Нобэлеўскія ляўрэаты заклікаюць Пуціна скасаваць закон аб прапагандзе гомасэксуалізму

Ініцыятар звароту, брытанскі актор Іэн Маккелэн

27 ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі ў розных галінах апублікавалі ў брытанскай газэце The Independent адкрыты ліст, у якім заклікалі прэзыдэнта Расеі скасаваць закон аб забароне прапаганды гомасэксуалізму сярод непаўнагадовых.

Аўтары ліста называюць закон «гамафобскім», паводле іх ён выклікаў заклапочанасьць ва ўсім сьвеце. У звароце адзначаецца, што ён напісаны на знак салідарнасьці навукоўцаў з палітыкамі, дзеячамі культуры і спорту, якія ўжо выступілі з рэзкай крытыкай дзеяньняў расейскіх уладаў у дачыненьні да людзей з нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі.

Ініцыятарам ліста выступіў брытанскі актор Іэн Маккелэн, выканаўца ролі чараўніка Гэндальфа ў сэрыяле «Ўладар пярсьцёнкаў» і ў фільме "Хобіт", а таксама яго сябра, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па хіміі Гаральд Крота.

Закон аб забароне прапаганды нетрадыцыйных сэксуальных адносінаў сярод непаўнагадовых быў прыняты Дзяржаўнай Думай Расеі і падпісаны прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным у чэрвені 2013 году. Ён выклікаў пратэсты прадстаўнікоў ЛГБТ — руху, які лічыць яго дыскрымінацыйным, паводле іх няпэўныя фармулёўкі закону забараняюць фактычна любыя пазытыўныя ці нэўтральныя згадкі гомасэксуальных адносінаў.