Уладзімер Някляеў і ягоныя намесьнікі па грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» ня будуць балятавацца на мясцовых выбарах.
Ім забараніла вылучацца рада кампаніі, паведаміў сёньня, адказваючы на пытаньне Свабоды, Сяргей Вазьняк — прадстаўнік кіраўніцтва «Гавары праўду». А вось рух «За свабоду» ніякіх абмежаваньняў для сваіх кіраўнікоў ня ўводзіў.
Ад 12 студзеня пачалося вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. Ні Ўладзімер Някляеў, ні ягоныя намесьнікі па кампаніі «Гавары праўду» балятавацца ў дэпутаты ня будуць, — заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі прадстаўнік кампаніі Сяргей Вазьняк:
«Мы гэтае пытаньне абмяркоўвалі. Вельмі прасіўся Андрэй Дзьмітрыеў пайсьці. Але мы калектыўным рашэньнем гэта забаранілі. Сказалі, што ён павінен ачоліць рэспубліканскі штаб. Мы плянуем вылучыць ад 400 да 500 кандыдатаў. Гэта вельмі вялікая праца.
Што да іншых кіраўнікоў, ніжэйшых за намесьніка кіраўніка кампаніі, то мы вылучаемся. Асабіста я зьбіраюся балятавацца ў тры саветы, у трох розных акругах».
Сяргей Вазьняк будзе вылучацца ў Віцебскі абласны, Талачынскі раённы і Коханаўскі сельскі саветы. У гэтым рэгіёне ён удзельнічаў у выбарчай кампаніі, калі ў 2008 годзе абіралі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.
Першы намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч так адказаў на аналягічнае пытаньне «Свабоды»:
«У нас няма жорсткага рашэньня пра ўдзел альбо няўдзел кіраўніцтва. Кожны вырашае сам у залежнасьці ад таго, ці вялася папярэдняя праца на акрузе гарадзкога ці ніжэйшага роўню.
Шмат залежыць ад таго, наколькі мы занятыя ў іншых кампаніях нацыянальнага маштабу. Пэрсанальна я адказваю за „Народную праграму“. Гэта якраз-такі дапамога сотням кандыдатаў у фармаваньні іхніх выбарчых праграмаў, у разуменьні мясцовай праблематыкі, у тым, каб на экспэртным роўні даваць адказы сваім выбарцам падчас агітацыі. Вось на гэта і скіраваная „Народная праграма“. Таксама частка людзей занятая ў „Народным рэфэрэндуме“. Адзінае, магу анансаваць загадзя, што адзін з намесьнікаў — Алесь Лагвінец — плянуе ўдзельнічаць у выбарах у Менскі гарадзкі савет».
І кампанія «Гавары праўду», і рух «За свабоду» разам зь яшчэ пяцьцю арганізацыямі ўваходзяць у кампанію назіраньня за мясцовымі выбарамі пад назвай «Права выбару». Сярод іх і партыя БНФ. Намесьнік старшыні партыі Ігар Лялькоў прааналізаваў першы этап выбараў — утварэньне тэрытарыяльных і акруговых камісіяў:
«Ужо на гэтым этапе ўся кампанія ідзе паводле звыклага для Беларусі сцэнару. Ён фактычна не прадугледжвае ўдзелу апазыцыйных партыяў і незалежных грамадзкіх арганізацыяў у працы органаў, якія забясьпечваюць падрыхтоўку і правядзеньне выбараў. Пераважную большасьць у гэтых камісіях атрымалі вылучэнцы ад праўрадавых арганізацыяў. І ўжо гэта падрывае з самага пачатку давер да таго, што кампанія можа быць мінімальна дэмакратычнай і мінімальна справядлівай.
Колькасьць вылучэнцаў ад апазыцыйных партыяў параўнальна зь мінулымі выбарамі засталася такой жа самай. Там было 279, сёлета — 277. Але колькасьць асобаў, якіх уключылі ў камісіі ад апазыцыі, значна зьменшылася. У тэрытарыяльныя ўключылі ў тры разы меней, а ў акруговыя — наагул у шэсьць з паловай разоў».
Мясцовыя выбары прызначаныя на 23 сакавіка.