Мэдык «Марс-1» — пра кандыдатаў, сэкс ды ўладу ў космасе і пра жонку-беларуску

Норбэрт Крафт

Галоўны мэдык касьмічнага праекту «Марс-1» Норбэрт Крафт расказаў Радыё Свабода пра тое, як будуць адбіраць і рыхтаваць кандыдатаў на удзел у калянізацыі Марса, чаму варта трансьляваць гэтую падрыхтоўку па тэлевізіі 24 гадзіны на суткі, ці магчымая дыктатура і дзеці на Марсе, а таксама пра сваю жонку, якая прыехала ў ЗША зь Беларусі.
Днямі арганізатары праекту палёту на Марс абвясьцілі, што абралі каля тысячы кандыдатаў з больш чым 150 тысяч заявак. Палёт у адзін бок заплянаваны на 2024 год і мае каштаваць каля 6 мільярдаў даляраў. На 2018 год заплянаваны тэставы палёт бесьпілётнага модуля. Гэта прыватны праект, які заснаваў галяндзкі інвэстар Бас Лансдарп. Пытаньні з фінансаваньнем «Марс-1» пакуль ня вырашаныя, а больш падрабязна пра усё яго аспэкты можна прачытаць па-ангельску на адмысловым сайце.

Сярод папярэдне адабраных кандыдатаў ёсьць пяць беларусаў, і гутаркі зь некалькімі зь іх пазьней зьявяцца на нашым сайце. А пра падрыхтоўку будучых марсіян у інтэрвію Радыё Свабода расказаў доктар Норбэрт Крафт, які раней працаваў у касьмічных праграмах ЗША, Расеі і Японіі, і які верыць, што праект калянізацыі Марса ператворыцца ў жыцьцё.

Крафт: «Гарантыя, што вы кіруецеся на Марс, будзе толькі калі ўдзельнікі праекту будуць сядзець ў ракеце — ані хвілінай раней. Калі людзі пройдуць усё этапы адбору і патрапяць у канчатковы сьпіс 24 удзельнікаў, тады пачнецца праграма трэніровак, якая працягнецца дзесяць гадоў. Падчас гэтай падрыхтоўкі ўдзельнікі павінны будуць атрымаць розныя веды — мэдычныя, геалягічныя і гэтак далей, каб яны сапраўды маглі выжыць на Марсе.

Штогод такая падрыхтоўка будзе працягвацца дзевяць месяцаў, а потым тры месяцы ўдзельнікі будуць працаваць у асяродзьдзі, падобным да ўмоваў на Марсе, каб давесьці, што яны могуць рабіць тое, чаму навучыліся. Калі нехта з удзельнікаў ня здолее справіцца з навучаньнем ці пакажа, што няздольны працаваць у камандзе, гэтыя людзі будуць выключаныя з праграмы. Такое можа здарыцца на любым этапе да адлёту. Гэта дае дадатковыя магчымасьці новым удзельнікам, далучыцца да праекту, таму дзьверы адчыненыя, для тых, хто захоча падаць заяўку ў наступныя некалькі гадоў, каб быць сярод кандыдатаў для палёту на Марс у адной зь першых групаў».
Гумар і зубы ў космасе

Норбэрт Крафт кажа што на першым этапе адсейваліся кандыдаты, якія відавочна несур’ёзна ставіліся да праекту — да прыкладу прысылалі відэа ў піжаме ці ў споднім, альбо блыталі Марс зь Месяцам. Потым пачынаўся больш сур’ёзны адбор.

«Калі казаць пра ключавыя рэчы — мы глядзім, наколькі гэта творчыя людзі, ці маюць яны пачуцьцё гумару. У шмат якіх выпадках гэта адсутнічала, але ж гэтым людзям давядзецца працаваць разам, у тым ліку на Марсе, вельмі доўгі час, таму пачуцьцё гумару неабходнае. Мы глядзім наколькі чалавек моцны духам, здольны адаптавацца да іншых людзей, да асяродзьдзя, ці сапраўды ён хоча ўдзельнічаць, альбо проста выпадкова вырашыў падаць заяўку.

