Дваццаць страчаных гадоў

Прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан і старшыня Апазыцыі БНФ у Курапатах, 15 студзеня 1994

15 студзеня 1994 «у адзін і той жа дзень – у Беларусі адбыліся тры падзеі, якія дасьледчыкі ацэняць як выключныя ў найноўшай гісторыі краіны» -- так пачынаўся мой артыкул, які ў студзені 2004-га надрукавала «Народная воля».

Называўся артыкул «Дзесяць страчаных гадоў».

У тым артыкуле (калі не памыляюся, упершыню) была дадзеная рэтраспэкцыя падзеяў, якія паўплывалі на лёс Беларусі. З таго часу зьявіліся артыкулы і кнігі, дзе пра іх было напісана больш падрабязна. Але цікаўныя (асабліва моладзь) з году ў год вяртаюцца да мінуўшчыны, якая, здавалася б, павінна зрабіцца прадметам выключна адмыслоўцаў – гісторыкаў. І задаюць усё тыя ж самыя пытаньні.

Перадрукоўваючы артыкул, я зьмяніў ў ім толькі адно слова – у загалоўку.

Бо страчаных гадоў ужо ня дзесяць, а дваццаць.


...........

У адзін і той жа дзень у Беларусі адбыліся тры падзеі, якія дасьледчыкі ацэняць як выключныя ў найноўшай гісторыі краіны.

15 студзеня 1994 года Беларусь зрабілася цэнтрам увагі ўсяго сьвету – Менск наведаў прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан. У камэнтарах вядучых усясьветных СМІ адзначалася, што беларускі народ добраахвотна адмовіўся яд ядзернай зброі.

15 студзеня 1994 года беларускія праваахоўныя ворганы выдалі Літве былых кіраўнікоў кампартыі Літвы Міколаса Буракавічуса і Юозаса Ермалавічуса, якіх абвінавачвалі ў спробе дзяржаўнага перавароту у студзені 1991 года. Камуністы знаходзіліся ў Беларусі нелегальна.

15 студзеня 1994 года “Народная газэта” друкуе артыкул Зянона Пазьняка “О русском империализме и его опасности”, у якім лідар БНФ піша, што і пры новай “дэмакратычнай” уладзе Расея не пазбавілася імпэрскіх комплексаў, папярэджвае пра небясьпеку для Беларусі і адзначае, што толькі нацыянальная ідэя і нацыянальная кансалідацыя можа ўратаваць беларусаў.

Адна з вышэйназваных падзеяў адыграла сумную ролю; дзьве іншыя маглі б стаць вызначальнымі для лёсу дэмакратыі, але – не зрабіліся імі.

Але зразумець іх сутнасьць, а тым больш зрабіць з іх урокі, можна толькі ў кантэксьце часу. Таму рэтраспэкцыя падзеяў падаецца ня лішняй.


Кебіч і БНФ: міты і праўда

Адразу пасьля правалу путчу у жніўні 1991 года і наданьня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы старшыня БНФ Зянон Пазьняк заклікаў ўсіх, хто выступае за незалежнасьць Беларусі (у тым ліку і былых камуністаў) – аб’яднацца вакол пабудовы сувэрэннай краіны. Пры гэтым ужо ў жніўні таго ж 1991 году БНФ запатрабаваў датэрміновых парлямэнцкіх выбараў (што выглядала лягічна: новая краіна – новы парлямэнт). У верасьні удалося зацьвердзіць у якасьці дзяржаўных “Пагоню”, бел-чырвона-белы сьцяг і правесьці на пасаду Старшыні ВС С.Шушкевіча. На гэтым кароткі пэрыяд дэмакратызацыі скончыўся – намэнклятура ачуняла.

Тут будзе дарэчы разбурыць адзін устойлівы міт, што нібыта Кебіч прапановаў Пазьняку і дэпутатам БНФ увайсьці ва ўрад, а тыя – адмовіліся.

Прапанова была толькі адна: у 1992 годзе міністар інфармацыі Бутэвіч афіцыйна перадаў мне прапанову Кебіча і віцэ-прэм'ера Дзямчука заняць пасаду генэральнага дырэктара БелТА (тады – Белінфарм), што, здаецца, сумяшчалася з пасадай намесьніка міністра інфармацыі. Я адмовіўся. Бо, па-першае, перад гэтым былі адрынутыя прапанаваныя апазыцыяй кандыдатуры на пасады кіраўнікоў іншых СМІ (мы павінны былі ісьці “камандай” – Бураўкін, Казловіч, Макаловіч, і толькі ў гэтым быў сэнс ), а па- другое, я і тады, і цяпер упэўнены ў ненармальнасьці існаваньня абдзяржаўленых СМІ.

Дзеля гістарычнай праўды трэба сказаць, што тагачасны міністар замежных справаў Пётра Краўчанка называў некалькі прозьвішчаў маладых дэпутатаў БНФ (Галубовіч, Голубеў, Навумчык) у якасьці кандыдатур на пасады амбасадараў (у 2003 годзе Пётар Кузьміч назаве амбасадарства “ссылкай у залатую клетку”). Але нават прызначэньне дэпутата БНФ Пятра Садоўскага амбасадарам у Нямеччыну нельга прыпісваць у заслугу Кебічу, бо зацьвярджаў амбасадараў Прэзыдыюм Вярхоўнага Савета.

