Макеты памятных манэтаў будуць скарыстаныя для беларускіх талераў і эўра — Вячорка

Вінцук Вячорка

Надпіс клясычным правапісам і беларуская назва Менск упершыню зьявіліся на беларускіх грашах, а менавіта памятных манэтах Нацыянальнага банку Беларусі. Акрамя гэтага, у надпісах некаторыя надпісы зробленыя беларускай лацінкай і на лаціне.

Адзін з распрацоўнікаў Беларускага клясычнага правапісу (2005) Вінцук Вячорка першым заўважыў гэтую асаблівасьць у дызайне манэтаў, пра што і напісаў у сваім ЖЖ. Мовазнаўца вельмі ўсьцешаны з гэтай нагоды:

«Вельмі добра, што мастакі Нацыянальнага банку засьведчылі кваліфікацыю і густ у вырабе купюраў. Але ня толькі. Ніша памятных манэтаў пасьлядоўна выкарыстоўваецца для папулярызацыі беларускай гісторыі і культуры, прычым робіцца гэта густоўна. Ясна, што памятныя манэты — гэта свайго роду паралельная рэальнасьць. Продажная цана мядзяна-нікелевай манэты наміналам 1 рубель — 65 тыс., гэтулькі яна каштуе ў банку».

Вінцук Вячорка ў інтэрвію Свабодзе таксама падкрэсьліў, што дызайн манэтаў можна будзе скарыстаць у вырабе грашовых адзінак у будучыні:

«Можа быць, важнейшае тое, што як толькі Беларусь стане беларускай і свабоднай, тыя макеты, тыя ўзоры біцьця манэтаў, якія цяпер скарыстоўваюцца для памятных грошай, можна будзе скарыстаць для паўнавартасных талераў, а там і рэвэрсаў эўра».



На рэвэрсе адной з манэтаў стылізаваная выява вокладкі каталёгу з тэкстам, напісаным клясычным правапісам: «Каталёг выстаўкі слуцкіх паясоў Беларускага дзяржаўнага музэю. Красавік 1927 г. Г. Менск».

«Прысутнасьць жа нашага клясычнага правапісу на дзяржаўных грашовых знаках азначае, што нішто не перашкаджае вярнуць клясычнаму правапісу паўнату ягоных функцыяў» — лічыць мовазнаўца.