Ян Максімюк пра шаблёны шэдэўраў

Christopher Booker, «The Seven Basic Plots: Why We Tell Stories», 2004.

Чаму некаторыя гісторыі помняцца чалавецтвам цягам стагодзьдзяў, калі не тысячагодзьдзяў, а іншыя забываюцца адразу пасьля таго, як мы іх пачуем або прачытаем? Чаму ўся сусьветная літаратура — гэта наогул акіян макулятуры, у якім толькі зрэдзьчасу прабліскваюць пэрліны шэдэўраў? Ці існуе нешта агульнае, што адрозьнівае літаратурныя шэдэўры ад астатняй літаратурнай вытворчасьці? Інакш кажучы, ці можна навучыцца пісаць шэдэўры? Вось пытаньні, якія хвалявалі шмат каго з чытачоў і аўтараў. Ніжэй я хачу прадставіць два меркаваньні на гэты конт...

Гісторый усяго чатыры (cuatro son las historias) — напісаў Хорхэ Луіс Борхэс у сваім тэксьце «Чатыры цыклы» з 1972 году. Гэтую фразу сёньня ведае, мабыць, кожны... Але мала хто, відаць, помніць, якія фундамэнтальныя гісторыі меў на ўвазе аргентынскі пісьменьнік. І наўрад ці каму-небудзь хацелася ўсур’ёз правяраць, колькі ўсіх гісторый насамрэч — чатыры ці, можа, болей? Усе паверылі Борхэсу на слова...

Ды ўсё ж знайшоўся адзін чалавек, якому такая думка ня толькі прыйшла ў галаву, але і засела там на вельмі працяглы час — ён не пашкадаваў болей за 30 гадоў свайго жыцьця, каб праверыць гэтую борхэсаўскую гіпотэзу і прыйсьці да ўласнай высновы, што гісторый усяго сем. Гэта быў Крыстафэр Букер, брытанскі журналіст і аўтар. Вынікі свайго болей чым трыццацігадовага досьледу ён апублікаваў у 2004 годзе ў кнізе пад загалоўкам «Сем асноўных сюжэтаў, або Чаму мы распавядаем гісторыі». Кніга ў тым выданьні, якое я маю ў сваёй хатняй бібліятэцы, налічвае больш за 700 старонак вялікага фармату, надрукаваных даволі дробным шрыфтам.

Спачатку пра чатыры архетыпныя гісторыі паводле Борхэса, ягонымі словамі:

Хорхэ Луіс Борхэс

1. «Самая старажытная — пра ўмацаваны горад, які атакуюць і абараняюць героі. Абаронцы ведаюць, што горад асуджаны на пагібель ад мяча і агню і што змаганьне дарэмнае; найбольш славуты з заваёўнікаў, Ахіл, ведае, што яму суджана загінуць яшчэ да перамогі...»

2. «Другая, зьвязаная зь першай — пра вяртаньне. Пра Ўліса, які пасьля дзесяці гадоў блуканьня па небясьпечных морах і побыту на зачараваных астравах вярнуўся ў сваю Ітаку...»

3. «Трэцяя гісторыя — пра пошук. Можна яе разглядаць як варыянт папярэдняй. Гэта Ясон і пошук Залатога руна...»

4. «Апошняя гісторыя — пра самаахвяраваньне бога. Аціс у Фрыгіі калечыць і забівае сябе; Одын складае ахвяру Одыну, самому сабе, дзевяць дзён вісячы на дрэве, прыбіты дзідай; Хрыста раскрыжоўваюць рымляне...»

Борхэс пад канец свайго тэксту памерам на паўтары старонкі паўтарае тое, што сказаў на пачатку: «Гісторый усяго чатыры. І ўвесь гэты час, які нам застаўся, мы будзем пераказваць іх — у тым або іншым выглядзе (у арыгінале: transformadas)».

Клясыфікацыя вартых увагі гісторый у Крыстафэра Букера да пэўнай ступені паўтарае вызначэньні Борхэса, але адначасова значна іх мадыфікуе і пашырае.

Паводле брытанскага аўтара, усе гісторыі, зь якімі чалавеку варта пазнаёміцца, падпадаюць пад адну зь сямі наступных катэгорый:

Крыстафэр Букер

1. Перамога над пачварай (overcoming the monster). Галоўная сюжэтная лінія: герой мусіць зваяваць нейкую варожую сілу, якая пагражае яму або ягонаму народу. Прыклады: грэцкія міты пра Пэрсэя і Тэзэя, «Бэавульф», «Дракула», «Сем самураяў»...

2. З гразі ў князі (rags to riches). Бедны герой становіцца багатым і моцным, потым траціць свае багацьце і моц празь неразважныя паводзіны і спакваля вяртае іх назад, дасьпяваючы як асоба. Прыклады: «Папялушка», «Аладзін», «Дэвід Копэрфілд»...

3. Пошук (the quest). Герой вырушае на пошук нейкай рэчы або месца, перажываючы безьліч выпрабаваньняў на сваім шляху. Прыклады: «Адысэя», «Валадар пярсьцёнкаў», «Індыяна Джонс: У пошуках страчанага каўчэга»...