Іншых прапановаў дэпутатам апазыцыі БНФ, ці наогул прадстаўнікам БНФ– не было. Я не хачу казаць, што апазыцыя пагадзілася б на іх (роўна як і што адмовілася б), іх проста – не было.

І другое: ў маім уяўленьні Кебіч 1990 года і Вячаслаў Францавіч праз тры гады -- гэта нібыта дзьве розныя асобы. І ня толькі ў маім: у 1990 годзе ў “Литературной газете” Васіль Быкаў напісаў, што Беларусь, здаецца, атрымала прыстойнага прэм'ера – а праз тры гады Быкаў даваў ужо зусім іншыя ацэнкі. Мне падаецца, што мэтамарфозы прэм'ера былі, у значнай ступені, вынікам ўплыву ягонага бліжэйшага атачэньня (ва ўсялякім разе, некаторых асобаў). Але гэта не нашмат апраўдвае Вячаслава Францавіча -- кожны палітык нясе адказнасьць за сваё атачэньне.

У апараце Саўміну былі створаныя так званыя “дзяржаўныя сакратарыяты”, “упраўленьні” і “аддзелы” – назафіксаваныя ні ў Канстытуцыі, ні ў законах, яны, тым ня менш, ўзялі на сабе поўнае кіраваньне міністэрствамі. Мы неаднаразова зьвярталі ўвагу Шушкевіча на абсурднасьць сытуацыі, калі прызначаныя Кебічам чыноўнікі кантралююць міністраў, якіх прызначае парлямэнт. Самы дробны чыноўнік з упраўленьня інфармацыі Саўміну на чале з Драгаўцам ці Паваляевым важыў больш, чым міністар інфармацыі Бутэвіч. Між іншым, тое ж самае было і з дэпутатамі: Кебіч перацягваў дэпутатаў аднаго за адным у саўмін. Парлямэнт усё больш губляў кантроль над урадам.

Затое увосень 1993 года Кебіч цалкам кантраляваў ня толькі выканаўчую ўладу, ня толькі большасьць СМІ, але і значную частку Вярхоўнага Савета.

У сярэдзіне 1993 года Вячаслаў Кебіч вылучыў ідэю “рублёвай зоны” – адначасна ўсе эканамічныя законапраекты Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня адрыналіся, эканкамічны крызіс паглыбляўся. Беларускі эканамічны крызіс паглыбляўся на фоне падзеяў у Расеі, дзе пракамуністычны Вярхоўны Савет выступіў супраць рэфарматарскіх плянаў Ельцына. Пры гэтым і з расейскага парлямэнту, і ад каманды Ельцына былі ўсё больш настойлівыя спробы ўцягнуць Беларусь у арбіту расейскай палітыкі.

Прэм’ер-міністар Расеі В. Чарнамырдзін і прэм’ер-міністар Беларусі В. Кебіч ва ўрадавай машыне ў 1994 годзе ў час прыезду Чарнамырдзіна ў Менск. Фота Сяргея Грыца.



У верасьні 1993 года Кебіч публічна выказаў шкадаваньне, што падпісаў Віскулёўскае пагадненьне і заявіў пра неабходнасьць аднаўленьня СССР у “новым варыянце”. Але на полі “інтэграцыі” у Кебіча зьявіўся канкурэнт. Маскоўская газэта “Правда” надрукавала інтэрвью з дэпутатам А. Лукашэнкам “Да возродится !”, у якім той выступіў супраць незалежнасьці Беларусі, назваў Белавескія пагадненьні “злачыннымі” і прапанаваў аднавіць СССР: “Надо немедленно создать единое государство даже из двух наших республик. Поймите, для других народов СССР это будет мощным стимулом”.

Апазыцыя БНФ у адмысловай заяве імгненна запатрабавала пазбаўленьня дэпутацкіх паўнамоцтваў А.Лукашэнкі і некаторых іншых парлямэнтрарыяў, якія выступілі за скасаваньне дзяржаўнасьці Беларусі. Выпадак у парлямэнцкай практыцы неардынарны, але і выступ дэпутатаў супраць незалежнасьці сваёй краіны -- зьява ўнікальная.

Была яшчэ адна незвычайная падзея: Васіль Быкаў, які надзвычай рэдка рэагаваў на чыйсьці выступы ў прэсе, адгукнуўся на інтэрвію дэпутата Лукашэнкі вялізнай публікацыяй у “Народнай газэце” (артыкул “Каб захаваць уладу” пазьней увайшоў у кнігу Быкава “Крыжовы шлях”, стар. 119-127 ). “Толькі зьнешні вораг ці унутраны здраднік можа ў наш час выступаць супроць права народа на самавызначэньне, на самастойнасьць яго існаваньня” – пісаў Быкаў.

Гэта, між іншым, адказ тым, хто папракае БНФ, што нібыта “прамаргалі” Лукашэнку.

Шушкевіч – Пазьняку: “Вы мне кола выратавальнае кідаеце. А я вам кажу: ня трэба!”.