Некаторыя пытаюцца ў мяне, чаму вы не адбіраеце выключна людзей з навуковымі ступенямі. Але ёсьць людзі, у якіх няма грошай і магчымасьцяў пайсьці ва ўнівэрсытэт, дык чаму мы ня можам абраць гэтых людзей, калі ў іх ёсьць розум і здольнасьці? Мы даем гэтым людзям шанец давесьці, што яны могуць зрабіцца добрымі ўдзельнікамі касьмічнага экіпажу. Мы маем дзесяць гадоў, каб навучыць іх неабходным прафэсіям. Для нас галоўнае — здольнасьць працаваць у камандзе, бо гэтым людзям давядзецца жыць разам да канца жыцьця ў вельмі абмежаваным асяродзьдзі».

У 2010 годзе Норбэрт Крафт атрымаў узнагароду «За выбітныя дасягненьні ў псыхалягічных і псыхіятрычных аспэктах аэракасьмічнай мэдыцыны». Я спытаўся ў яго, ці былі ўжо адсеяныя з кандыдатаў людзі зь відавочнымі псыхічнымі адхіленьнямі.

«Гэтыя людзі пакуль што папярэдне абраныя ў другі этап, яны яшчэ не на другім этапе. Цяпер яны павінны прайсьці мэдычнае абсьледаваньне, дзе ў тым ліку трэба давесьці, што ў іх няма псыхічных захворваньняў. Калі яны не атрымаюць адпаведнага мэдычнага заключэньня, яны не патрапяць на другі этап. Пакуль што гэтым займаюцца дактары.

Калі ў нас будзе 24 удзельнікі, яны штогод будуць праходзіць мэдычныя агляды, у тым ліку і псыхалягічны, і псыхіятрычны, каб давесьці, што яны могуць працягваць удзел у праграме. Такім чынам мы будзем сачыць, каб у праграме не было людзей з захворваньнямі.

Гэтыя 24 чалавекі — магчыма, што там дадаткова будзе яшчэ некалькі чалавек — атрымаюць працоўнае месца ў праграме „Марс-1“. Штогод яны будуць трэніравацца дзевяць месяцаў, а потым тры месяцы працаваць, і калі яны не пакажуць добрых вынікаў, дык будуць выключаныя з праграмы, і мы дадамо новых удзельнікаў».

Мадэль асяродзьдзя на Марсе



Што будзе найважнейшым ў падрыхтоўцы, і якія прыроджаныя якасьці трэба ўдзельнікам праекту?

«Найбольш нас цікаваць чалавечыя паводзіны, а гэта нельга хутка зьмяніць. Таму мы надаем гэтаму шмат увагі ў працэсе адбору. Мы глядзім, наколькі чалавек можа працаваць у камандзе і ці ведае ён сам сябе. Просты прыклад — вам не падабаецца, што партнэр кідае свае шкарпэткі ў залі. У звычайным жыцьці гэта невялікая праблема, але ў абмежаваным асяродзьдзі яна робіцца вялікай, і можа выбухнуць у сур’ёзны канфлікт. Таму сапраўды трэба ведаць, што вам падабаецца, а што не падабаецца, каб людзі маглі працаваць разам.

Мы, у сваю чаргу, можам навучыць іх, як карыстацца сыстэмамі падтрыманьня жыцьцядзейнасьці. Усе яны атрымаюць мэдычную падрыхтоўку, у тым ліку прафэсію дантыста, бо ім, напрыклад, давядзецца лячыць зубы адно аднаму. Яны атрымаюць падрыхтоўку ў геалёгіі, астраноміі, таксыкалёгіі і біялёгіі — напрыклад, як вырошчваць расьліны — каб яны сапраўды маглі выжыць там. Бо калі нехта зь іх пакіне групу, астатнія павінны выжыць, і кожны павінен быць здольны замяніць іншага. Ня можа быць вузкай спэцыялізацыі, калі ёсьць адзін пілёт, і безь яго ніхто ня можа кіраваць ракетай. У нашай сытуацыі яны павінны валодаць прафэсіямі іншых і быць здольнымі да ўзаемадапамогі».

Галяндзкая няўрадавая арганізацыя «Марс 1», якая займаецца праектам, спадзяецца атрымаць частку фінансаваньня, прадаючы правы на тэлевізійныя здымкі падрыхтоўкі касьмічнай місіі. Як вы ставіцеся да ідэі, што канчатковы выбар сярод найлепшых кандыдатаў будуць рабіць гледачы гэтага тэлевізійнага «рыэліці-шоў»?

