Ксенія Салдатава: Знайсьці свой твар Менску дапаможа мова

Ілюстрацыйнае фота

Радыё Свабода публікуе анкеты, у якіх нашы чытачы распавядаюць, як прыйшлі да беларускай мовы, і што яна значыць у іх жыцьці. Дасылайце вашы адказы!
Анкета «Жывая мова»

1. Чаму і як вы пачалі гаварыць па-беларуску?
2. Дзе і як вы карыстаецеся мовай?
3. Як мова дапамагла вам ў працы, жыцьцёвых сытуацыях?
4. Якія цяжкасьці стварыла?
5. Што б вы параілі «Свабодзе»?




1. Я пачала ўвесь час размаўляць па-беларуску з 2010. Тры падзеі зрабілі моцны ўплыў на мае рашэньне:

– экскурсія па Беларусі з «Краінай Замкаў», з Алесем Варыкішам. Дарэчы, гэты чалавек варты вашае ўвагі:)

– вандроўка ў Львоў. Хаця да гэтага я была там шмат-шмат разоў (у тых мясьцінах, у горадзе Стрый жыла калісьці мая бабуля). Я закахалася ў гэты горад зь першага разу і па гэты час ён застаецца маім улюбёным горадам – бо мае свой унікальны твар, свой моцны характар. Мне заўсёды хацелася, каб мой родны Менск хоць трошачкі быў у гэтым падобны на Львоў. Мне падавалася, што знайсьці свой твар, сваю прыцягальнасьць дапаможа мова.

– 19 сьнежня 2010. Адзіным супрацівам для мяне зрабілася мова.

2. Я карыстаюся мовай усюды – у крамах, у мэдычных, дзяржаўных установах.
Акрамя працы. Я працую ў IT кампаніі. Калі я пачала размаўляць па-беларуску, я са зьдзіўленьнем зразумела, як шмат зьявілася тут расейцаў – дзяцей колішніх вайскоўцаў, уцекачоў з гарачых кропак колішняга Савецкага Саюзу і г. д. І сярод іх шмат тых, хто вельмі варожа ставіцца да беларускай мовы, да незалежнасьці Беларусі, да беларускай гісторыі. Хаця ёсьць і такія, якія горача падтрымліваюць. Таму цяпер я стараюся пашыраць ўжываньне мовы і на працы.

3. Не магу ўспомніць такіх выпадкаў:) Адзінае, што бывала, што людзі вельмі горача пачыналі рэагаваць на беларускую мову, з удзячнасьцю. Гэта натхняла.

4. Прыйшлося разарваць стасункі з 3 чалавекамі:) Яны катэгарычна былі супраць камунікацыі (нават толькі з майго боку) на беларускай мове. Накшталт таго «Разговарівай на понятном нам обоім языке». Я не шкадую аб гэтых стасунках.

5. Мне падабаецца, што «Свабода» часьцяком уздымае нязручныя і сьлізкія
пытаньні, а таксама пытаньні, якія хвалююць шмат каго, але аб гэтым
пішуць толькі на форумах. Напрыклад, артыкул Вячаслава Ракіцкага
«Саўковае падарожжа». Але хацелася б больш такіх тэмаў.

А ўвогуле вялікі дзякуй, што вы ёсьць!