Станіслаў Шушкевіч прыйшоў у палітыку пры падтрымцы БНФ – менавіта з дапамогай Народнага Фронту ён быў абраны спачатку народным дэпутатам ССР, потым БССР. Пры падтрымцы дэпутатаў БНФ ён стаў спачатку першым намесьнікам старшыні, а затым – і старшынём Вярхоўнага Савета. Але чым далей – тым больш Шушкевіч адыходзіў ад БНФ, шукаючы згоды з пракамуністычнай большасьцю. Магчыма, у адносінах да захаваньня ўлады ў гэтым была свая лёгіка: апазыцыя БНФ складала толькі дзясятую частку парляманту, і пры любых умовах падтрымлівала б Шушкевіча – пракамуністычная ж большасьць магла яго лёгка “зьняць”. Але настаў час, калі пазыцыя “кампрамісаў” ды “згоды” пачала шкодзіць ня толькі іміджу Шушкевіча, але і інтарэсам дэмакратыі. Найбольш выразны прыклад – выступ супраць прапанаванага ў 1992 годзе рэфэрэндуму аб датэрміновых выбарах. Калі ж узьнікалі крытычныя сытуацыці – Станіслаў Станіслававіч спасылаўся на тое, што ён усяго толькі сьпікер і выконвае волю ВС.

І ўсё ж, крытыкуючы Шушкевіча за непасьлядоўнасьць, Апазыцыя БНФ падтрымлівала яго ў крытычныя моманты. У ліпені 1993 году, калі пракебічаўская парлямэнцкая большасьць (так званая група “Беларусь”) распачала працэдуру адстаўкі Шушкевіча – дэпутаты БНФ сарвалі кворум.

Наогул, аналізуючы памылкі Шушкевіча, трэба памятаць пра ягоную ролю ў падпісаньні гістарычных Віскулёўскіх пагадненьняў – роўна як і аналіз дзеяньняў Пазьняка павінен адбывацца з улікам узьнятай ім хвалі нацыянальнага Адраджэньня і, у вініку, аднаўленьня беларускай незалежнасьці. Усялякі іншы мэтад ацэнкі ролі гэтых асобаў у гісторыі Беларусі будзе, самае меньшае, неаб’ектыўны.

Пасяджэньне дэпутацкай апазыцыі БНФ, 1992 год. Фота С. Навумчыка.



17 верасьня Шушкевіч рэзка зкрытыкаваў Кебіча за антыбеларускі выступ, заявіўшы, што “калі Вячаслаў Францавіч лічыць гэта (Віскулі – С.Н.) сваёй памылкай, дык, верагодна яму варта было б саступіць сваё месца тым, хто гэтак ня лічыць”. Тагачасны прэсавы сакратар Шушкевіча Павал Варабьёў зьвярнуўся да мяне як да кардынатара парляманцкай апазыцыі БНФ з просьбай падтрымаць Шушкевіча.

6 кастрычніка у пакоі 408 будынку Вярхоўнага Савета па вул. К. Маркса адбылася сустрэча Шушкевіча з групай дэпутатаў (ад БНФ - Пазьняк, Голубеў, Трусаў, Холад, Навумчык, ад Партыі Народнай Згоды – Даўгалёў. Назіральнікам ад групы “Беларусь” быў Бамбіза, які ўсю сустрэчу праседзеў моўчкі, а праз некалькі тыдняў быў абраны віцэ-спікерам. Прысутнічаў і супрацоўнік аховы старшыні ВС).

У той час Кебіч упарта вёў краіну да прэзыдэнцтва. Увосень 1993 года з ідэяй прэзыдэнтва пагадзіўся і Шушкевіч. Прапанова ж апазыцыі была наступная: адстаўка Кебіча, фармаваньне пераходнага кааліцыйнага ўраду – які б гарантаваў умовы для аб’ектыўнасьці СМІ пад час выбараў. Затым – прыняцце Закона аб выбарах па мажарытарна-прапарцыйнай сыстэме і правядзеньне парляманцкіх выбараў вясной (напрыклад, у траўні) 1994 года. І толькі новаабраны парламент мог бы прымаць новую Канстытуцыю.

Менавіта такі плян мы і прапанавалі Шушкевічу.

Але з моманту маёй размовы з Варабьёвым нешта адбылося. Як потым стала вядома, Станіслаў Станіслававіч правёў кансультацыі з прадстаўзікаміі парлямэнцкай большасьці, з самім Кебічам і -- замірыўся (так яму, відаць, здавалася).

Вось фрагмэнты сустрэчы (спрацаваў журналісцкі рэфлекс – захапіў з сабой дыктафон). Прыводжу, як кажуць, з захаваньнем лексікі.