«На гэта трэба глядзець наступным чынам. Калі будзе два кандыдаты, якія маюць абсалютна аднолькавую падрыхтоўку і здольнасьці, тады публіка зможа выбраць паміж імі. Напрыклад, уявіце — будзе чатыры групы, і кожная зь іх заслугоўвае быць першай, чаму б шырокай публіцы ня вырашыць, хто паляціць першым? Урэшце, усе яны паляцяць на Марс — на два гады пазьней, ці на чатыры, ці на шэсьць».

Сэкс і дзеці на чырвонай плянэце

Джудыт Лап'ер

Норбэрт Крафт удзельнічаў у маскоўскім экспэрымэнце 1999-2000 гадоў, як адзін з трох замежных псыхолягаў, якія правялі 110 дзён у ізаляваным памяшканьні разам з камандай расейскіх касманаўтаў, якія агулам былі ў ізаляцыі 240 дзён. Падчас таго экспэрымэнту вывучаліся праблемы, якія могуць напаткаць разнаполы экіпаж, у якім прадстаўленыя некалькі культураў. Тады на Новы Год адбыўся інцыдэнт, калі два расейскія касманаўты, выпіўшы гарэлкі, пабіліся да крыві, а потым камандзір расейскага экіпажу сілай пацалаваў адзіную жанчыну ў экспэрымэнце, канадзкую прафэсарку Джудыт Лап’ер. Я спытаўся ў доктара Крафта, наколькі важныя сэксуальныя аспэкты ў падрыхтоўцы касманаўтаў.

«У нас будуць зьмяшаныя каманды, бо дасьледаваньні паказалі, што яны працуюць найбольш эфэктыўна. Мы спрабавалі каманды, дзе былі толькі мужчыны ці толькі жанчыны, і атрымалася, што зьмяшаныя каманды працуюць найлепей. Калі паміж людзьмі будзе сэксуальнае прыцягненьне, дык гэта натуральна. Гэта абавязкова будзе, але пытаньне ў тым, што яны будуць з гэтым рабіць, як яны справяцца з магчымымі разрывамі адносінаў, канфліктамі. І вось за гэтым мы будзем назіраць цягам дзесяці гадоў падрыхтоўкі. Як я ўжо казаў, пра канчатковы адбор можна будзе казаць толькі калі яны ўжо будуць сядзець у ракеце.

Часам пытаюцца, навошта гэтую падрыхтоўку паказваць шырокай публіцы па тэлевізіі. Я кажу, што гэта менавіта тое, чаму ўдзельнікі праекту могуць навучыць іншых — як пераадолець канфлікт, як прадуктыўна працаваць і захаваць сяброўства нават у выпадку канфлікту.

Па-другое, ёсьць шмат людзей, якія з розных прычынаў ня могуць удзельнічаць у праекце, але хацелі б. Гэтыя людзі змогуць сачыць за нашымі астранаўтамі падчас іх падарожжа, мець свае надзеі і мары. У адваротным выпадку гэта было б як футбольная гульня, у якой вядомы толькі вынік, але самой гульні людзі ня бачаць. А тут важна бачыць, як яны змагаюцца, як пераадольваюць цяжкасьці і дасягаюць посьпеху. Шмат людзей могуць навучыцца і зь іх посьпехаў, і зь іх памылак.

У цяперашніх касьмічных палётах людзі ведаюць, каго абралі для палёту, потым яны ўжо на станцыі, а потым вяртаюцца, і пры гэтым невядома, што там адбываецца. Таму мы хочам, каб людзі на Зямлі маглі перажыць гэтае падарожжа разам зь імі».

На сайце «Марс-1» тлумачыцца, што прынамсі ў першыя гады калянізатарам Марсу не рэкамэндуецца мець дзяцей. Як гэта магчыма пракантраляваць?

«Удзельнікі першых экіпажаў будуць цудоўна разумець, што мы ня ведаем, як узровень гравітацыі ўплывае на нараджэньне дзіцяці. Найперш трэба будзе праводзіць экспэрымэнты на жывёлах, каб пабачыць магчымыя пасткі і небясьпекі. Я думаю, што мы адбярэм дастаткова адказных людзей, якія ня будуць адразу ж па прылёце рабіць дзяцей».

