У Індэксе эканамічнай свабоды Беларусь 150-я

Сёлета амэрыканскі Фонд спадчыны (The Heritage Foundation) і амэрыканскі часопіс для дзелавых колаў The Wall Street Journal апублікавалі чарговы Індэкс эканамічнай свабоды ў сьвеце за мінулы год.
Паводле дасьледаваньня Беларусь застаецца ў катэгорыі краінаў, дзе эканамічная свабоды прыгнятаецца. Аднак у параўнаньні з пазамінулым годам ацэнка палепшылася, у леташнім Індэксе краіна займала 154-е месца са 177-мі
(чым большая лічба – тым ніжэйшы ўзровень эканамічнай свабоды ў краіне).

Дасьледчыкі адзначаюць, што ў цэлым у сьвеце назіраўся рост эканамічнай свабоды, сумарны паказьнік быў самым высокім за 20 гадоў назіраньняў, у 2013 годзе ступень эканамічнай свабоды павялічылася ў 114 краінах і паменшылася ў 59.

Кожная краіна ацэньваецца паводле 10 парамэтраў: права ўласнасьці, свабода ад карупцыі, фіскальная свабода, дзяржаўныя выдаткі, свабода бізнэсу, свабода працы, манэтарная свабода, свабода гандлю, свабода інвэстыцый і фінансавая свабода.

1-е і 2-е месца ў рэйтынгу займаюць Ганконг і Сынгапур. З постсавецкіх краін найлепшы паказьнік – у Эстоніі, яна займае ў індэксе 11 месца, апярэджваючы ЗША (12 месца). Паводле індэксу самыя несвабодныя ў эканамічным сэнсе краіны ў сьвеце – Вэнэсуэла, Зімбабвэ, Куба і Паўночная Карэя.

У наступнай табліцы прадстаўленая дынаміка месцаў у Індэксе эканамічнай свабоды Беларусі і яе суседзяў за апошнія 3 гады.

2011 2012 2013
Беларусь 155 154 150
Літва 24 22 21
Латвія 56 55 42
Польшча 68 57 50
Расея 143 139 140
Украіна 164 161 155