Пазьняк: Тая работа, якую робіць Кебіч -- актыўная работа -- па развалу дзяржавы -- Рэспублікі Беларусь, па зьнішчэньню яе сувэрэнітэту, --яна поўнасьцю падтрымліваецца Вашай пазыцыяй. Вашай пазіцыяй нічоганерабленьня, безініцыятыўнасьці. Больш таго. Няма ніякой розьніцы -- ці дзяржава Беларусь пойдзе ў пашчу Расеі хасбулатаўскай, ці яна пойдзе ў пашчу Расеі ельцынаўскай. Усяроўна вынік будзе адзін і той жа. І калі Ельцын расправіцца з камуністамі, -- а ён расправіцца, гэта чалавек-танк, ён даказаў гэта ня раз, -- ён будзе праводзіць тую самую геапалітыку, якую праводзіў усе гэтыя два гады. Войны ў Грузіі, у Таджыкістане, у Прыднястроў“і. Яны стварылі гэтую банду, яны пастваралі гэтых баевікоў, яны захлынуліся гэтай жа самай крывёю... Вось у чым справа. Таму Вашая пазіцыя зараз абсалютна неініцыятыўная, Вы не выкарыстоўваеце момант, Таму што заўтра будзе позна. “Хараша ложка к абеду”. Вы прадаўжаеце тую самую палітыку, якую намеціў Кебіч па ліквідацыі нашых магчымасьцяў у фінансава-крэдытнай сістэме, тое, што Вы зараз падтрымліваеце аб”яднаньне грашовых сістэм -- гэта поўная ліквідацыя суверэнітэту, гэта зразумела што. І ў гэтай сітуацыі, калі Вы не выкарыстаеце зараз -- а з кожным днём Вашыя магчымасьці падаюць -- калі Вы ня выкарыстаеце зараз мінімальных магчымасьцяў -- то 9 лістапада (мяркуемы пачатак чарговай сэсіі ВС – С.Н.) хутчэй за ўсё, Вас ня будзе. Вас ня будзе каму падтрымліваць болей.

Шушкевіч: Добра, дзякуй, у Вас усё? Значыць, я разумею, што ваш зварот накіраваны на тое, каб, не дай Бог, я ня страціў сваёй пазыцыі, ня страціў падтрымкі, і вы проста зьвярнуліся да мяне, каб мяне падтрымаць. Я вам удзячны.

Пазьняк: Не, ня так. Прабачце, што Вы, што Кебіч -- для нас адно і тое. І каб былі б гарантыі -- вам трэба ісьці абодвум. Таму што ня можа быць дзяржава заложнікам двух пасрэдных людзей, якія паміж сабою як бараны сталі, і талкуцца. Вось што: Вы нясеце такую ж самую адказнасьць, як Кебіч, за гэта ўсё, і Вы павінны пра гэта ведаць. Поўную адказнасьць Вы нясеце, і ня думайце, што Вы...

Шушкевіч: Зянон Станіслававіч, Вы зноў будзеце пачынаць некалькі разоў? Я Вас выслухаў...

Пазьняк: Пра Вас размова ня ідзе.

Шушкевіч: Добра. Значыцца, калі растлумачыць вашу пазіцыю, Вы мне кола гэтае выратавальнае кідаеце. А я вам кажу: не трэба! ...

Навумчык: Шаноўны Старшыня...

Шушкевіч: Адну хвілінку! І нічога, акрамя лозунгаў, у вас на сёняшні дзень няма.

Навумчык: У якой ступені была, выбачайце, падрыхтавана сесія 25 жніўня 91-га года? Акрамя таго, што падрыхтавала Апазіцыя, не было нічога. Але была ж палітычная сітуацыя, якая вымагала пэўных палітычных дзеяньняў. Тое ж самае і цяпер, Станіслаў Станіслававіч...

Трусаў: Вы цудоўна ведаеце: структура Савета Міністраў нагадвае ЦК КПБ. Гэтых камітэтаў розных і служб больш, чым міністэрстваў. Калі міністры нават не сядзяць з Кебічам, а сядзяць, як хлопчыкі, ззаду, а тут сядзяць нейкія невядомыя нам людзі. Калі мы да канца года захаваем старую структуру Саўміна -- нас нічога добрага не чакае, што б там ні было ў Расіі ці ў Вашынгтоне. Вы паглядзіце, што атрымліваецца, як раздуўся гэты апарат.

Шушкевіч: Спадар Трусаў, а як яго зьмяніць?

Трусаў: Як зьмяніць? Вельмі проста -- пачаць з кіраўніка.

Навумчык: Выйдзіце з ініцыятывай!

Шушкевіч: Вас падрымае Вярхоўны Савет?

Навумчык: Выйдзіце з ініцыятывай!

Шушкевіч: Вас падтрымае Вярхоўны Савет?

Навумчык: Народ падтрымае.

Пазьняк: І можа падтрымаць Вярхоўны Савет, калі правільна арганізаваць работу”.

Некаторыя лічаць, што апошні шанец Беларусь згубіла ў кастрычніку 1992 года, калі быў забаронены ініцыяваны БНФ рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах. Магчыма, і так. Але, на маю думку – такі шанец усё яшчэ заставаўся увосень 1993. І шмат што залежала ад пазыцыі Шушкевіча – які , нагадаю, меў самы высокі рэйтынг у грамадзтве. У яго была магчымасьць апэляваць да народа праз тэлебачаньне і радыё, якога ў той момант ужо былі пазбаўленыя дэпутаты Апазыцыі БНФ. Але Станіслаў Станіслававіч той шанец не скарыстаў. І хутка (тут Пазьняк памыліўся на тры месяцы) сам стаў першай ахвярай палітыкі “кампрамісаў”.

“Абсурдныя абвінавачваньні не зусім здаровага чалавека”

У пачатку лістапада 1993 года кіраўніцтва Савету Міністраў заявіла, што БНФ рыхтуе... “узброеныя правакацыі”.