Агенты, дыктатура і нацыянальнае пытаньне на Марсе

Ці ёсьць рызыка, што пасяленьне на Марсе зробіцца невялікай дыктатурай, дзе будуць панаваць мацнейшыя, альбо гэта нерэалістычны сцэнар?

«Не, вы якраз ставіце добрыя пытаньні. Калі гэтыя людзі будуць на Марсе, мы ўжо асабліва нічога ня зможам зрабіць. Мы можам зрабіць нешта толькі загадзя, адабраўшы людзей з этычнымі прынцыпамі. Але тут ёсьць яшчэ адзін цікавы момант — цягам дзесяці гадоў падрыхтоўкі мы будзем назіраць як фармуюцца адносіны ў экіпажах. У мяне часам пытаюцца — ці будзеце вы прызначаць камандзіраў? Я адказваю: мы нічога ня будзем прызначаць, яны самі будуць вызначаць структуру экіпажу. Яны могуць абраць анархію, дэмакратыю, вайсковую герархію ці нешта яшчэ, але цягам гэтых гадоў яны павінны давесьці, што здолеюць эфэктыўна працаваць з такой структурай.

Яны самі павінны вызначыць, што для іх працуе, і зь цягам часу гэта будзе мяняцца. Калёнія будзе расьці — чатыры, восем і гэтак далей, і рана ці позна ў іх зьявіцца свая канстытуцыя, свае законы. Мы можам толькі назіраць за падрыхтоўкай удзельнікаў 24 гадзіны на суткі, каб гарантаваць, што будуць абраныя найбольш этычныя і адказныя кандыдаты. Але мы ня можам прадказаць, што атрымаецца ў выніку».

Ці ёсьць сэнс для выведкі нейкай дзяржавы заслаць свайго агента, як патэнцыйнага ўдзельніка палёту на Марс?

«Ня ведаю, што там рабіць агенту, бо, наколькі я разумею, спэцслужбы звычайна працуюць сакрэтна, а нашая падрыхтоўка будзе 24 гадзіны штодня на тэлевізіі. Усе будуць бачыць, што робяць кандыдаты. Але напрыклад для таго, каб наведаць амэрыканскую карпарацыю Lockheed Martin, каб навучыцца карыстацца нейкімі сыстэмамі, удзельнікам трэба будзе атрымаць прынамсі „зялёную карту“ — від на жыхарства ў ЗША. Для гэтага замежнікам трэба будзе праходзіць праверку.

А ці можна ўявіць сытуацыю, калі дзяржава, чые грамадзяне ўдзельнічаюць у праекце, заявіць пра свае правы на плён калянізацыі Марса — напрыклад калі стане тэхнічна магчымым перавозіць на зямлю нейкія каштоўнасьці адтуль?

Тут я ня ўпэўнены, бо я не юрыст. Як я ўжо сказаў, удзельнікам трэба будзе атрымоўваць амэрыканскую „зялёную карту“, але мы хочам зрабіць групу як мага больш інтэрнацыянальнай, каб іх успрымалі, як прадстаўнікоў чалавецтва, якія накіроўваюцца на Марс. Я думаю, што людзі будуць ганарыцца сваімі суайчыньнікамі, калі там, напрыклад, будзе нехта зь Беларусі. Але наш праект не зьвязаны зь нейкім урадам і на нас няма нейкага ўрадавага ціску. Ніводны ўрад не фінансуе нас і ня кажа нам, што рабіць, і гэта да лепшага. Касьмічныя агенцтвы розных краін маюць кантракты на пастаўкі — напрыклад, што трэнажоры трэба купляць у Швэцыі і гэтак далей. Мы ж можам самастойна вызначаць найлепшае абсталяваньне, незалежна ад краіны паходжаньня. Мы працуем без урадавай падтрымкі і, адпаведна, без урадавага ўплыву».

Але падрыхтоўка будзе праходзіць пераважна ў ЗША ці таксама ў іншых краінах?

Плянуецца, што ізаляванае асяродзьдзе будзе ў Злучаных Штатах. Да прыкладу, амэрыканская кампанія Paragon займаецца сыстэмамі жыцьцезабесьпячэньня, таму трэніроўкі з гэтымі сыстэмамі адназначна будуць ў ЗША. Але для мэдычнай падрыхтоўкі мы можам, напрыклад, паехаць у Расею, для падводнай падрыхтоўкі ў Японію, таму гэта не абмежавана Злучанымі Штатамі. Мы шукаем месцы для падрыхтоўкі, дзе будуць добрыя спэцыялісты і невысокія кошты.

