«Цітушкі» ходзяць па Кіеве і б'юць машыны. Рыхтуецца надзвычайны стан?

У гэты самы час актывісты Эўрамайдану чакаюць нападу «цітушак» і «беркутаўцаў». Пра гэта яны адзначаюць у паведамленьнях у сацыяльных сетках.

Паводле іх інфармацыі, «цітушак» каля 200-300 і яны ўзброеныя абрэзкамі трубаў, — піша Украінская праўда.

«На Міхайлаўскую прыехаў Клічко. На Інстытуцкай каля 200 беркутаўцаў вышыхтаваліся для штурму. На Лютэранскай вышыхтаваўся „Беркут“, праводзяць трэніроўку... Вельмі напружаная абстаноўка на Эўрапейскай. Паводле чутак, штурм прызначаны на 2.30», — піша Юры Касьянаў.

«Цітушкі ідуць па Ярвале. На Прарэзной слабыя барыкады! Верагодна, што будуць штурмаваць яшчэ і Кіеўскую раду!», — адзначае прадстаўнік ВА «Свабода» Аляксандар Аранец.

Паводле яго словаў, на Уладзімірскай «цітушкі» б’юць выпадковых мінакоў і разьбіваюць машыны. Ёсьць таксама інфармацыя, што аўтобусы высаджваюць маладых людзей характэрнай зьнешнасьці і на плошчы Перамогі каля цырка.

У сацыяльных сетках зьяўляюцца паведамленьні, што раніцай 21-га прэзыдэнт Віктар Януковіч зьбіраецца ўвесьці надзвычайны стан у сувязі з масавымі закалотамі.

ЖЫВАЯ ТРАНСЬЛЯЦЫЯ ТУТ