У дзень адкрыцьця чарговай сэсіі ВС 12 скліканьня, у будынак Дома ўрада былі ўведзеныя падразьдзяленьні ўнутраных войскаў, а ў ва двор – бронтранспарцёры.

Аднак на дэпутацкія запыты старшыня КГБ Эдуард Шыркоўскі і міністар ўнутраных справаў Уладзімер Ягораў заявілі, што ніякай інфармацыяй наконт “правакацыяў БНФ” не валодаюць. І больш таго – паводле пазьнейшых словаў Шыркоўскага, менавіта ў той дзень і зьявілася ідэя стварэньня адкрытага ліста, які 23 лістапада ў колькасьці 200 асобнікаў і быў раздадзены дэпутатам Вярхоўнага Савета і меў эфэкт выбуху.

Генэралы Шыркоўскі і Ягораў абвінавацілі Кебіча і ягонага бліжэйшага паплечніка – дзяржсакратара Генадзя Данілава – у неканстытуцыйных дзеяньнях, а менавіта – у стварэньні непадкантрольных парлямэнту структураў.

Адна справа – калі пра гэта кажуць дэпутаты БНФ, і зусім іншая – калі пра тое заяўляюць генерал-палкоўнікі. Прычым у канфлікце Кебіч-Шушкевіч, які ў лістападзе ізноў абвастрыўся, Шыркоўскі, і Ягораў занялі бок Шушкевіча. Я далёкі ад ідыялізацыі Ягорава і Шыркоўскага – яны не выказвалі дэмакратам адназначную падтрымку, а балянсавалі паміж Шушкевічам і Кебічам. Але іншыя – адназначна былі на баку Кебіча.

14-15 сьнежня 1993 года ў Вярхоўным Савеце выступіў старшыня антыкарупцыйнай камісіі Аляксандра Лукашэнка. Лукашэнка сьвядома адвёў увагу насельніцтва (ішла прамая радыётрансляцыя) ад кіраўніцтва ўраду, прад’явіўшы галоўныя абвінавачваньні Шушкевічу. Дасталося і дэпутатам апазыцыі БНФ -- за валоданьне “іншамаркамі” – у Заблоцкага была дванаццацігадовая “аудзі”, у мяне – трынаццацігадовая “міцубісі” (цяпер я з жахам прыгадваю тую “міцубісі”, машыну ўвогуле неблагую, але вельмі ўжо старую, якая рассыпалася па дарозе – а здаралася ж падвазіць і Быкава, і Пазьняка). Мне яшчэ было інкрымінаванае пражываньне ў прэстыжовым раёне (Уручча-4).

Выступ Лукашэнкі ўяўляў сабой грымучую сумясь праўды, паўпраўды і заведамай хлусьні. Спрачацца з ім было тым больш складана, што Лукашэнка пераступаў межы прыстойнасьці – чаго мы дазволіць сабе не маглі. Скажам, у адказ на папрок у мой бок дзяцінствам у сям'і сакратара абкаму я ня мог запытацца ў Лукашэнкі – “Саша, ну а хто твой бацька?”. Я дакладна ведаў, што такое пытаньне выкліча ў яго сьлязьлівую істэрыку, але... як кажуць, выхаваньне не дазваляла... Магчыма – і шкада.

Прыкметна, што дапамагалі Лукашэнку ў падрыхтоўцы дакладу і выступаў журналісты газэты Савета Міністраў “Советская Белоруссія” . Відавочна, Кебіч разьлічваў з дапамогай Лукашэнкі “заваліць” Шушкевіча.

У “маладых ваўкоў”, якія аб’ядналіся вакол Лукашэнкі (Ганчар, Сініцын, Булахаў, Лябедзька) былі, верагодна, аналягічныя пляны ў дачыненьні і да Кебіча, але і сам Лукашэнка, пэўна, ўяўляўся ім “часовай” фігурай. Зрэшты – ніводнага лягічнага тлумачэньня іх тагачасных паводзінаў мне чытаць яшчэ не даводзілася.

У кожным разе, інтарэсам Беларусі ў гэтых раскладах месца не было – Кебіч дамагаўся рублёвай зоны, Лукашэнка – аднаўленьня СССР.

16 сьнежня пасьля таго, як Лукашэнка ў абразьлівых выразах выказаўся супраць Шушкевіча, было вырашана правесьці закрытае паседжаньне ВС. І вось тут прагучала тое самае абвінавачваньне, якое (а зусім не знакамітая мітычная “скрыня цьвікоў) і адыграла пазьней ключавую ролю ў лёсе Шушкевіча.

Лукашэнка працытаваў фрагмэнт выступу дэпутата Сяргея Антончыка на сэсіі ад 8 красавіка 1993 года: “Выклікае трывогу дзейнасьць расейскай выведкі, дакладней, агентуры расейскага КГБ ва ўрадавых і дыпляматычных установах Беларусі. Нядаўна амэрыканскімі службамі бясьпекі была выяўленая і раскрытая дзейнасьць двух расейскіх агентаў ў Беларускім прадстаўніцтва ААН у Нью-Ёрку”.