4. Падарожжа і вяртаньне (voyage and return). Герой адбывае падарожжа ў нязьведаную краіну і вяртаецца дадому, хутчэй з духовым досьведам, чым нейкімі матэрыяльнымі набыткамі. Прыклады: міт пра Арфэя, «Алеся ў дзівоснай краіне», «Зьнесеныя ветрам»...

5. Камэдыя (comedy). Героі наогул павінны закахацца адно ў аднаго, але на працягу амаль усёй гісторыі нешта ім замінае гэта зрабіць, і справа набывае шчасьлівы паварот толькі пад самы канец гісторыі. Прыклады: «Сон у купальскую ноч», «Вайна і мір», «Чатыры вясельлі і пахаваньне»...

6. Трагедыя (tragedy). Галоўны герой — глыбока нешчасьлівая постаць (часам станоўчая, часам нікчэмная і цынічная), і яе сьмерць пад канец гісторыі зьяўляецца адзінай лягічнай разьвязкай. Прыклады: «Макбэт», «Анна Карэніна», «Партрэт Дорыяна Грэя»...

7. Адраджэньне (rebirth). Галоўным героем зьяўляецца злыдзень або нейкі іншы непрыемны пэрсанаж, які зьмяняецца да лепшага на працягу гісторыі. Прыклады: «Прыгажуня і пачвара», «Калядны харал», «Злачынства і пакараньне»...

Кніга Букера пасьля свайго зьяўленьня выклікала моцна супярэчлівыя ацэнкі. Незадаволеныя ёю зазначалі тое, што Букер крытыкуе, прыкладам, Пруста, Джойса і Кафку — бо сюжэты іхных твораў ня надта ўкладваюцца ў тыя асноўныя фабулярныя шаблёны, якія ён ідэнтыфікаваў у сваім досьледзе — ды хваліць усялякую галівудзкую лухту, якая адпавядае ягонай клясыфікацыі. А задаволеныя кнігай падкрэсьлівалі, што Букер знайшоў вельмі цікавую і нечаканую пэрспэктыву, у якой бліскуча ахарактарызаваў увесь сусьветны літаратурны працэс.

Я належу да тых задаволеных кнігай «Сем асноўных сюжэтаў, або Чаму мы распавядаем гісторыі». Але наконт паўнаты сусьветнага літаратурнага працэсу ў Букера мушу зрабіць адно істотнае ўдакладненьне — брытанскі аўтар разглядае гісторыі «заходняга канону», значыць, наогул заходнеэўрапейскую (і амэрыканскую) традыцыю ды толькі некаторыя рэчы, якія прыйшлі зь іншых традыцый, прафільтраваныя заходнеэўрапейскім успрыманьнем. З усходнеэўрапейскай традыцыі яму вядомыя, як здаецца, толькі творы клясычнай расейскай літаратуры ХІХ стагодзьдзя. Ніякай іншай літаратурнай Усходняй або Сярэдняй Эўропы ў яго няма...

А было б несумненна цікава, каб ён паспрабаваў неяк клясыфікаваць дасягненьні беларускай савецкай і постсавецкай літаратуры, праўда? Вось куды, напрыклад, трэба было б, паводле Букера, залічыць гісторыю, распаведзеную ў «Новай зямлі» Якуба Коласа? Або «Міколку-паравоза» Міхася Лынькова? Або «Сфагнум» Віктара Марціновіча? Я, праўду кажучы, ня маю тут адназначных адказаў...

Але некаторыя беларускія гісторыі мне ўсё ж удалося клясыфікаваць паводле Букера. Напрыклад, «Дзікае паляваньне караля Стаха» Ўладзімера Караткевіча — гэта, несумненна, першая катэгорыя: «перамога над пачварай». А «Палескія рабінзоны» Янкі Маўра — гэта «падарожжа і вяртаньне»...

А вось «Жоўты пясочак» Васіля Быкава? Гэтая гісторыя, як мне здаецца, ня лезе ні ў які шаблён сярод тых, што апісаў Крыстафэр Букер... А яна ж — гісторыя ажно да болю беларуская, у якой кожны беларус распазнае нешта несумненна сваё, так бы мовіць, архетыпна беларускае... Дык вартая яна таго, каб яе помніць, ці не?

Сказаць, што Крыстафэр Букер адкрыў нейкі закон літаратуразнаўства, паводле якога можна падзяляць літаратуру на вартую ўвагі і нікчэмную або на шэдэўральную і графаманскую — я не магу. Але з другога боку — ягоны аналіз дзясяткаў і сотняў менш і больш вядомых гісторый сусьветнай культуры ды вычляненьне агульных сюжэтных элемэнтаў у іх зьяўляецца нечым сапраўды вартым увагі. Прынамсі для тых, хто хоча пісаць пра беларускую літаратуру ў сусьветным кантэксьце, я рэкамэндую кніжку Крыстафэра Букера як абавязковае чытаньне.