Палёт у адзін бок

А як вы асабіста для сябе адказваеце на пытаньне «Навошта людзям ляцець на Марс?»

Крафт: «Я думаю, што ў нас ёсьць магчымасьць засяліць іншую плянэту, стварыць будучыню для касьмічных дасьледаваньняў. Я лічу, што мы павінны дасьледаваць космас, каб высьветліць што там ёсьць, ці існуе там іншае жыцьцё. Мы можам ажыцьцявіць свае мары. Гэтыя мары падзяляюць ня ўсе, але гэта мая мара, бо я вялікі энтузіяст касьмічных дасьледаваньняў і навуковай фантастыкі. Мне хочацца зрабіць свой унёсак у адкрыцьцё новага, дапамагаючы адабраць для гэтага найлепшых людзей.

Акрамя таго мы зьбіраем людзей з усяго сьвету, каб працаваць над агульным праектам палёту на Марс. Тут няма такога, што адна кампанія кажа: „Гэта мая тэрыторыя!“ Тут ёсьць агульная мэта, і людзі Зямлі змогуць разам працаваць над нечым, незалежна ад сваёй культуры, расы ці краіны паходжаньня, і таксама таму ў нас такі інтэрнацыянальны праект».

Але нават калі ня браць пад увагу вялікую рызыку, прынамсі ў першыя гады, зь цяперашняй тэхналёгіяй, гэта будзе падарожжа ў адзін бок. Ці хацелі б вы, каб нехта з вашых родных паляцеў на Марс, ведаючы, што вы іх болей ніколі асабіста не пабачыце?

«Я магу сказаць і пра сябе — я думаў правесьці пэнсійныя гады на Марсе, бо там гравітацыя толькі 30 працэнтаў ад зямной, і гэта было б добра для маіх костак, цягліцаў і гэтак далей. На Зямлі ў нас шмат боляў з-за гравітацыі, таму гэта было б някепска. Калі мае родныя хацелі б паляцець, калі б гэта сапраўды была іх мара, навошта мне стаяць на шляху іх мары?

Я памятаю, як размаўляў з адным чалавекам, які хацеў наведаць Антарктыду, нягледзячы на свае праблемы са здароўем. І я сказаў, што гэта вельмі рызыкоўна з такім станам здароўя, і што я, як мэдык, ня раіў бы гэтага рабіць. А ён мне адказаў: „Я штодня сяджу ў сваім садзе, гляджу на адно і тое ж дрэва і разумею, што гэта якраз тое, што я вельмі хачу зрабіць — пабачыць Антарктыду — магчыма апошняе, што я хачу зрабіць у сваім жыцьці“. У некаторых людзей ёсьць вялікія мары, якія даюць ім мэту ў жыцьці, і я лічу, што гэта варта захапленьня».

Норбэрт Крафт з жонкай Верай



Жонка Норбэрта Крафта, Вера, — беларуска. Паводле прафэсіі яна праграмістка, зьехала ў ЗША зь Беларусі ў канцы 1990-х. Яны пазнаёміліся праз інтэрнэт і ажаніліся два гады таму. Сама яна адмаўляецца ад інтэрвію.

Норбэрт Крафт, які паходзіць з Аўстрыі, пакуль не наведваў Беларусь, але плянуе зрабіць гэта ў будучыні, бо ў Менску жыве яго цешча. Я спытаўся ў яго, ці адчуў ён нейкую розьніцу ў культурах, жывучы зь беларускай.


«Я кахаю яе, яна дапаўняе мяне і ў нас цудоўныя адносіны. Яна для мяне як мара. Ня ведаю, ці гэта зьвязана зь беларускай культурай. Мне здаецца, што кожная асоба індывідуальная, нягледзячы на досьвед і паходжаньне. Можна паехаць у маленькае мястэчка і пабачыць, што людзі там адрозьніваюцца паміж сабой больш, чым людзі з розных краінаў. То бок гэта яе асоба, гэта яна сама. А наколькі гэта зьвязана зь Беларусьсю я не магу судзіць, бо ня ведаю дастаткова беларусаў. Я пакуль не знайшоў некага такога як яна ў Амэрыцы ці іншай краіне. Мы разам, і гэта найлепшае, што здарылася ў маім жыцьці».