Але замест каб абурыцца кіраўніцтвам МЗС, дзе вольна пачуваюць расейскія агенты, ці, урэшце рэшт, папракнуць Шушкевіча, што ён слаба кантралюе дзейнасьць той жа дыпляматычнай службы (хаця гэта не была прамая функцыя сьпікера) --- Лукашэнка вылучыў Шушкевічу прэтэнзію, што Старшыня ВС.... не пярэчыў высылцы расейцаў з ЗША. Дзесяць гадоў мінула, а ў мяне і цяпер ў вушах сіпаваты крык ад чацьвертага мікрафона: “Вы сдали наших людей, Станислав Станиславовіч, а ведь это былі наши люди, честнейшие люди! “ (Расейскія – значыць, “нашыя”).

Шушкевіч заявіў, што не зьбіраецца адказваць на “абсурдныя абвінавачваньні не зусім здаровага чалавека”. Тут жа да мікрафону выйшаў Віктар Ганчар і прапанаваў разгледзіць пытаньне аб адстаўцы Шушкевіча. Але – без удзелу самога Шушкевіча, паколькі, на думку Ганчара, спікер страціў маральнае права кіраваць парлямэнтам.

Па горкай іроніі, вечаровае паседжаньне сапраўды адбывалася без Шушкевіча – ён быў шпіталізаваны з дыягназам “гіпэртанічны крыз”. Але праўрадавыя дэпутаты падтрымалі Ганчара ды запатрабавалі неадкладна ўключыць у павестку дня пытаньне аб адстаўцы. Дэпутатам апазыцыі БНФ з цяжкасьцю ўдалася пераканаць парлямэнцкую большасьць, што рабіць падобнае ў адсутнасьць Шушкевіча – амаральна.

29 сьнежня 1993 года пад кіраўніцтвам першага намесьніка старшыні ВС Вячаслава Кузняцова была спроба стварыць камісію у справе Шыркоўскага. Адзін з членаў Прэзыдыюму пакінуў паседжаньне, і плян сарваўся. Не папіўшы крыві генэрала, ўзяліся за паэта – вылучылі пытаньне аб адстаўцы Генадзя Бураўкіна з пасады прадстаўніка Беларусі ААН. Але па прапанове Ніла Гілевіча пытаньне адклалі. Да таго ж, была больш блізкая мэта, чым Бураўкін у Нью-Ёрку – дамагчыся ад Шушкевіча падпісаньня Дамовы аб удзеле Беларусі ў сыстэме калектыўнай бясьпекі краінаў СНД, што, фактычна, прывязвала Беларусь на гады да маскоўскага Генштабу і расейскага ВПК.

31 снежня 1993 году Станіслаў Шушкевіч усё ж падпісаў Дамову аб калектыўнай бясьпецы СНД. Лідэры БНФ склікалі экстранную прэсавую канфэрэнцыю -- Пазьняк ацаніў учынак Шушкевіча як “здраду нацыянальным інтарэсам”, а Валянцін Голубеў сказаў, што “умацаваньне сыстэмы Калектыўнай бясьпекі – гэта фактычнае аднаўленьне Варшаўскай дамовы, толькі ў меньшай частцы Эўропы і Азіі”.


Візыт Білла Клінтана: падтрымка беларускай дэмакратыі


15 студзеня 1994 году Менск наведаў прэзыдэнт ЗША Білл Клінтан. На вуліцах Менску былі тысячы людзей, якіх ніхто не “арганізоўваў”, і якія шчыра віталі лідэра амэрыканскага народа.

Прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан і старшыня ВС Беларусі Станіслаў Шушкевіч у менскім аэрапорце, 15 студзеня 1994 г.



Падрыхтоўка да візыту распачалася значна раней – яшчэ ўлетку прадстаўнікі амэрыканскай амбасады сказалі нам, што Клінтан хацеў бы наведаць Курапаты і спаткацца з лідарамі апазыцыі.

Між іншым, аўтару гэтых радкоў належыць ідэя выступу Клінтана у Акадэміі Навук – я прапанаваў амбасадару Дэвіду Суорцу не абмяжоўвацца выключна палітыкамі, а сабраць прадстаўнікоў творчай і навуковай інтэлігенцыі, і найперш -- моладзь. У памяці была нядаўняя сустрэча Міхаіла Гарбачова ў актавай залі АН, калі той бэсьціў дэмакратаў – мне падалося, што сустрэча Клінтана выглядала б выразным кантрастам выступу Генэральнага сакратара. Былі і больш важкія аргумэнты – даць маладой беларускай інтэлігенцыі адчуваньне уключанасьці ў сусьветную супольнасьць. Суорц пагадзіўся, Белы Дом яго падтрымаў – і сустрэча сапраўды абылася. Пазьней спадар Суорц сказаў, што найбольш уразіла амэрыканскі бок вось што: пад час выступу Біла Клінтана палова прысутных (а запрасілі сапраўды, пераважна, моладзь) – не карысталіся навушнікамі для сынхроннага перакладу. “У залі сапраўды сабралася будучыня Беларусі” – сказаў тады Клінтан. Перакананы, час тых людзей яшчэ надыдзе.

Біл Клінтан выступае перад моладзьдзю ў Акадэміі навук. Менск, 15 студзеня 1994 г.



