Карагін пра прэтэнзіі «Евроторга»: гэта кепска пахне

Старшыня Менскага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімер Карагін.

У Фрунзенскім судзе Менску разглядаецца пазоў кампаніі «Евроторг» да старшыні Менскага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімера Карагіна за нібыта нанесеную шкоду дзелавой рэпутацыі.
У якасьці суадказчыкаў суд прыцягнуў партал tut.by, інтэрнэт-выданьне «Ежедневник», «БелаПАН», аўтараў артыкулаў і арганізатара круглага стала, на якім абмяркоўвалася тэма рэйдэрства ў Беларусі, — Аляксандра Паўлава. Працэс адновіцца 17 студзеня.

«Евроторг» лічыць, што выказваньні Карагіна на круглым стале, апублікаваныя ў мэдыях, зьневажаюць дзелавую рэпутацыю, бо абвінавачваюць кампанію ў тым, што яна дзейнічае разам з рэйдэрамі. «Евроторг» патрабуе ад адказчыкаў апублікаваць абвяржэньне. Буйны беларускі інтэрнэт-партал tut.by спачатку быў прызнаны трэцяй асобай па справе, а потым суадказчыкам.

Яго дырэктарка Людміла Чэкіна патлумачыла карэспандэнту Свабоды:

«Прад’яўлены пазоў адносна выказваньняў пра тое, што адбыўся рэйдэрскі захоп гандлёвага цэнтру „Талін“, які потым быў перададзены ў арэнду „Евроторгу“. Паводле аналізу інфармацыі, якая была ў нас на партале (мы яе бралі ў агенства БелаПАН), ніякай зьневажальнай для „Евроторга“ інфармацыі ў нашым артыкуле не было. Бо тое, што яны ўзялі ў арэнду гандлёвы цэнтар, які быў атрыманы пры нейкіх сумнеўных акалічнасьцях, не азначае, што яны былі ў курсе ці неяк правакавалі. Яны выступаюць у якасьці добрасумленнага ўдзельніка грамадзянскага абароту. То бок ім прапанавалі ўзяць у арэнду гандлёвы цэнтар, і яны ўзялі. Што да дзеяньняў трэціх асобаў, якія завалодалі акцыямі прадпрыемства, на думку былога дырэктара гэтага гандлёвага цэнтру, незаконна, то гэтыя трэція асобы не называюцца ў артыкуле, і яны ніякіх пазоваў не прад’яўлялі. Мы лічым, што „Евроторг“ перадузята ўспрымае гэтую інфармацыю як зьневажальную для дзелавой рэпутацыі».

Уладзімер Карагін кажа, што гатовы падзяліць агульны лёс са СМІ, якія прыцягнутыя ў якасьці суадказчыкаў па справе. Прэтэнзіі кампаніі «Евроторг» спадар Карагін лічыць беспадстаўнымі. Ён адзначае, што на круглым стале абмяркоўвалася праблема адсутнасьці ў беларускім заканадаўства панятку «рэйдэрства», хоць у Беларусі агульная прастора з Расеяй. У Беларусі існуе 30 гандлёвых сетак, і, апроч «Евроторга», ніхто не абураўся.

«І раптам чамусьці «Евроторг» пакрыўдзіўся. Там нічога зьневажальнага ў яго адрас абсалютна не было сказана. У ніводнай публікацыі, ані ў маіх выказваньнях. Таму лічу прэтэнзіі беспадстаўнымі. Нейкі незразумелы ход. Нам незразумела, навошта гэта трэба «Евроторгу».

Паводле Карагіна, сутнасьць ягоных выказваньняў у СМІ перададзена правільна. Аднак ён адхіляе абвінавачаньне пазоўніка ў тым, што ён нібыта распаўсюджваў інфармацыю:

«Мы гаварылі аб праблеме, якая называецца „рэйдэрства“. У пачатку і ў канцы круглага стала мы прыйшлі да высновы, што гэтая праблема ёсьць як праблема адсутнасьці ў беларускім заканадаўстве гэтага тэрміна і выразнай клясыфікацыі такога роду дзейнасьці. Але права журналіста — паказваць такі матэрыял і гаварыць пра гэта. Для мяне гэта вельмі дзіўная прэтэнзія і крыўда. Вельмі дзіўна, што і да мяне, і да СМІ прад’яўляюцца такія прэтэнзіі. І гэта кепска пахне ў тым пляне, што гэтым людзям няма чым займацца, як прыцягваць лепшыя беларускія незалежныя СМІ, якія займаюцца якраз дасьледаваньнем праблемаў рынкавай эканомікі, з такой дробнай нагоды. Гэта наўрад ці дадасьць рэпутацыі пазоўніку».

У самой кампаніі «Евроторг» адмовіліся даваць камэнтары па гэтай справе.