Героі і ахвяры Першай усясьветнай вайны паўстануць у «мёртвым горадзе»

Тэматычныя скульптуры мэмарыялу ўжо адлітыя і некалькі гадоў чакаюць свайго часу на тэрыторыі смаргонскага аўтапарку

Сёлета ў жніўні споўніцца 100 гадоў ад пачатку Першай усясветнай вайны. Да гэтай гадавіны ў Смаргоні, якая больш за 800 дзён была цэнтрам пазыцыйнага супрацьстаяньня на германа-расейскім фронце, заплянаванае адкрыцьцё пампэзнага мэмарыялу ў памяць пра герояў і ахвяраў тых трагічных падзеяў.
Мяркуецца, што ў адмыслова закладзеным парку Перамогі будуць усталяваныя капліца, скульптурныя кампазыцыі, сьцяна памяці, гранітныя і бронзавыя знакі. Аднак на маштабную задуму бракуе сродкаў, што ставіць яе своечасовую рэалізацыю пад пытаньне.

Мэмарыяльны комплекс у Смаргоні маецца стаць адным з самым буйных у Эўропе. На задуму аўтараў праекту, у асноўную частку будуць уключаныя алея, скульптуры салдата і бежанца, камень з тэкстам звароту да нашчадкаў і г. д. Бронзавыя скульптуры «Крылаты геній салдацкай славы», «Салдаты Першай усясьветнай», «Бежанцы», «Праклён вайне» ўжо адлітыя і некалькі гадоў чакаюць свайго часу на тэрыторыі смаргонскага аўтапарку № 17. Пакуль няма пастамэнтаў, якія нададуць помнікам велічнасьці — гэтак, вышыня асноўнай скульптуры «Крылаты геній салдацкай славы», узьнятай на каменную глыбу, перавысіць 12 мэтраў.

Яшчэ адна частка кампазыцыі разьмесьціцца на заходніх рубяжах гораду, дзе захаваліся паўтара дзясятка нямецкіх бэтонных дотаў. На выезьдзе ў кірунку мястэчка Солы, дзе ў 1918 годзе было падпісанае ваеннае перамір’е, дамінантай стане скульптура бронзавага салдата, які ўваткнуў штык у зямлю і прасьцірае рукі да неба. Апроч таго, на гарадзкіх вуліцах будуць усталяваныя памятныя знакі, прысьвечаныя падзеям векавой даўніны.

Уладзімер Лігута

Дасьледчык Першай усясьветнай вайны, аўтар некалькіх дакумэнтальных кнігаў пра тагачасныя падзеі Ўладзімер Лігута гаворыць пра важнасьць звароту да тэмы, якая заўсёды заставалася ў цені:

«Тая вайна дагэтуль застаецца за кадрам. Спытайце любога студэнта, я ўжо не кажу пра школьніка: як увогуле называлася ўсё, што тут было? Ніхто толкам не скажа. Можа, нехта і згадае пра заходні фронт, не выключаю. А ўжо колькі армій, дзе стаялі, дзе былі штабы ды камандзіры — пагадзіцеся, у нас пра гэта нават не гавораць. Вось і Смаргонь трапіла ў тую ж сытуацыю. Я сустракаў нават у сучасных гістарычных дапаможніках, дзе ў пераліку пунктаў, акупаваных немцамі, пералічваюцца Ліда, Наваградак, Горадня, Берасьце... І Смаргонь. Ну, пачакайце, як жа акупаваная? Як грамадзянін я хаджу па горадзе і ў мяне адразу выклікае сумнеў такое сьцьвярджэньне. Я бачу нямецкія кулямётныя і артылерыйскія доты. Дзе? На захадзе. Значыць, як жа яны акупавалі, калі трымалі там доты? Куды ж яны тады стралялі? Калі паставілі кулямётны дот, напэўна, не далей як у кілямэтры мусіць быць праціўнік? Інакш бессэнсоўна атрымліваецца, бо ты ж нікуды не патрапіш. То бок, вораг знаходзіцца ў горадзе, на заходняй ускраіне. Проста ад жыцьця сыходжу, ня трэба нават нейкіх схемаў шукаць. А калі яшчэ прыяжджаеш у архіў і на ўласныя вочы бачыш схемы, якіх там поўна, пачынаючы ад намаляваных алоўкам — дзе і як разьмяшчаліся роты, батальёны, палкі і г. д. — то ўсё становіцца на свае месцы. Ды божа, куча ўсялякіх сьведчаньняў».

