Чаму чэхі баяцца пераходзіць на эўра?

Новыя латвійскія эўра

Чэская Рэспубліка ў гэтым годзе не называе афіцыйную дату, калі краіна павінна прыняць эўра ў якасьці нацыянальнай валюты. Чэскі нацыянальны банк разам зь Міністэрствам фінансаў ЧР раяць пакуль не вызначацца з датай прыняцьця эўра.

Калі Чэская Рэспубліка ўступала ў Эўразьвяз, яна абавязалася рабіць патрэбныя крокі, каб як мага хутчэй падрыхтаваць сябе да ўступу ў эўразону. Аднак вызначэньне даты знаходзіцца ў кампэтэнцыі дзяржавы-сябра ЭЗ.

Прага зімой

Экспэрты сьцьвярджаюць, што Чэская Рэспубліка будзе гатовая да прыняцьця эўра не раней за 2019 ці 2020 год. Што тычыцца фармальных крытэраў для прыняцьця эўра (т. зв. Маастрыхцкія крытэры), Чэская Рэспубліка набліжаецца да стану, калі будзе выконваць усе крытэры, за выключэньнем курсавага, паведамляецца ў справаздачы. У сучаснасьці Чэхія выконвае крытэр стабільнасьці коштаў і крытэр канвэргенцыі працэнтных ставак.

Паводле эканамічных аналітыкаў, рашэньне Чэхіі не абмяжоўваць сябе канкрэтнай датай адпавядае як рэальнай эканамічнай сытуацыі, так і пануючаму ў краіне настрою. Улічваючы праблемы эўразоны, недаверлівае стаўленьне да эўра з боку ураду Пэтра Нэчаса, а таксама эўраскептычны настрой папярэдняга чэскага прэзыдэнта Вацлава Клаўса, эўра сёньня не карыстаецца асабліва вялікай папулярнасьцю сярод чэскіх грамадзянаў.

Як піша сайт Novinky.cz, для 70% чэхаў агульная валюта ўяўляе сабой, хутчэй, нейкую пагрозу і зьяўляецца своеасаблівым сымбалем эканамічных праблемаў. Пазытыўна эўра ўспрымаюць людзі багацейшыя, а таксама тыя, хто мае вышэйшую адукацыю. Людзей менш адукаваных бянтэжыць перадусім тое, што пераход на эўра прывядзе да павышэньня коштаў. Тым ня менш, вялікая колькасьць чэскіх фірмаў ужо гандлюе ў эўра, у тым ліку паміж сабой.

Латвія ў першы дзень пасьля пераходу на эўра, 1 студзеня 2014

Падобныя настроі можна назіраць і ў Латвіі, якая нядаўна перайшла на эўра і стала, такім чынам, 18-м сябрам эўразоны. Латышы ня вельмі радасныя наконт новай валюты. Нягледзячы на масавую кампанію ўраду, большасьць зь іх па-ранейшаму ставіцца да эўра нэгатыўна. Апошнія апытаньні грамадзкай думкі паказалі, што эўра падтрымлівае ня больш за 40% насельніцтва. Урад Латвіі, аднак, перакананы, што эўра карыснае для краіны:

«Мы верым эўра, мы верым Эўропе. Прыняцьце эўра мусіць умацаваць давер да валютнай стабільнасьці Латвіі», — заяўляў яшчэ ў ліпені прэм’ер-міністар Латвіі Валдзіс Дамброўскіс. Паводле выданьня Financial Times, пераход на эўра павінен паслужыць Латвіі таксама абаронай ад ціску з боку Расеі. Міністар фінансаў Андрыс Вілкс у гэтай сувязі згадаў сытуацыю ва Ўкраіне, якая ў апошні момант адмовілася падпісаць дамову аб Асацыяцыі з Эўразьвязам і аддала перавагу больш вузкай супрацы з Расеяй, што выклікала масавыя пратэсты.