Канешне, не тая памятная мне сустрэча ў АН была галоўнай падзеяй візыту. Білл Клінтан правёў перамовы і з Шушкевічам, і з Кебічам. Ва урадавай рэзыдэнцыі на Захарава адбылося спатканьне са старшынём Апазыцыі БНФ Зянонам Пазьняком, прэм'ер-міністрам Ценявога кабінэту БНФ Уладзімерам Заблоцкім (прысутнічалі і лідары дэмакратычных партыяў, у тым ліку і Аляксандар Дабравольскі). У той дзень Клінтан сустракаўся з Пазьняком двойчы: нягледзячы на пратэсты ўраду -- было нават заяўлена, што беларускі бок не гарантуе прэзыдэнту бясьпеку (!) – Клінтан наведаў Курапаты. Пазьняк падрабязна распавёў прэзыдэнту пра трагедыю, што адбылася ў Курапатах, а на пытаньне, чаму гэтае сьвятое месца не ўшанаванае, адказаў – “таму сёньня пры ўладзе духоўныя нашчадкі тых, хто расстрэльваў тут у 30-ыя гады”.

Клінтан адкрыў мэмарыяльны знак з надпісам “Ад народу Злучаных Штатаў народу Беларусі – дзеля памяці”. Пазьней гэты знак будзе шматразова зьняважаны. Апошні раз – у студзені 2004 году. Натуральна ж, “невядомымі асобамі”.

Для мяне, аднак, бясспрэчна, што адно толькі слова Лукашэнкі міністру унутраных спраў спыніла б вандалізм аднойчы і назаўсёды. Міліцыя ўсё ж здольная вылавіць тых, каго жадае знайсьці (напрыклад, аўтараў надпісаў “Жыве Беларусь!”). Мяркую, аднак, што ў гэтай абыякавасьці ня толькі ідэялягічныя прычыны (непрыняцьце дэмакратычных каштоўнасьцяў, якія выспавядае амэрыканскі народ, але найперш – зьнявага гістарычнай памяці ўласнага народа), але і элемэнт асабістай крыўды: у студзені 1994 года ні на водную сустрэчу з Клінтанам ні Лукашэнка, ні ягоныя паплечнікі амэрыканскім бокам запрошаныя не былі.

Беспрэцэдэнтны для кароткага візыту амэрыканскага прэзыдэнта выпадак – сустрэча з лідарам апазыцыі двойчы на дзень – красамоўна сьведчыў, якія сілы падтрымлівае Амэрыка.

Масква, аднак, мела іншыя пляны.


Шлях да дыктатуры

15 студзеня 1994 году былыя кіраўнікі кампартыі Літвы Ермалавічус і Буракавічус былі выдадзеныя літоўскаму боку. 19 студзеня некаторыя дэпутаты ацанілі арышт як супрацьзаконны і запатрабавалі правесьці закрытае паседжаньне Вярхоўнага Савету.

Паводле міжнародных дамоваў, Беларусь абавязаная была выдаць асобаў, супраць якіх была узбуджаная крымінальная справа – і гэта пацьвердзіў на сэсіі міністар замежных справаў П. Краўчанка. Але -- пасьля выкананьня ўсіх працэдураў. Праблема была ў тым, што да таго часу ня былі адпрацаваныя тыя самыя працэдуры. Зрэшты, галоўны элемэнт у падобнага роду выпадках – гэта дазвол пракурора (у некаторых краінах – суддзі). Дазвол Генеральнага пракурора Васіля Шаладонава на экстрадыцыю Буракавічуса і Ермалавічуса існаваў.

Шаладонаву, аднак, дэпутаты “даравалі”. Увесь гнеў быў абрынуты на Ягорава і Шыркоўскага.

Між іншым, гэта быў ня першы выпадак выдачы Літве асобаў, якіх абвінавачвалі ў злачынстве – але ранейшыя ня мелі рэзанансу. Летам 1993 года расейскія міліцыянты з аўтаматамі захапілі на тэрыторыі Віцебскай вобласьці двух беларускіх бізнэсоўцаў і тыдзень пратрымалі іх ў ізалятары ў Расеі, нават не праінфармаваўшы беларускі бок. Пра гэта гаварылася на сэсіі ВС – але большасьць дэпутатаў ніяк не зрэагавалі на гвалт да сваіх жа суграмадзянаў: у іх сьвядомасьці Беларусь і Расея ўсё яшчэ заставаліся адзінай дзяржавай са сталіцай, зразумела, у Маскве.

Зрэшты, мяркую, і лёсы літоўскіх камуністаў іх цікавалі ня вельмі. Галоўным было іншае: зьявілася нагода расправіцца з тымі, хто, на думку кіраўніцтва СМ, мог перашкодзіць канчаткова замацаваць уладу.

На сэсыі Апазыцыя БНФ абараняла Шыркоўскага і Ягорава (унікальны выпадак – дэмакраты абаранялі генэрала КГБ). Шушкевіч -- маўчаў. Рашэньнем парлямэнцкай большасьці Ягораў і Шыркоўскі былі адпраўленыя ў адстаўку; у выніку Шушкевіч страціў падтрымку ў сілавых структурах.