Праз год пасьля пачатку Першай усясьветнай вайны Смаргонь была падзеленая лініяй нямецка-расейскага фронту і стала адзіным месцам на ваеннай мапе таго часу, дзе змаганьне за стратэгічны пункт ішло больш за два гады — ад верасьня 1915 году да лютага 1918-га. За 810 дзён ад артабстрэлаў і газавых атакаў тут загінулі дзясяткі тысяч салдатаў і афіцэраў дзьвюх варагуючых армій, а 16-тысячны горад быў амаль цалкам выцерты з твару зямлі. Тагачасныя журналісты называлі Смаргонь няйначай як «мёртвы горад». Паводле гістарычных зьвестак, пасьля заканчэньня вайны на руіны вярнуліся меней за паўтары сотні жыхароў, многія смаргонцы назаўсёды засталіся ў эвакуацыі ў Сібіры.

Калі на Захадзе памяць удзельнікаў і ахвяраў Першай усясьветнай вайны даўно і разнастайна ўшанаваная, то пасьля бальшавіцкага перавароту 1917 году савецкая гістарыяграфія ўпарта ігнаравала тыя падзеі: паколькі вайна клясыфікавалася як «імпэрыялістычная», няхай, маўляў, усё і застанецца на сумленьні імпэрыялістаў. Такі падыход да нядаўняга часу быў характэрны і для беларускай навукі — нягледзячы на тое, як удакладняе Ўладзімер Лігута, што ахвярамі супрацьстаяньня сталі тысячы мірных грамадзянаў, а ў расейскую армію масава мабілізоўваліся беларусы:

Адзін дотаў пад Смаргоньню

«Мала хто ведае, што ў гады Першай усясьветнай вайны беларусы займалі не апошняе месца ў вайсковых злучэньнях. Пакуль вайна толькі коціцца да Беларусі, але на самой справе яна ўжо ідзе цэлы год, ад лета 1914-га. І, напрыклад, адрозна ад Вялікай айчыннай, у Першую ўсясьветную мабілізацыю правялі абсалютна спакойна. Не было балючых удараў, калі ўсё зьнянацку, гвалтам і г. д. У Расейскай імпэрыі яшчэ ў 1905 годзе была праведзеная рэформа, падчас якой расейцы дакладна вызначыліся адносна тэрмінаў службы ды іншых важных пытаньняў. Напрыклад, як аказалася, служба ў пяхоце на той час, ад 1905-га, складала ўсяго тры гады. Зразумела, што многія да 1914 году ўжо завяршылі сапраўдную тэрміновую службу. Але ўсё насельніцтва да 43 гадоў па ўзросьце, якое ўжо адслужыла, цягам трох дзён мусіла прыбыць на прызыўныя пункты і быць прызванае. Што і было зроблена. Усе астатнія, хто да 43 гадоў і не служыў, але мог служыць паводле стану здароўя ці зь іншых прычынаў не было ніякіх адтэрміновак, іх прызвалі ў дзяржаўнае апалчэньне. Вось пра гэта мы зусім мала ведаем. Мы часьцяком гаворым, што вайна тая, магчыма, не зусім і нашая. Нічога падобнага: усе мужыкі, груба кажучы, у арміі. У тым ліку і апалчэнцы. І апалчэнцаў было нямала. Прыкладам, толькі Менск даў 20 апалчэнскіх дружынаў, таксама і ўсе буйныя гарады — Віцебск, Вільня ды іншыя».

Улічваючы асаблівую значнасьць ролі Смаргоні ў часе Першай усясьветнай вайны, менавіта тут вырашана закласьці Парк перамогі ў гонар герояў і ахвяраў тых падзеяў. Аднак ступень гатовасьці пляцоўкі дае засумнявацца, што да 100-гадовага юбілею амбітныя пляны будуць рэалізаваныя. Пакуль тут зробленая толькі прасека пад паўкілямэтровую галоўную алею, а таксама падрыхтаваныя адвалы пад усталяваньне валуноў з мэмарыяльнымі плітамі.

Пляцоўка будучага парку Перамогі


Для абсталяваньня падыходаў і пад’ездаў да мэмарыялу, на будаўніцтва капліцы, сьцяны памяці, мапы сьвету і ваенных змаганьняў патрабуецца амаль 30 мільярдаў рублёў. У дзяржаўнай скарбонцы такія выдаткі не прадугледжаныя, і ўсе позіркі цяпер на бюджэт так званай саюзнай дзяржавы, адкуль ужо выдзелена амаль 2 мільярды рублёў на стварэньне скульптураў.

Зрэшты, некаторыя адмыслоўцы выказалі сваё нэгатыўнае стаўленьне да смаргонскай гігантаманіі. Асобныя гісторыкі лічаць, што стварэньне абязьлічанага пампэзнага комплексу прыпыніць працы на ўшанаванне канкрэтных удзельнікаў той вайны. У Беларусі дагэтуль адсутнічае сыстэматызаваная база дадзеных адносна ахвяраў кожнага з бакоў, дзясяткі брацкіх магілаў зьнішчаныя ці застаюцца няўлічанымі. Асабліва гэта тычыцца нямецкіх пахаваньняў, якія без шкадаваньня руйнаваліся на загад савецкіх партыйных органаў.