Эўрамайдан абвясьціў пра альтэрнатыўныя прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары (УЖЫВУЮ)

Народнае веча ў Кіеве, 19 студзеня 2014

Сёньня ў Кіеве адбылося Народнае веча, у якім, паводле розных ацэнак, узялі ўдзел ад 100 да 600 тыс чалавек.

Апазыцыя абвясьціла плян дзеяньняў — стварэньне Народнай Рады, абвяшчэньне недаверу і адстаўка Віктара Януковіча і фармаваньне новай Канстытуцыі Украіны. Пра гэта, выступаючы на Майдане, заявіў лідэр фракцыі «Бацькаўшчына» Арсень Яцанюк.


Яцанюк: Створым альтэрнатыўны парлямэнт


Арсень Яцанюк

«Вярхоўная Рада Украіны пасьля ганебнага галасаваньня, якое адбылося некалькі дзён таму, страціла сваю легітымнасьць, а таму мы павінны стварыць Народную Раду зь ліку апазыцыйных дэпутатаў Вярхоўнай Рады і мясцовых саветаў. Народная Рада павінна прадстаўляць інтарэсы ўкраінскага народа», — сказаў Яцанюк.

«Рада павінна атрымаць легітымнасьць ад украінскага народа, таму мы пачынаем народнае галасаваньне пра недавер і адстаўку Віктара Януковіча, падтрымку паўнамоцтваў і пацьверджаньня паўнамоцтваў Народнай Рады Украіны і аб фармаваньні новай Канстытуцыі Украіны», — заявіў апазыцыянер.

Паводле яго слоў, апазыцыя аб’яўляе аб стварэньні канстытуцыйнага сходу.

«Украінскі народ пачынае пісаць сваю ўкраінскую Канстытуцыю. Першы этап вяртаньня да народаўладзьдзя. Віктар Януковіч скраў Канстытуцыю ў 2010 годзе, калі яго прадажныя судзьдзі надзялілі яго паўнамоцтвамі, якіх у яго не было на момант абраньня, таму наша чацьвёртая задача — вяртаньне да Канстытуцыі 2004 года. Не — дыктатуры ва Ўкраіне», — падкрэсьліў Яцанюк.

Акрамя таго, Яцанюк паведаміў аб пачатку народнага галасаваньня па абраньні Кіеўскай Рады і мэра Кіева.

«Мы, карыстаючыся нашымі законнымі паўнамоцтвамі, зьвяртаемся ў органы самакіраваньня стварыць атрады самаабароны, каб змагацца са злачыннасьцю», — прадугледжвае плян дзеяньняў апазыцыі.

Пасьля стварэньня Народнай Рады Украіны, заявіў Яцанюк, павінен быць створаны Урад народнага даверу, «які спыніць дыктатуру».


Клічко: Датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары


Віталь Клічко

Акрамя гэтага, апазыцыя аб’яўляе датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары, заявіў падчас выступу на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве лідэр партыі УДАР Віталь Клічко.

«Мы аб’яўляем датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары, і мы правядзем з гэтай нагоды галасаваньня», — сказаў Клічко на народным вечы.

Ён таксама адзначыў , што неабходна абнавіць склад Цэнтральнай выбарчай камісіі, каб датэрміновыя выбары прэзыдэнта прайшлі сумленна і празрыста. «У панядзелак зьбіраемся фракцыяй і выставім ультыматум прэзыдэнту», — заявіў Клічко.

Клічко зьвярнуўся да вайскоўцаў з заклікам перайсьці на бок пратэстоўцаў.

Раней актывісты «Аўтамайдану» са сцэны заклікалі лідэраў апазыцыі вызначыцца, хто стане адзіным лідэрам для Аўтамайдану і Эўрамайдану, і «хто возьме на сябе адказнасьць».


ЖЫВАЯ ТРАНСЬЛЯЦЫЯ