюць дзясяткі тамоў.
Гасьне сьвятло, захінаецца заслона, і пачынаеш разумець — дзеля чаго аўтарка злучыла ў адно клясыку з фальклёрам. Камэрны аркестар узводзіць народныя сьпевы да палацава-замкавых скляпеньняў. Менавіта ўзьвялічваньню народнай культуры аддаў свой навукова-творчы і чалавечы талент Міхась Раманюк.