Зрэшты, некаторым здавалася, што і ў такой сытуацыі ў Шушкевіча застаецца значна больш важкая падтрымка – прэзыдэнт Расеі. Дарадца Шушкевіча Іван Сьцяпура неаднаразова мне казаў, што ў самы крытычны момант Ельцын патэлефануе Кебічу, загадае – “Не чапаць!” -- і ўсё абыдзецца. Не сумняюся, што калі б патэлефанаваў – так і было б. Але – не патэлефанаваў.

26 студзеня Шушкевіча адправілі ў адстаўку . Дэпутаты апазыцыі, як і ў ліпені 1993-яга, ізноў БНФ блякавалі галасаваньне, але супраць Шушкевіча выступілі ўжо і “цэнтрысты” на чале з Карпенкам ды Ганчаром, і нашых галасоў проста не хапіла.

Памятаю, што ў момант, калі ішоў падлік бюлетэняў, перадалі сумную вестку з Масквы пра сьмерць Алеся Адамовіча.

Шушкевіча зьнялі “за непрыняцьце мераў па барацьбе з карупцыяй, адсутнасьць кантролю за дзейнасьцю праваахоўчых органаў і праяву асабістай нясьціпласьці”. Старшынём ВС быў абраны Мечыслаў Грыб – былы кіраўнік Камісіі ВС у справе абароны і барацьбы са злачыннасьцю. Абсурднасьць сытуацыі была ў тым, што, у адпаведнасьці з Канстытуцыяй, Шушкевіч мог кантраляваць праваахоўчыя органы менавіта і толькі праз Камісію Грыба.

“Скончылася блытаная кар'ера блытанага палітыка” – трыюмфальна заявіў на прэсавай канфэрэнцыі пасьля адстаўкі Шушкевіча Віктар Ганчар.

Насамрэч – тое скончылася беларуская дэмакратыя. У сакавіку апазыцыя БНФ адмовілася галасаваць за Канстытуцыю – папярэдзіўшы, што увядзеньне прэзыдэнцтва непазьбежна прывядзе да дыктатуры. Але Канстытуцыя была прынятая з грубымі парушэньнямі Рэглямэнту ВС. Шлях да дыктатуры быў адчынены.

Разуменьне са спазьненьнем

15 студзеня 1994 г. у “Народнай газэце” – выданьні Вярхоўнага Савета – быў зьмешчаны артыкул Зянона Пазьняка “О русском империализме и его опасности». Артыкул друкаваўся па-расейску, што было не ўласьціва Пазьняку – бо пісаўся для газэты «Советская Белоруссия». Рэдактар «СБ» Іар Асінскі адмовіўся друкаваць артыкул – затое зьмясьціў на старонках сваёй газэты гнеўную водпаведзь аўтару.

Галоўнаму рэдактару «Народнай газэты» Іосіфу Сярэдзічу сапраўды спатрэбілася выявіць журналісцкую, ды і проста чалавечую мужнасьць – у тых выразах, у якіх Пазьняк напісаў пра ўсходняга суседа, пра Расею на працягу апошніх дзесяцігоддззяў, здаецца, не пісаў ніхто.

І наўрад ці ў гісторыі беларускай публіцыстыцы знойдзецца яшчэ адна публікацыя, якая б выклікала такую колькасьць рэзка негатыўных ацэнак. Парадокс, аднак, у тым, што сёньня калі ня ўсе, дык абсалютная большасьць высноваў таго артыкула ўспрымаюцца як набор банальнасьцяў ці аксыёмаў – на вялікі жаль, актуальных, як і кожная аксыёма.

Я не зьбіраюся аналізаваць гэты ўжо хрыстаматыйны артыкул – яго можна пачытаць у зборніку «Бларуская думка ХХ стагодзьдзя: філазофія, рэлігія, культура” (склад. Юрый Гарбінскі. Варшава, Інстытут славістыкі Польскай акадэміі навук, 1998), куды ён уключаны нароўні з працамі М. Багдановіча, А. Луцкевіча, Ю. Хадыкі, У. Конана.

Але можна меркаваць, што калі б асноўныя тэзы яшчэ тады, у студзені 1994-ага, былі спакойна прааналізаваныя і асэнсаваныя – дэмакратычныя сілы пакінулі б ілюзіі адносна ўплыву ўсходняга суседа на падзеі ў Беларусі. Прыгадаем хаця б, якую ролю адыграў “маскоўскі дэсант” Чарнамырдзіна-Селязьнёва ў лістападзе 1996 года, калі быў правалены зусім рэальны імпічмэнт Лукашэнку. Ці ілюзіі на падтрымку Масквы на выбарах 2001 года. Прыклады можна доўжыць аж да сёньня.

Тое, што магло б быць усьвядомлена яшчэ дзесяць гадоў таму – усё больш каму робіцца відавочным цяпер. Страчаных гадоў, аднак, шкада.

Мае нататкі – усяго толькі гістарычная рэтраспэкцыя, і ня больш чым рэтраспэкцыя. Выкажу толькі адно назіраньне: беларуская дэмакратыя далёка не заўсёды дамаглася посьпеху, калі рабіла стаўку на нацыянальную ідэю. Але калі посьпех прыходзіў (як у1990-1991 гадах) – ён заўсёды непарыўна быў зьвязаны з нацыянальнай беларускай ідэяй. Відаць, гэта унівэрсальная формула.

"Народная воля", студзень 2004 г.