Прыватны прытулак Шчадрова ратуе бяздомных

Аляксей Шчадроў, гаспадар прыватнага прытулку ў Шчучынскім раёне

У закінутых хатах у вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёну знайшлі дах над галавой і міску гарачай стравы 9 бяздомных. Інваліды, паралізаваныя, калекі. Людзей, якія страцілі ўсё, сабраў Аляксей Шчадроў, арганізаваўшы ў вёсцы прыватны прытулак для зьнядоленых.
Дабрачыннасьць каштуе дорага. Летась супраць Аляксандра Шчадрова завялі крымінальную справу, яму пагражалі 2 гады калёніі за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі. Насамрэч жа Шчадроў толькі даваў прытулак бяздомным і маліўся разам зь імі.

Журналісты, якія летам пісалі пра гэты выпадак, фактычна адбілі Шчадрова ад крымінальнага перасьледу.

Справу закрылі «за адсутнасьцю складу злачынства».

Пазьней Шчадрову ўдалося зарэгістравацца — фармальна заснаваць прыватную сацыяльна-прафіляктычную ўстанову «Павер у сябе». У прытулку па-ранейшаму моляцца. Кожную нядзелю з суседняе вёскі прыяжджае сьвятар і адпраўляе службу.

Брат Фаўстын, памочнік і сябра Шчадрова, у кухні, дзе гатуецца ежа для бяздомных



Але рэгістрацыя ня вырашыла ўсіх праблемаў. Аляксей Шчадроў хоча дапамогі ад уладаў і мясцовага духавенства, бо трэба знайсьці больш прыдатнае для жыльля памяшканьне. Пакуль безвынікова. Прытулак па-ранейшаму месьціцца ў трох закінутых вясковых хатах.

Аляксандраўка — невялічкая вёсачка з вузенькай дарогай, хаты адна пры адной, але пераважна пустыя. Напрыканцы вёскі насустрач бягуць козы, у двары аднаго з дамоў гуляе сабака, на падворку скульптурка сьвятой... Тут і месьціцца прытулак для бяздомных і былых алькаголікаў.

Your browser doesn’t support HTML5

Прыватны прытулак просіць уладу хаця б не замінаць



За два гады ў прытулку пажылі больш за 90 чалавек. Яшчэ летась зімой у 4 дамах прытулку жыло 27 чалавек, а цяпер толькі дзевяць, кажа Аляксей Шчадроў:

«Цяпер у нас 9 чалавек. Людзі з вуліцы, усімі пакінутыя, бадзягі, якія валяюцца на вуліцы і нікому не патрэбныя, інваліды, паралізаваныя, калекі. Да іх ніхто не падыходзіць, бо яны брудныя, з вошамі, хворыя і заразныя».

Шчадроў праводзіць па невялічкіх пакойчыках, паказвае, дзе жывуць жанчыны, дзе моляцца і там жа сьпяць на матрацах, разасланых на падлозе.

Вось невялічкая сталоўка, дзе гатуецца ежа. Сюды самі падвялі ваду, зрабілі лазенку, ёсьць нават парылка. Але печы — старэнькія, вокны — малыя, трэба мяняць падлогу... Умовы жыцьця — як у пазамінулым стагодзьдзі.

Лазенка ў прыватным прытулку для бяздомных



А вось пакой, дзе жывуць бяздомныя. Пяць чалавек ляжачых, але яны ўжо не выглядаюць бруднымі і заразнымі. Нехта чытае, нехта глядзіць тэлевізар, іншыя размаўляюць... Ігар Яўсееў — без аднае нагі. Кажа, што лёс свой шмат у чым вызначыў сам, але ніколі ня думаў, што адвернуцца ад яго ня толькі блізкія, але і дзяржава.

Ігар Яўсееў, бяздомны інвалід без нагі



Яўсееў: «Я быў распрацоўшчыкам ядзернай зброі і прымаў удзел у яе выпрабаваньнях у Сяміпалацінску. Быў таксама ў Аўгане і там выпрабоўваў новае ўзбраеньне. А мае родныя папросту зьбеглі і ўсё пазабіралі».

Карэспандэнт: «А тут як вам жывецца?»

Яўсееў: «А тут добрыя хлопцы, яны нам вельмі дапамагаюць. Мы ж нікому не патрэбныя: ні дзяржаве, нікому. Так, я і іншыя аддалі сваё здароўе нашай дзяржаве, працавалі. А здарылася бяда з намі — і мы адразу сталі непатрэбнымі. Атрымліваецца, што толькі гэтыя людзі намі апякуюцца».

Валер Варановіч — былы будаўнік, праз гарэлку таксама страціў сям’ю і жыльлё. Таксама кажа, што крыўдна ў жыцьці застацца нікому не патрэбным:

«Такое ня можа прысьніцца нават у страшным сьне, бо ўсё некалі было: і сям’я, і кватэра, і машына, і вышэйшая адукацыя. Магчыма, і я шмат у чым вінаваты...»

Валер Варановіч



Спадар Варановіч кажа пра свае жыцьцёвыя высновы:

Варановіч: «Трэба трымацца за жыцьцё да апошняга, не апускаць рукі, вось і ўсё...»

Аляксей Шчадроў кажа, што стаўленьне да бадзягаў і бяздомных у беларускім грамадзтве нэгатыўнае, людзі не ўспрымаюць іх як роўных. Каб не добраахвотныя арганізацыі, сьвятары і іхняя помач, то ўтрымаць такі прытулак наўрад ці ўдалося б. Дзяржаўныя структуры не рэагуюць на просьбы палепшыць умовы жыльля для бяздомных:

«Да Новага году 4 разы прыяжджалі, глядзелі, якія тут людзі і колькі. Як у нас тут 10 чалавек, то яшчэ нічога. А калі б я сказаў, што будзе 20, то яны будуць езьдзіць штодня, бо баяцца, калі шмат людзей. Іх гэта вельмі палохае. Кажуць, каб я выяжджаў са Шчучынскага раёну. Вось такая ў чыноўнікаў пазыцыя».

У пакоі для ляжачых бяздомных