Падчас сьвятаў Расея перавяла 440$ млн крэдыту. У дзяржавы катастрафічна не хапае грошай, — экспэрт

Ілюстрацыйнае фота

Паводле Нацыянальнага банку краіны, золатавалютныя рэзэрвы Беларусі ў сьнежні 2013 вырасьлі на 192,2 мільёны і дасягнулі 6,65 мільярды даляраў.

У той жа час агулам за год яны скараціліся на 1,44 мільярды. Нацбанк тлумачыць павелічэньне золатавалютных рэзэрваў разьмяшчэньнем валютных аблігацый на ўнутраным рынку краіны, а таксама паступленьнем першай часткі крэдыту ад Расіі.

Паводле старшыні Нацбанку Надзеі Ермаковай, гаворка вядзецца пра першую частку двухмільярднага крэдыту, выдача якога была заплянавана на 2014 год.

Як піша Наша Ніва, першыя 440 мільёнаў даляраў прыйшлі ў Беларусь 31 сьнежня 2013 году, хоць грошы былі выдзеленыя з расейскага бюджэту на 2014 год. Паступленьне рэшты крэдыту чакаецца ў сярэдзіне гэтага года.

Эканаміст Леанід Злотнікаў пракамэнтаваў Радыё Свабода:

«Людзі гуляюцца зь лічбамі. Яны не гуляюцца з той лічбай, што нам сёлета трэба выплаціць 4 мільярды даляраў на абслугоўваньне запазычанасьці. Яны гуляюцца зь лічбамі пра аблігацыі, а што такое аблігацыя? Аблігацыя — гэта, па-сутнасьці пазыка. Дзяржава пазычае грошы ў людзей і абяцае з прыбыткам іх вярнуць.

Гэта азначае, што ў дзяржавы катастрафічна не хапае грошай. У сваю чаргу Расея мае свае абсалютна цьвярозыя вайсковыя пляны. Паводле гэтых плянаў, яна разьмяшчае тут свае вайсковыя базы, ужо прыляцелі расейскія самалёты і гэтак далей. Расея пераўтварае Беларусь у аб’ект бамбардаваньня на выпадак ваеннага канфлікту. Вось за гэта яны і плацяць нашаму кіраўніцтву».